Дата нараджэння:
31.08.1915 Кострычы, в., Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
04.03.2000 Мінск, г.
Кароткая даведка:
крытык, літаратуразнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., медалямі
Варыянты імя:
Казека Іван Дарафеевіч
Імёны на іншых мовах:
Казека Иван Дорофеевич (руская); Казека Янка (руская); Казеко Янка (руская); Козеко Иван Дорофеевич (руская);
3572 сімвалы
Даведка
Аўтар шматлікіх крытычных артыкулаў, рэцэнзій, літаратурных партрэтаў, нарысаў і манаграфій Янка Казека (сапраўднае імя Іван Дарафеевіч) унёс значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Ён даследаваў мастацка-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы, пытанні сатыры, вытокі і развіццё жанра басні, творчасць беларускіх пісьменнікаў.
Нарадзіўся Я. Казека ў в. Кострычы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. У пачатковай школе вучыўся ў роднай вёсцы. Пасля заканчэння сямігодкі ў Любонічах у 1931 г. паступіў на вячэрняе аддзяленне Бабруйскага лесатэхнічнага тэхнікума. Вучобу сумяшчаў з працай на дрэваапрацоўчым камбінаце, быў актыўным селькорам. У 1933–1934 гг. Я. Казека з’яўляўся супрацоўнікам шматтыражнай газеты «За ўдарныя тэмпы». У 1938 г. ён скончыў літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай сярэдняй школе Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. У 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях і восенню 1941 г. атрымаў цяжкае раненне пад Ельняй. З 1942 г. Я. Казека служыў армейскім палітработнікам, выкладаў у ваенных навучальных установах, працаваў у газеце «Во славу Родины». Пасля выхаду ў адстаўку з 1954 па 1957 г. быў літкансультантам, потым загадчыкам рэдакцыі, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце «Літаратура і мастацтва». У 1954 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1957 г. Я. Казека прызначаны галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (з 1963 г. – «Беларусь»). З 1967 па 1991 г. працаваў у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969–1979 гг. – намеснікам галоўнага рэдактара).
Першыя публікацыі Я. Казекі былі змешчаны ў газеце «Чырвоная змена» ў 1933 г. Як крытык, ён выступіў у друку ў 1935 г. з рэцэнзіяй на кнігу С. Знаёмага «Біяграфія майго героя», у якой адлюстравана самастойнае ўспрыняцце аўтарам літаратурнага працэсу, што асабліва выявілася ў водгуку на аповесць К. Чорнага «Люба Лук’янская» (1937). У 1958 г. быў выдадзены першы зборнік Я. Казекі «З невычэрпных крыніц», у які аўтар уключыў най-больш значныя рэцэнзіі і артыкулы, што друкаваліся ў перыядычных выданнях у папярэднія гады. У 1960 г. выйшла манаграфія «Беларуская байка», дзе глыбока і цікава, на вялікім фактычным матэрыяле даследчык прасачыў працэс складання байкі як жанра літаратуры. Наступнай кнігай Я. Казекі стаў зборнік «Натхненне і майстэрства» (1963), у які ўвайшлі працы, прысвечаныя публіцыстычнай і літаратурна-крытычнай творчасці Я. Коласа, майстэрству К. Чорнага, В. Віткі, І. Мележа. Значным даследаваннем стала манаграфія «Кандрат Крапіва» (1965), дзе пісьменнік падрабязна расказаў пра жыццёвы і творчы шлях сатырыка, паказаў тую атмасферу, што спрыяла станаўленню яго творчай асобы. Янка Казека склаў і падрыхтаваў да друку кнігі аўтабіяграфічных матэрыялаў беларускіх пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Імкненне паглыбіцца ў літаратурны працэс і раскрыць творчую індывідуальнасць класікаў беларускай літаратуры праявілася ў артыкулах, якія склалі зборнікі «Няходжанай дарогай» (1973), «Голас часу» (1975), «Падарожжа ў маладосць» (1984), «Гартаванне слова» (1985).
Літаратурна-крытычная дзейнасць Я. Казекі адзначана шматлікімі ўзнагародамі. У 1975 г. ён атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР, у 1976 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Пісьменнік узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі.