Кароткая даведка:
спартсмен (барацьба грэка-рымская), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён ХVІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1960, Рым), чэмпіён свету (1958, 1961), мнагакратны чэмпіён СССР (1956–1960, 1962), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём
Імёны на іншых мовах:
Karavaev Oleg (англійская); Караваев Олег Николаевич (руская);
2889 сімвалаў
Даведка
Алег Караваеў нарадзіўся ў Мінску. Яго маці вяла гаспадарку, а бацька быў музыкантам аркестра Беларускага тэатра оперы і балета. У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я Караваевых знаходзілася ў Куйбышаве (цяпер Самара) і пасля вызвалення Беларусі вярнулася ў Мінск. Алег любіў музыку, добра спяваў і танцаваў, меў калекцыю грампласцінак, аднак музыкантам не стаў. З дзяцінства ён быў спрытным і рухавым: гуляў у футбол і хакей, плаваў, рабіў гімнастычныя практыкаванні.
Моцны ўплыў на Алега Караваева аказаў яго старэйшы брат Ігар, які на той момант займаўся вольнай барацьбой і выступаў за фізкультурна-спартыўнае таварыства “Дынама”. У час школьных канікул ён прывёз малодшага брата ў Маскву і паказаў яго свайму трэнеру Андрэю Чэлідзэ. Той адзначыў добры спартыўны патэнцыял юнака і рэкамендаваў яму займацца барацьбой. Пасля вяртання ў Мінск А. Караваеў трапіў у секцыю класічнай барацьбы (цяпер грэка-рымская барацьба) да Іосіфа Іванавіча Аборскага. У невялікай спартыўнай зале па чарзе займаліся барцы, баксёры і гімнасты.
Выдатныя здольнасці і настойлівасць дапамаглі юнаку хутка асвоіць прыёмы класічнай барацьбы і стаць адным з лепшых выханцаў І.І. Аборскага. У 1955 г. А. Караваеў стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР, а праз год стаў чэмпіёнам Савецкага Саюза. Званне лепшага барца краіны А. Караваеў падцвярджаў у 1957, 1958, 1959, 1960 і 1962 гг.
У 1958 г. беларускі спартсмен выступаў на чэмпіянаце свету ў складзе зборнай СССР. Алег Караваеў выдатна правёў усе свае паядынкі і нават перамог алімпійскага чэмпіёна І. Ходаша з Венгрыі. У Мінск ён вярнуўся з залатым медалём і званнем чэмпіёна свету.
У 1959 г. А. Караваеў зноў становіцца чэмпіёнам СССР, і пачынае падрыхтоўку да галоўных спаборніцтваў чатырохгоддзя – XVII летніх Алімпійскіх гульняў, якія павінны былі адбыцца ў Рыме. У 1960 г. ён з’яўляўся галоўным прэтэндэнтам на алімпійскае “золата”. Беларускі спартсмен не падвёў сваю каманду: выйграў шэсць паядынкаў з шасці і стаў першым беларускім барцом – чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў. Спецыялісты і трэнеры нацыянальных зборных прызналі яго самым тэхнічным спартсменам гэтай Алімпіяды. Алег Караваеў здзіўляў сапернікаў інтэнсіўнасцю сваіх атак колькасцю тэхнічных прыёмаў і іх выдатным выкананнем.
У наступным годзе А. Караваеў зноў заваяваў залаты медаль чэмпіянату свету. У чэмпіянаце свету 1962 г. спартсмен удзел у спаборніцтвах не прымаў. На чэмпіянаце свету 1963 г. ён заняў 4-е месца і прыняў рашэнне завяршыць спартыўную кар’еру.
У наступныя гады знакаміты спартсмен працаваў трэнерам добраахвотнага спартыўнага таварыства “Буравеснік”.
Памёр А. Караваеў у 1978 г. З 1994 г. штогод у беларускай сталіцы праводзіцца Міжнародны турнір, прысвечаны памяці знакамітага спартсмена. У рамках гэтага мерапрыемства адбываюцца спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе сярод падлеткаў, якія мараць стаць выбітнымі спартсменамі.