Дата нараджэння:
06.08.1936 Першамайская, аграгарадок, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне распрацоўкі новых матэрыялаў, тэхналогій і машынабудавання, акадэмік НАН Беларусі і Акадэміі ваенных навук Расіі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980), прэміі Савета Міністраў СССР (1976), НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя В.А. Капцюга (2002), прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (2007), кавалер ордэна Дружбы народаў (1986), Айчыны ІІ ступені (2009), Айчыны ІІІ ступені (2001), уладальнік медаля Ф. Скарыны (1996)
Імёны на іншых мовах:
Витязь Пётр Александрович (руская);
5453 сімвалы
Даведка
Пётр Аляксандравіч Віцязь нарадзіўся ў в. Першамайская Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1960 г. скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С. М. Кірава (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). З 1961 г. старшы інжынер, галоўны інжынер, старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара лабараторыі парашковай металургіі Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ), з 1970 г. старшы выкладчык і адначасова кіраўнік аддзела фізіка-хімічных даследаванняў Навукова-даследчага інстытута (НДІ) парашковай металургіі БПІ. У гэты перыяд ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Исследование фосфидов никеля и возможностей их использования для легирования металлокерамики на железной основе». З 1977 г. намеснік дырэктара па навуковай рабоце НДІ парашковай металургіі БПІ, з 1980 г. першы намеснік генеральнага дырэктара Беларускага рэспубліканскага навукова-вытворчага аб’яднання парашковай металургіі. У 1983 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Теоретические и практические основы создания эффективных спеченных проницаемых материалов и их внедрение в народное хозяйство». З 1992 г. П. А. Віцязь стаў дырэктарам НДІ парашковай металургіі Беларускага дзяржаўнага навукова-вытворчага канцэрна парашковай металургіі і тэхналогіі матэрыялаў. З 1997 г. віцэ-прэзідэнт, з 2002 г. першы віцэ-прэзідэнт, з 2004 г. першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі). Са студзеня 2012 г. кіраўнік апарату НАН Беларусі.
Круг навуковых інтарэсаў П. А. Віцязя ахоплівае актуальныя кірункі сучаснага матэрыялазнаўства. Вучонаму належаць навуковыя працы ў галіне распрацоўкі тэарэтычных і практычных асноў стварэння порыстых, канструкцыйных і антыфрыкцыйных парашковых матэрыялаў і вырабаў з зададзенымі ўласцівасцямі на аснове металічных керамічных парашкоў і неарганічных валокнаў; новых матэрыялаў з выкарыстаннем механічнага легіравання, высокатэмпературнага сінтэзу, які сам распаўсюджваецца, плазмахімічнага сінтэзу; тэрмадынамічнага мадэлявання працэсаў плазменных патокаў часціц і тэхналогій умацавання, мадыфікацыі і ўзнаўлення дэталяў метадамі газатэрмічнага нанясення пакрыццяў; распрацоўкі тэарэтычных і практычных асноў сінтэзу звышцвёрдых матэрыялаў, стварэння нанапарашкоў, нанатэхналогій і вырабаў на іх аснове. Пад кіраўніцтвам П. А. Віцязя і пры яго асабістым удзеле распрацавана звыш 80 новых тэхналогій і матэрыялаў, па якіх асвоена вопытная і прамысловая вытворчасць вырабаў для сельскагаспадарчага машынабудавання, аўтамабілебудавання, станкабудавання, прыборабудавання і спецыяльнай тэхнікі. Пётр Аляксандравіч – аўтар больш за 700 навуковых прац, у тым ліку 35 манаграфій. Яму належыць каля 180 вынаходстваў і патэнтаў. Асноўнымі працамі вучонага з’яўляюцца «Пористые порошковые материалы и изделия из них» (1987), «Теория и практика нанесения защитных покрытий» (1998), «Фильтрующие материалы: свойства, области применения, технология изготовления» (1999), «Теоретические и технологические основы импульсного плазменного упрочнения» (2000), «Упрочнение газотермических покрытий» (2004), «Синтез и применение сверхтвердых материалов» (2005), «Твердосмазочные покрытия в машиностроении» (2007), «Функциональные материалы на основе наноструктурированных порошков гидроксида алюминия» (2010), «Модифицирование материалов и покрытий наноразмерными алмазосодержащими добавками» і «Технологии конструкционных наноструктурных материалов и покрытий» (2011), «Алмазосодержащие абразивные нанокомпозиты» (2012), «Наноалмазы детонационного синтеза: получение и применение» (2013) і інш. Усе работы напісаны ў суаўтарстве.
Шмат увагі вучоны надае распрацоўцы і выкананню праграм Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі і развіццю замежных сувязей у рамках ЕўрАзЭС, СНД і інш. Ён кіраўнік дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Новыя матэрыялы і тэхналогіі», падпраграмы «Алмазы, звышцвёрдыя матэрыялы і вырабы на іх аснове», дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў «Нанаматэрыялы і нанатэхналогіі». З 2004 г. сустаршыня Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы. Таксама з’яўляецца членам Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў НАН Беларусі, намеснікам старшыні Міжведамаснага навукова-тэхнічнага савета Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, членам Каардынацыйнага савета тэхнічных ВНУ Рэспублікі Беларусь, членам Навукова-тэхнічнага савета па Дзяржаўнай праграме развіцця парашковай металургіі ў Рэспубліцы Беларусь і многіх іншых спецыялізаваных вучоных саветаў НАН Беларусі, універсітэтаў, міністэрстваў. Пётр Аляксандравіч – галоўны рэдактар часопіса «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (серыя фізіка-тэхнічных навук), рэспубліканскага зборніка навуковых прац «Порошковая металлургия», член рэдакцыйнай калегіі амерыканскага часопіса «Advanced Performance Materials» і шэрагу іншых міжнародных часопісаў.
За вялікі ўклад у развіццё навукі і ўкараненне вынікаў даследаванняў акадэмік НАН Беларусі (1994), заслужаны дзеяч навукі БССР (1991) П. А. Віцязь узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў (1986), Айчыны II ступені (2009), Айчыны III ступені (2001), медалём Францыска Скарыны (1996), іншымі медалямі. Таксама вучоны з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1980), прэмій Савета Міністраў СССР (1987), НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук імя акадэміка В. А. Капцюга (2002, 2012), акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (2007), НАН Беларусі (2013).