Дата нараджэння:
31.03.1806 Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
21.05.1870 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне хірургіі і інфекцыйных хвароб, аўтар прац па пытаннях сыпнога тыфу, артапедыі, лячэнні пераломаў
Варыянты імя:
Каранеўскі Юзаф
Імёны на іншых мовах:
Korzeniewski Józef (польская); Korzeniowski Józef (польская); Koženevskis Juozapas (літоўская); Коржаневский Иосиф Иванович (руская); Коржаневский Осип Иванович (руская); Корженевский Иосиф Иванович (руская);
1848 сімвалаў
Даведка
Адным з самых вядомых хірургаў на беларускіх землях у сярэдзіне ХІХ ст. з’яўляўся Іосіф Іванавіч Каржанеўскі.
Нарадзіўся ён у Слуцкім павеце Мінскай губерні (цяпер Слуцкі раён Мінскай вобласці). Пасля заканчэння Нясвіжскай гімназіі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1821). Атрымаўшы дзяржаўную стыпендыю, заняўся вывучэннем медыцыны. У гады студэнцтва асабліва цікавіўся анатоміяй, выканаў анатамічны прэпарат сімпатычнага нерва.
У 1827 г. І. І. Каржанеўскі атрымаў ступень лекара І класа і застаўся пры ўніверсітэце ў якасці памочніка празектара анатоміі. У 1829 г. абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны на тэму “Назалагічны погляд на экзантэмы”. Займаўся прыгатаваннем анатамічных прэпаратаў для лекцый, вёў анатамічныя секцыі, разам з прафесарам А. Бялькевічам выконваў ін’екцыі спецыяльнымі растворамі. Як памочнік і намеснік кіраўніка хірургічнай клінікі В. Пелікана праводзіў аперацыі, загадваў хірургічным кабінетам, выкладаў дэсмургію – вучэнне аб павязках. Разам з прафесарам Ф. Рымкевічам прыняў удзел у барацьбе з халерай у Брэсце, Слоніме і Віцебску (1831).
Пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта і ўтварэння Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі І. І. Каржанеўскі стаў памочнікам празектара хірургічнай клінікі. У далейшым – ад’юнкт-прафесар, экстраардынарны прафесар, дырэктар акадэмічнай клінікі, навуковы сакратар акадэміі. Чытаў лекцыі аб перавязках, пераломах і вывіхах. У 1837–1839 гг. наведаў клінікі Польшчы, Чэхіі, Францыі і Англіі, дзе стажыраваўся ў лепшых хірургаў тых часоў. Апублікаваў шэраг навуковых прац па артапедыі, дэсмургіі, лячэнні сыпнога тыфу і пераломаў. З’яўляўся членам Таварыстваў урачоў у Вільні і Кракаве. Пасля 1843 г. займаўся хірургічнай практыкай у Вільні.
Памёр І. І. Каржанеўскі 21 мая 1870 г., пахаваны ў Вільні.