Ганна Васілеўна Качаткова нарадзілася ў в. Канаёўка Іванцееўскага раёна Саратаўскай вобласці (Расія). Cкончыла Саратаўскае тэатральнае вучылішча імя Слонава (1935), дзе вучылася ў вядомага беларускага тэатральнага дзеяча, акцёра, рэжысёра Ф. Ждановіча, які жыў і працаваў тут у гэты час пасля арышту і зняволення. У якасці рэжысёра-педагога ён паставіў з навучэнцамі спектаклі «Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава і «Чужое дзіця» В. Шкваркіна. Г.В. Качаткова працавала ў тэатрах РСФСР, у 1942–1943 гг. удзельнічала ў франтавой тэатральнай брыгадзе. З 1946 г. – у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, у спектаклях якога выявілася яе цікавая акцёрская індывідуальнасць: Дуся Разанава («Старыя сябры» Л. Малюгіна), Шурка («Даўным-даўно» А. Гладкова).
Спектакль «Так і будзе» К. Сіманава, пастаўлены ў 1946 г., даў тэатру магчымасць шчыра і эмацыянальна расказаць гледачу аб высокіх маральных якасцях савецкіх людзей, аб тым, што, нягледзячы на ваенныя выпрабаванні, яны захавалі здольнасць марыць і верыць у светлы заўтрашні дзень. Ганна Качаткова стварыла ў спектаклі жыццёва верагодны вобраз простай, працавітай дзяўчыны Вольгі, якую пакахаў галоўны герой Савельеў. Сцэны Вольгі і Савельева – лепшыя ў спектаклі, у іх выразна гучала вялікае імкненне да мірнага жыцця, жаданне кахаць і быць каханымі, гадаваць дзяцей, працаваць на карысць Радзіме. Спектакль «Так і будзе» з'явіўся творчай удачай тэатра.
Творчае жыццё актрысы прайшло ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры (1949–1990 гг.). Сярод пастановак пачатку 1950-х гг. вылучаўся спектакль «Сям'я» І. Папова. Ён вызначаўся глыбокім спасціжэннем характараў, добрым густам. Гледачам запомніўся вобраз Марыі Аляксандраўны ў праўдзівым, эмацыянальна насычаным выкананні Г. Качатковай. Цікавай была пастаноўка п'есы «Любоў Яравая» К. Транёва (1952), у якой Ганна Качаткова пераканаўча і ўсхвалявана данесла да гледача эвалюцыю лёсу сваёй гераіні.
Зварот да «Чайкі» А. Чэхава стаў своеасаблівай праверкай творчых магчымасцей калектыву. Выканаўцы, сярод якіх – Г. Качаткова (Аркадзіна), адчулі паэтычную стыхію і лірычны настрой п'есы, улавілі і перадалі тонкія сувязі, што існуюць паміж героямі. У спектаклі прысутнічалі жывое дыханне эпохі і тая асаблівая атмасфера, якая з'яўляецца галоўнай прывабнасцю чэхаўскіх п’ес.
Важнае месца ў рэпертуары тэатра належала творам, дзе ўзнімаліся надзённыя праблемы часу. Са значнай колькасці пастановак сваёй мастацкай цэласнасцю вызначаўся спектакль «Ленінградскі праспект» І. Штока (1963). Усе свае намаганні выканаўцы накіравалі на стварэнне яркіх, паўнакроўных характараў, каб праз лёс герояў пераканаўча давесці думку аб пераемнасці традыцый, расказаць на прыкладзе прадстаўнікоў старэйшага пакалення аб служэнні высокаму грамадзянскаму абавязку. Запомнілася гледачу актрыса Г. Качаткова, якая выконвала ролю Клаўдзіі Пятроўны.
30-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне тэатр прысвяціў трагедыю «Вернасць» В. Бергольц (1974) – страснае паэтычнае апавяданне аб нязломнай мужнасці савецкага народа ў цяжкія часы нямецкай акупацыі. Тэма вернасці вырашалася ў спектаклі ў асноўным праз вобразы Андрэя, Ганны, Маці. Вобраз Маці ў выкананні Г. Качатковай уяўляўся своеасаблівым сімвалам розуму і сумлення рускай жанчыны.
У 1979 г. Брэсцкі тэатр паставіў п'есу «Верачка» А. Макаёнка. Камерная гісторыя аб тым, як бабуля Арына Радзівонаўна (Г. Качаткова) хоча прапісаць у сваёй аднапакаёвай кватэры ўнучку Верачку (А. Сідарава), дала магчымасць пастаноўшчыкам павесці сур'ёзную размову з гледачом аб важных жыццёвых праблемах. Актрысы Г. Качаткова і А. Сідарава раскрылі ў характарах сваіх гераінь лепшыя рысы сучасніц – дабрату, чуласць да людзей, высакародства, сумленнасць. Многія сцэны ў спектаклі былі насычаны гумарам, што дапамагала выканаўцам спалучыць лірычны і камедыйна-сатырычны струмені.
Калектыў тэатра адным з першых звярнуўся да драмы «Парог» А. Дударава (1982). Адметнасць спектакля ў псіхалагічна дакладна распрацаванай акцёрскай партытуры, выразнасці аўтарскай задумы. Вельмі ўдалымі былі эпізоды з удзелам Маці (Г. Качаткова) і Бацькі (А. Логінаў), асабліва тыя, дзе яны разважаюць пра няўдалы лёс свайго сына. За знешняй павольнасцю адчуваліся бацькоўскі боль і неспакой. Акцёры здолелі раскрыць глыбокую драму гэтых людзей.
Найбольш блізкія індывідуальнасці актрысы былі характарныя ролі, у якіх востры своеасаблівы малюнак удала спалучаўся з праўдай унутраных паводзін персанажа. З добрым мастацкім густам яна стварала вобразы тонкія, глыбокія, каларытныя, дэманстравала сваю творчую мабільнасць і здольнасць вырашаць складаныя мастацкія задачы.
Г.В. Качаткова стварыла галерэю яркіх вобразаў, сярод якіх – Шурка, Паўла («Ягор Булычоў і іншыя», «Зыкавы» М. Горкага), Мігачова, Глумава, Купавіна («Не было ні гроша, ды раптам шастак», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф. Шылера), Дульская («Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай), Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж. Патрыка), Паліна («Трыбунал» А. Макаёнка) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.