Дата нараджэння:
03.04.1921 Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
01.03.2003 Мінскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
жывапісец, майстар пейзажа, стваральнік галерэі партрэтаў Герояў Савецкага Саюза і вядомых дзеячаў культуры, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і вайны з Японіяй, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Valynets Mikalai Ivanavitch (англійская); Волынец Николай Иванович (руская);
3122 сімвалы
Даведка
Сярод прадстаўнікоў традыцыйнай віцебскай мастацкай школы арыгінальным почыркам вылучаўся жывапісец Мікалай Іванавіч Валынец. Ён ствараў партрэты і пейзажы, сюжэтна-тэматычныя карціны і нацюрморты.
Нарадзіўся М. Валынец 3 красавіка 1921 г. у сялянскай сям’і ў в. Цалевічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе ў той час выкладалі вядомыя беларускія жывапісцы Л. Лейтман і І. Ахрэмчык. З 1940 г. знаходзіўся на вайсковай службе ў Заходняй Украіне. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у 14-м гвардзейскім асобным батальёне мінёраў, пасля ранення – чарцёжнікам у штабе маршала Р. Я. Маліноўскага. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, баях за Кіеў і Кёнігсберг, вайне з Японіяй. У вольныя хвіліны вяртаўся да творчасці – рабіў замалёўкі ваенных падзей, пісаў вершы. Быў узнагароджаны медалямі «За абарону Сталінграда», «За абарону Кіева», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За перамогу над Японіяй», ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1985).
Пасля дэмабілізацыі М. Валынец застаўся на Далёкім Усходзе, дзе на працягу некалькіх гадоў кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва ў Хабараўску. У 1950 г. вярнуўся на радзіму. Працаваў у Слонімскім музеі і на Беларускім мастацка-афарміцельскім камбінаце ў Мінску, пачаў удзельнічаць у выстаўках, стаў членам Саюза мастакоў Беларусі (1980). Захапляўся пчалярствам, быў аўтарам вынаходстваў і меў патэнты ў гэтай галіне, займаўся эксперыментальным пладовым садам.
У творчасці М. Валынец аддаваў перавагу жанру пейзажа і партрэта. Галоўнымі матывамі яго карцін былі беларускія краявіды – «Залатая восень», «Рэчка ў Чамярах» (1950), «Над Свіслаччу» (1954), «Млын на Банцараўшчыне» (1955), «Масток» (1959), «Час сенакосу» (1963), «Зіма ў Ждановічах» (1974), «Універсітэцкі гарадок» (1995), «Раніца ў Белавежскай пушчы» (1996) і інш. У час шматлікіх паездак рабіў замалёўкі прыгожых мясцін – «Кабардзінка» (1961), «Абхазія» (1970), «Творчая дача Каровіна ў Гурзуфе» (1975), «Навальніца ў гарах» і «Новы Афон» (1979), «Плёс» (1982).
Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне знайшла ўвасабленне ў шматлікіх партрэтах, выкананых майстрам – «Невядомы салдат» (1946), «Франтавая медсястра» (1949), «Камандзір партызанскай брыгады С. Г. Жунін» (1956), «Кавалер ордэна Чырвонага Сцяга» (1970), «Герой Савецкага Саюза Б. І. Коўзан» (1986) і інш. Стварыў таксама серыю вобразаў вядомых дзеячаў культуры Беларусі – «Мастак С. А. Андруховіч» (1953), «Заслужаны дзеяч мастацтваў Л. І. Мазалеўская» (1960), «Народны мастак Беларусі В. Цвірка» (1969), «Янка Купала на радзімай Вязынцы» і «Якуб Колас на Банцараўшчыне» (1970), «Партрэт балерыны» (1982) і інш. У апошнія гады жыцця М. Валынец маляваў карціны філасофскай і рэлігійнай тэматыкі – «Светабудова вечнасці сусвету», «Касмічная паэма», «Божы суд», «Распяцце чалавецтва». Часта суправаджаў іх уласнымі вершаванымі радкамі. Яго творы захоўваюцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, прыватных калекцыях.