Дата нараджэння:
10 ці 23 лютага 1911 г. Васькавічы, в., Віцебскі раён
Дата смерці:
25 ці 26 ліпеня 1941 Фінляндыя
Кароткая даведка:
лётчык, удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг., Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1941), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, медалямі, імем Героя названа вуліца ў Санкт-Пецярбургу
Імёны на іншых мовах:
Антоненко Алексей Касьянович (руская);
3578 сімвалаў
Даведка
Аляксей Антоненка нарадзіўся 23 лютага 1911 г. у вёсцы Васькавічы Віцебскага раёна ў сям’і чыгуначнага рабочага. Рана страціўшы маці і бацьку, выхоўваўся ў дзіцячым доме. У 1925 годзе пераехаў у горад Дно Пскоўскай вобласці. Пасля заканчэння школы фабрычна-завадскога вучнёўства працаваў слесарам чыгуначнага дэпо, пасля – памочнікам машыніста паравоза. У 1931 г. скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу лётчыкаў, у 1932 г. – Ейскую ваенную школу марскіх лётчыкаў, і як аднаго з лепшых выпускнікоў гэтай авіяшколы яго пакінулі ў ёй інструктарам, пазней стаў камандзірам звяна.
Напярэдадні вайны наш зямляк атрымаў прызначэнне на Балтыйскі флот і хутка заваяваў аўтарытэт сярод лётнага складу Ваенна-паветраных сіл флота. “Наш балтыйскі Чкалаў” – так называлі яго ў лётным асяроддзі за высокую тэхніку пілатавання і трапную стральбу па мішэнях.
У жніўні–верасні 1939 года ўдзельнічаў у баявых дзеяннях з японскімі захопнікамі на рацэ Халхін-Гол, куды быў адкамандзіраваны ў якасці начальніка штаба асаблівай авіягрупы. Выканаў там 17 баявых вылетаў і ў 2 паветраных баях у складзе групы збіў 2 японскія самалёты (у некаторых крыніцах сустракаецца інфармацыя аб 6 групавых перамогах А.К. Антоненкі). У лістападзе 1939 года вярнуўся з Манголіі ў свой полк.
Зімой 1939–1940 гадоў удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, дзе здзейсніў 29 баявых вылетаў і збіў 1 фінскі знішчальнік. За баявыя поспехі ў гэтых ваенных кампаніях Аляксей Антоненка быў узнагароджаны медалём “За адвагу” і ордэнам Леніна.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксей Антоненка ўжо меў дастатковы баявы вопыт. Авіяцыйная эскадрылля 13-га знішчальнага авіяцыйнага палка Балтыйскага флоту, у якой капітан Антоненка быў намеснікам камандзіра, з першага дня вайны абараняла савецкую ваенна-марскую базу на паўвостраве Ханка (Фінляндыя), выконвала таксама задачы па разведцы тэрыторыі Фінляндыі, якая была саюзнікам гітлераўскай Германіі і ваявала супраць Савецкага Саюза. Лётчыкі эскадрыллі вялі жорсткія паветраныя баі з фінскімі лётчыкамі, наносілі штурмавыя ўдары па караблях праціўніка і прыкрывалі свае судны, якія эвакуіравалі базу. Менавіта капітан Антоненка першым з лётчыкаў авіяцыі Балтыйскага флота на трэці дзень Вялікай Айчыннай вайны збіў каля Таліна варожы бамбардзіроўшчык Ju-88. 25 чэрвеня 1941 года ён вярнуўся ў свой полк з Масквы, дзе яму ўручылі ордэн Леніна за адвагу, праяўленую ў час савецка-фінскай вайны 1939–1940 гадоў, і ў гэты ж дзень зноў вызначыўся ў паветраным баі.
За месяц баёў Антоненка зрабіў каля сотні баявых вылетаў і збіў 11 самалётаў праціўніка (з іх адзін – таранам). 14 ліпеня 1941 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў званне Героя Савецкага Саюза ўраджэнцу Беларусі капітану А.К. Антоненку за “ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з германскім фашызмам і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства”.
Атрымаць узнагароду Аляксей Антоненка не паспеў: 25 ліпеня 1941 г. ён загінуў. Яго знішчальнік І-16 патрапіў пад артабстрэл фінскай дальнабойнай артылерыі і ў неспрыяльных метэаўмовах разбіўся ў час прызямлення на разбураную снарадамі ўзлётна-пасадачную паласу. Пахаваны на паўвостраве Ханка (Фінляндыя).
Усяго 30 гадоў пражыў славуты лётчык Аляксей Касьянавіч Антоненка, але ў гэтыя гады ўмясцілася вялікае баявое жыццё. 34 дні Вялікай Айчыннай вайны Аляксей ваяваў адважна, дзёрзка, самааддана. Імя Героя Савецкага Саюза капітана Антоненкі ўшанавана ў народнай памяці, на Алеях Славы, прысвоена школам, вуліцам у гарадах і пасёлках як у роднай Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі.