Кароткая даведка:
мовазнавец-славіст, даследчык гісторыі праславянскай мовы, пытанняў агульнага і параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, аўтар першага дыялекталагічнага атласа беларускай мовы "Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі", літаратуразнавец
Псеўданімы:
Росіч П.
Імёны на іншых мовах:
Бузук Пётр Афанасьевич (руская);
Крыптанімы:
П.Б.; П.Р-ч.; П.Р.; Р-ч.; Р.Ф.
4484 сімвалы
Даведка
Сярод вучоных, пачынальнікаў-мовазнаўцаў вылучаецца Пётр Апанасавіч Бузук, які сваёй дзейнасцю зрабіў значны ўклад у беларускую і славянскую лінгвістыку.
Нарадзіўся ён ў в. Цярноўка (Малдова) у сям'і настаўніка. Вучыўся ў Ціраспальскім рэальным вучылішчы, дзе раскрыліся здольнасці юнака не толькі ў галіне моў, але і ў дакладных навуках. Працягваў вучобу на гісторыка-філалагічным факультэце Новарасійскага ўніверсітэта ў Адэсе, які скончыў у 1916 г. Адразу стаў прафесарскім стыпендыятам на кафедры славянскай філалогіі. У 1920 г. П. А. Бузук здаў магістарскія экзамены, выкладаў філалагічныя прадметы ва ўніверсітэце і іншых навучальных установах. Доктарскую дысертацыю на тэму «К вопросу о месте написания Мариинского евангелия» абараніў у 1924 г. У 1925 г. атрымаў званне прафесара. Далейшая навуковая і выкладчыцкая дзейнасць П. А. Бузука была звязана з Беларуссю. Восенню 1925 г. ён пераехаў у Мінск, дзе чытаў лекцыі студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1926 г. перайшоў на працу ў Інстытут беларускай культуры. З 1931 па 1933 г. быў дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН Беларусі. Адначасова загадваў кафедрай мовазнаўства Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута. У пачатку 1934 г. П. А. Бузук быў беспадстаўна арыштаваны і сасланы на тры гады ў Волагду. Пасля заканчэння ссылкі зноў арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Пётр Апанасавіч Бузук быў вучоным-тэарэтыкам з шырокім дыяпазонам навуковых інтарэсаў. Даследаваў гісторыю славянскіх моў, дыялекталогію, лінгвагеаграфію, беларускую і ўкраінскую літаратурныя мовы. Яму належыць больш за 60 грунтоўных даследаванняў. Праблемам праславянскай мовы і ўтварэння на яе аснове асобных моўных груп прысвечаны працы «Взгляды академика Шахматова на доисторические судьбы словянства» (1918–1921), «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў» (1927), пытанням агульнага і параўнальна-гістарычнага мовазнаўства «Асноўныя пытанні мовазнаўства» (1926). Мову помнікаў старажытна-сербскай пісьменнасці, узаемасувязі паміж украінскай і беларускай мовамі вучоны разглядае ў працы «Узаемаадносіны паміж украінскай і беларускай мовамі» (1926). Вялікую цікавасць выклікала работа пра ўзаемасувязь славянскіх моў «Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў» (1927). Разам з С. Некрашэвічам склаў «Праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў» (1927). Галоўнае месца ў навуковай спадчыне П. А. Бузука займаюць дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія. Сабраны даследчыкам у шматлікіх экспедыцыях матэрыял лёг у аснову першага ў славянскім мовазнаўстве дыялекталагічнага атласа гаворак Цэнтральнай і Усходняй Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі. Ч. 1. Фанетыка i марфалогiя. Вып.1: Гаворкi Цэнтральнай i Усходняй Беларусi i суседнiх мясцовасцей Украiны i Вялiкарасii ў першай чвэрцi XX ст.» (1928). Атлас складаецца з 20 лінгвістычных карт і 111 старонак каментарыяў да іх. Даследчык сканцэнтраваў увагу на разглядзе асобных фанетычных і марфалагічных з'яў беларускай мовы.
Акрамя мовазнаўчых даследаванняў П. А. Бузук займаўся літаратуразнаўчай дзейнасцю. Вывучаў пытанні культуры беларускай літаратурнай мовы, творчасць і асаблівасці мовы твораў Ф. Багушэвіча, Ц. Гартнага, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, Я. Коласа, Я. Купалы, Я. Чачота і інш. Пры аналізе моўных сродкаў паказаў ролю і значэнне дыялектных слоў і форм, якія ўзбагачаюць літаратурную мову. Таксама выступаў у беларускіх часопісах «Маладняк», «Полымя» і рэспубліканскіх газетах з апавяданнямі і вершамі пад псеўданімам П. Росіч. Яго творы напоўнены філасофскім роздумам. Лірычны герой – гэта перш за ўсё чалавек, які ўсёй сваёй істотай звязаны з зямлёй, яе садамі і палямі. Для аўтара прырода і чалавек нераздзельныя. Усведамленне хуткабежнасці чалавечага жыцця паэтам успрымаецца як парушэнне гармоніі сусвету («Здрада», «У Крыму»). Такой жа філасафічнасцю, пранікнёнасцю, думкамі пра ўзаемаадносіны людзей, іх жыццё і лёс вызначаецца і апавяданне «Радасць за ісціну». Вялікай цеплынёй, любоўю да беларускага краю, яе сасновых бароў, беластволых бярозак прасякнуты лірычны верш «Зіма ў Беларусі», што прысвечаны другой радзіме – Беларусі. Літаратурныя творы паэта прыцягваюць мяккім лірызмам і глыбокім роздумам пра з'явы рэчаіснасці. Таксама П. А. Бузук перакладаў з нямецкай, партугальскай, харвацкай, украінскай і малдаўскай моў на беларускую.