Дата нараджэння: 17.11.1896 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерці: 11.06.1934 Расія
Кароткая даведка: беларускі і расійскі вучоны-псіхолаг, педагог, стваральнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі
Імёны на іншых мовах: Выготский Лев Семёнович (руская); Лев Симхович Выгодский (руская);
Стваральнік навуковай школы, якая атрымала вялікі рэзананс у сусветнай псіхалагічнай навуцы, заснавальнік дэфекталогіі, педалогіі і навукі аб штучным інтэлекце Леў Сямёнавіч Выгоцкі ў нашы дні ўваходзіць у дзясятку самых вядомых псіхолагаў свету.
Нарадзіўся ён у Оршы ў сям’і банкаўскага служачага. У хуткім часе сям’я пераехала ў Гомель, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага вучонага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым экстэрнам здаў экзамены і паступіў адразу ў шосты клас Прыватнай яўрэйскай мужчынскай гімназіі Ратнера. Любімымі прадметамі для здольнага юнака сталі літаратура і філасофія. З гімназічных гадоў ён захапляўся тэатрам: сам наладжваў аматарскія прадстаўленні і іграў у іх, не прапускаў спектаклі мясцовай трупы і калектываў, якія гастралявалі. Пасля заканчэння гімназіі з залатым медалём Л.С. Выгоцкі паступіў у Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт (1913). Вучыўся спачатку на медыцынскім факультэце, аднак хутка перавёўся на юрыдычны, вучоба на якім давала магчымасць паступіць у адвакатуру і атрымаць дазвол на пражыванне па-за мяжой аседласці. У наступным годзе паступіў на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскага гарадскога народнага ўніверсітэта імя А.Л. Шаняўскага, дзе ў той час працавалі лепшыя прафесары і выкладчыкі Расіі – П.П. Блонскі, У.І. Вярнадскі, К.А. Ціміразеў, Г.Г. Шпет і інш. Дзякуючы ім Л.С. Выгоцкі зацікавіўся псіхалогіяй і з таго часу не спыняў даследаванні ў гэтай галіне навукі. Вучобу ва ўніверсітэтах сумяшчаў з працай тэхнічнага сакратара ў часопісе «Новый путь», дзе таксама друкаваў свае літаратурна-крытычныя артыкулы. Яго дыпломная работа ў народным універсітэце «Трагедия о Гамлете, принце Датском, У. Шекспира» была вельмі высока ацэнена спецыялістамі ў галіне лінгвістыкі і не страціла сваёй навуковай каштоўнасці і сёння.
Пасля паспяховага заканчэння абодвух універсітэтаў Л.С. Выгоцкі ў 1917 г. вярнуўся ў Гомель. Быў настаўнікам псіхалогіі, рускай мовы і літаратуры, даваў прыватныя ўрокі, чытаў лекцыі па псіхалогіі ў розных навучальных установах і на настаўніцкіх курсах. Адначасова займаўся арганізацыяй тэатральнага жыцця ў горадзе, наладжваў гастролі, публікаваў у перыядычным друку рэцэнзіі на спектаклі (усяго больш за 80), праводзіў заняткі ў тэатральнай студыі. У 1919 г. разам са сваім стрыечным братам Давідам арганізаваў літаратурнае выдавецтва. З 1922 г. Л.С. Выгоцкі працаваў выкладчыкам логікі і псіхалогіі ў Гомельскім педагагічным тэхнікуме. Па яго ініцыятыве тут быў створаны псіхалагічны кабінет, дзе праводзілася вучэбная, даследчая і метадалагічная работа, быў сабраны матэрыял для першых фундаментальных прац. Вынікі эксперыментальных даследаванняў былі прадстаўлены на ІІ Усерасійскім з’ездзе па псіханеўралогіі (Петраград, студзень 1924 г.). Выступленні Л.С. Выгоцкага прыцягнулі ўвагу спецыялістаў, і даследчык стаў супрацоўнікам Маскоўскага дзяржаўнага інстытута эксперыментальнай псіхалогіі.
У 1924 г. пачаўся найбольш плённы перыяд жыцця Л.С. Выгоцкага. Вучоны засяродзіў сваю ўвагу на даследаванні праблем педагагічнай псіхалогіі і дэфекталогіі. Кіраваў аддзелам адукацыі псіхічна і фізічна адсталых дзяцей пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У 1925 г. удзельнічаў у Міжнароднай канферэнцыі па адукацыі глуханямых дзяцей у Лондане. За некалькі гадоў працы і даследаванняў у гэтай галіне стварыў новую комплексную навуку – дэфекталогію, абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Психология искусства» (1925). У 1929 г. стаў навуковым кіраўніком і кансультантам Эксперыментальнага дэфекталагічнага інстытута ў Маскве, дзе займаўся распрацоўкай медыка-псіхолага-педагагічнага падыходу да вывучэння дзяцей з асаблівасцямі развіцця і падрыхтоўкай спецыялістаў у галіне спецыяльнай адукацыі. У 1931 г. Л.С. Выгоцкі паступіў на медыцынскі факультэт Украінскага навукова-даследчага псіханеўралагічнага інстытута ў Харкаве. Акрамя гэтага, чытаў лекцыі, выступаў з дакладамі, пісаў артыкулы, праводзіў эксперыменты, займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Такі напружаны графік работы значна пагоршыў самаадчуванне вучонага, які шмат гадоў пакутаваў на сухоты. Многія з яго планаў засталіся нерэалізаванымі з-за заўчаснай смерці ў 1934 г.
Леў Сямёнавіч Выгоцкі пакінуў пасля сябе багатую спадчыну і стварыў навуковую школу некласічнай культурна-гістарычнай псіхалогіі – аднаго з вядучых кірункаў сусветнай псіхалагічнай навукі. Сярод яго вучняў знакамітыя псіхолагі, філосафы і педагогі ХХ ст. А.М. Лявонцьеў, А.Р. Лурыя, Л.І. Бажовіч, П.Я. Гальперын, Д.Б. Эльконін і інш. Леў Сямёнавіч Выгоцкі напісаў больш за 270 навуковых прац (пры жыцці вучонага яны ў большасці заставаліся ў рукапісах), сярод якіх найбольш значнымі з’яўляюцца «Педагогическая психология» (1926), «Педология школьного возраста» (1928), «Педология подростка» (1929) «Мышление и речь» (1934), «Умственное развитие детей в процессе обучения» (1935) і інш.
На жаль, да другой паловы 1950-х гг. працы выбітнага псіхолага не былі даступны замежным спецыялістам, аднак сучасныя псіхолагі і педагогі ў многіх краінах свету шырока выкарыстоўваюць вынікі даследаванняў Л.С. Выгоцкага і яго вучняў. Філасофскія, псіхолага-педагагічныя і эстэтычныя ідэі Л.С. Выгоцкага аказалі вялікі ўплыў на сучасную псіхалогію і педагогіку. З 1996 г. Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж, дзе ў 1920-я гг. працаваў вучоны, носіць яго імя. У Маскве дзейнічае Інстытут псіхалогіі імя Л.С. Выгоцкага Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта. З 2017 г. медаль імя Л.С. Выгоцкага Расійскай акадэміі адукацыі ўручаецца за выдатныя дасягненні і шматгадовую добрасумленную працу ў галіне адукацыі, навуковай і выхаваўчай дзейнасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г., актуалізаваны ў 2026 г.
