Францішак Бруздовіч нарадзіўся на Піншчыне. У 1880–1883 гг. наведваў заняткі па класу малюнка ў Варшаве, у 1883–1887 гг. займаўся ў Школе прыгожых мастацтваў Яна Матэйкі ў Кракаве. Пасля атрымання адукацыі працаваў у Польшчы: у 1898 г. удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах, у 1900 г. стаў пераможцам конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Плоцку. У 1901 г. Ф. Бруздовіч стаў ініцыятарам стварэння і актыўным членам Таварыства польскага прыкладнога мастацтва.
У пачатку ХХ ст. мастак вярнуўся на Радзіму. Беларуская народная творчасць аказала моцны ўплыў на працу Ф. Бруздовіча: падчас выканання насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і Цімкавіч (цяпер аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці) мастак выкарыстоўваў народныя матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, мастацкай размалёўкі сялянскай мэблі. Самай вядомай працай Ф. Бруздовіча стаў роспіс драўлянага Цімкавіцкага касцёла Міхаіла Архангела, пабудаванага ў 1647 г., які на працягу ўсяго часу існавання шмат перарабляўся і аднаўляўся. На працягу трох гадоў (1906–1908) мастак аздабляў інтэр’ер храма арнаментальна-расліннай дэкаратыўнай размалёўкай з выкарыстаннем лепшых народных традыцый. Галоўным матывам дэкору храма быў раслінны арнамент, які складаўся са шматлікіх кветак мясцовай флоры, пераплеценых з галінкамі і лісцем. Геаметрычны арнамент, аснова якога – ромб і яго варыянты, мастак выкарыстаў пры размалёўцы бэлек, нефавых слупоў, вушакоў дзвярэй. Вось як вобразна прадстаўлялі спецыялісты гэты самабытны і арыгінальны помнік манументальна-дэкаратыўнага жывапісу: “Па бронзавым колеры старога дрэва свабодным пэндзлевым роспісам і пры дапамозе трафарэтаў белым, бэзавым, блакітным, зялёным колерамі былі намаляваны квітнеючыя яблыневыя сады, ружы, арнаментальныя кампазіцыі з рамонкаў, лёну, лілей, званочкаў і іншых палявых і садовых кветак”*. В.В. Церашчатава, даследчык роспісаў Цімкавіцкага касцёла, падкрэслівае, што “ўсе кветкі мясцовай флоры пададзены мастаком у рэалістычнай манеры як па форме, так і па колеры. Колер роспісаў мажорны і яркі, ужываецца ў розных варыяцыях (белы, блакітна-сіні, зялёны, бэзава-ружовы, чырвоны, жоўты і інш.). Ствараецца ўражанне казачнага, дзівосна зачараванага свету, народнага хараства і прыгажосці”**. Юзафат Жыскар (1868–1913), гісторык касцёлаў, публіцыст, які падрыхтаваў і выдаў у 1912–1913 гг. знакаміты даведнік з апісаннем нашых мінскіх, магілёўскіх і віцебскіх касцёлаў, адзначаў , што “цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францысканцаў, аформлены Станіславам Выспянскім, для Кракава”***.
У 1976 і 1979 гг. спецыялістамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР было зроблена дэталёвае навуковае абследаванне гэтага помніка, зроблены абмеры і фотафіксацыя. Калекцыя абмерных чарцяжоў і фотаздымкаў – адзіная крыніца візуальнага ўзнаўлення інтэр’ера страчанага помніка народнагага дойлідства і цудоўных роспісаў Ф. Бруздовіча. У 1986 г. касцёл быў знішчаны пажарам у выніку “нядбайнасці” (у некаторых крыніцах называецца 1985 г. – рэд.).
Ф. Бруздовіч працаваў у жанры пейзажа, партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны. Сярод жывапісных работ мастака сем сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (знаходзіліся ў касцёле Міхаіла Архангела ў Цімкавічах і не захаваліся), “Касцёл у Карнкове”, “Копія партрэта мужчыны” (1883), “Інтэр’ер вясковага касцёла” (захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве). Работы Ф. Бруздовіча дэманстраваліся на мастацкіх выставах у Мінску (1898, 1911), Львове (1894, 1902), Варшаве (1899), Кракаве (1896 –1901), Дзюсельдорфе (1911).
У 1911 г. мастак падрыхтаваў эскізы вітражоў і роспісаў для касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску. У 1912 г. ён заўчасна пайшоў з жыцця.
____________
* Раманюк, М. Кветкі зямлі капыльскай / Міхась Раманюк // Мастацтва Беларусі. – 1986. – 12. – С. 67.
** Церашчатава, В. Цімкавіцкі роспіс / В. Церашчатава // Помнікі мастацкай культуры Беларусі : новыя даследаванні. – Мінск, 1989. – С. 24.
*** Nasze Koscioly / Oprac.: Lidia Paluszkiewicz-Horubala. T.1. Cz. 2 : Diecezja Мinska. – Warszawa, 2001. – S. 329.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.