Кароткая даведка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, удзельнік Лівонскай вайны 1558–1583 гг.
Варыянты імя:
Алелька Юрый; Слуцкі Юрый
Імёны на іншых мовах:
Олелька Юрий (руская); Олелькович Юрий (руская);
2794 сімвалы
Даведка
На беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) удзельныя княствы выконвалі вельмі значную ролю. Палітычнае саперніцтва паміж іх уладарамі з аднаго боку выклікала міжусобіцы і канфлікты, а з другога – спрыяла развіццю культуры, адукацыі і асветы. Слуцкі князь Юрый Юр'евіч Алелькавіч увасабляў абодва гэтыя бакі: быў палкаводцам, палітыкам, мецэнатам, апекуном праваслаўнай царквы, збіральнікам рукапісаў і старажытных кніг. Нарадзіўся ён у магнацкай сям’і князя Юрыя Сямёнавіча Алелькавіча, продкі якога з’яўляліся прадстаўнікамі славутай дынастыі Гедымінавічаў. Маці паходзіла са знакамітага рода Радзівілаў. Юрый Алелькавіч атрымаў выдатнае выхаванне ў польскага педагога Эразма Глігнера. У 1545 г. памёр бацька, і адзінаццацігадоваму хлопчыку дасталося не толькі Слуцкае княства, але і розныя маёнткі ў іншых паветах ВКЛ. Пасля смерці маці ў 1546 г. малады князь апекаваўся яе малодшым братам.
Юрый Алелькавіч быў адным з самых багатых магнатаў ВКЛ. Аб гэтым сведчыць колькасць коннікаў і жаўнераў, якіх ён выстаўляў у час войнаў. Князь удзельнічаў у Лівонскай (Інфлянцкай) вайне 1558–1583 гг., у 1564 і 1567 гг. ваяваў на чале ўласных атрадаў у Лівоніі. Яго войска складалася з ваенных людзей, шляхты і путных баяр, якія атрымлівалі ад Ю. Алелькавіча маёнткі з правам абавязковай службы. Слуцкі князь прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці княства. Як нашчадак Альгерда ён займаў трывалае месца ў складзе паноў Рады ВКЛ і меў уласную пячатку. Пасля Люблінскай уніі 1569 г. ён згубіў месца ў Радзе і адышоў ад палітыкі. У гэты час праславіўся тым, што ўласнаручна перапісаў Евангелле. Да канца жыцця князь заставаўся патронам і апекуном праваслаўнай царквы.
Юрый Алелькавіч з’яўляўся і мецэнатам. Пры яго двары была адкрыта школа, дзе навучаліся дзеці шляхты і духавенства, існавала багатая бібліятэка, якой карысталіся тагачасныя аўтары пры напісанні сваіх твораў. Так, у 1576–1578 гг. у Ю. Алелькавіча гасціў польскі гісторык і паэт М. Стрыйкоўскі. На аснове кніг, рукапісаў і летапісаў, што захоўваліся ў бібліятэцы, ён пісаў сваю знакамітую “Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі”, якая выйшла з друку ў 1582 г. і стала першай друкаванай гісторыяй ВКЛ.
У 1558 г. Ю. Алелькавіч ажаніўся з Кацярынай Тэнчынскай, дачкой кракаўскага ваяводы. Яна нарадзіла слуцкаму князю траіх сыноў, на якіх і скончыўся род Алелькавічаў у мужчынскім пакаленні. У старэйшага з сыноў, Юрыя Юр'евіча, засталася дачка Соф'я, вядомая цяпер як святая Беларускай праваслаўнай царквы.
Памёр Юрый Юр'евіч Алелькавіч 9 лістапада 1578 г. у Слуцку. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Ён быў апошнім з князёў, які змагаўся за захаванне ўдзельных княстваў у ВКЛ, выступаў апекуном і абаронцам праваслаўнай веры ў Рэчы Паспалітай.