Дата нараджэння:
каля 1306 Навагрудак, г., Гродзенская вобласць
Дата смерці:
паміж 1358 і 1366
Кароткая даведка:
князь новагародскі ў Вялікім Княстве Літоўскім
Варыянты імя:
Міхаіл
Імёны на іншых мовах:
Karijotas (літоўская); Koriat (польская); Кориат (руская);
1232 сімвалы
Даведка
Карыят – малодшы сын вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Гедзіміна і княгіні Еўны (дачкі полацкага князя Івана Усеваладавіча). Хрышчэнне прыняў да 1349 г. пад імем Міхаіл.
Ад бацькі Карыят атрымаў у княжанне Новагародак і Новагародскую зямлю разам са Слонімам і Мсцібавам. Быў жанаты, меў некалькіх сыноў (па розных звестках ад 4 да 10). Пасля смерці бацькі і захопу ўлады Альгердам і Кейстутам у 1345 г. Карыят прысягнуў Альгерду як вялікаму князю і захаваў за сабой Новагародскае княства. У час яго княжання ў Новагародку актыўна вялося будаўніцтва, горад стаў цэнтрам праваслаўнай Літоўскай мітраполіі. У 1349 г. Карыят з дыпламатычнай місіяй быў адпраўлены ў Залатую арду да хана Джанібека з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Тэўтонскага ордэна і Маскоўскага княства. Аднак падчас пасольства быў затрыманы ханам і выдадзены за выкуп маскоўскаму князю Сямёну. Карыята вызвалілі ў 1350 г. пасля пасылкі ў Маскву падарункаў ад Вялікага князя Альгерда. У 1362–1363 гг. Карыят княжыў са сваімі сынамі на Падоллі. Пасля яго смерці Новагародская зямля была падзелена паміж Кейстутам і Альгердам, а невялікая частка княства перайшла да сына Карыята – Фёдара Карыятавіча.