Дата смерці:
1828 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Кароткая даведка:
авантурыст, філантроп, гаспадарчы дзеяч
Варыянты імя:
Міцкевіч Міхал
Імёны на іншых мовах:
Mickiewicz Michał (польская); Walicki Michał (польская); Валицкий Михал (руская); Мицкевич Михал (руская);
2441 сімвал
Даведка
Адной з найбольш цікавых і загадкавых асоб у арыстакратычных колах Еўропы ў канцы XVII – першай палове XVIII ст. быў Міхал Міцкевіч (граф Валіцкі).
Нарадзіўся ён на Міншчыне ў сям’і дробнага шляхціца Міцкевіча з Навагрудчыны, які тут меў невялікі маёнтак. Рана страціўшы бацьку, Міхал выхоўваўся ў Магілёве ў свайго сваяка, крайчага літоўскага Бучынскага. Адукацыю атрымаў у Мінскім і Магілёўскім езуіцкіх калегіумах. Пасля некаторы час служыў віцэ-рэгентам у судах Мінска. Пакінуўшы службу, малады шляхціц жыў у Кракаве, Львове, Вене, Парыжы, Лондане. Зацікавіўшыся картачнымі гульнямі і більярдам, ён дасканала іх асвоіў. Выдатнае майстэрства гульні ў карты ў хуткім часе заклала аснову яго багацця і высокага становішча ў свеце – на выйграныя грошы ён набыў пасаду падстолія кароннага ў Рэчы Паспалітай, тытул графа ў Італіі і ў залік пройгрыша прадстаўніка старажытнага шляхецкага роду Базыля Валіцкага – права належаць да яго роду. У далейшым знаёмства з некаторымі асобамі еўрапейскай арыстакратыі, дазволіла М. Валіцкаму трапіць у бліжэйшае каралеўскае асяроддзе ў Парыжы. Ён стаў пастаянным партнёрам каралеўскай сям’і ў картачных гульнях, выконваў іх сакрэтныя даручэнні.
У 1787 г. М. Валіцкі вярнуўся ў Рэч Паспалітую. Жыў у Варшаве, Гродне, Вільні, некаторы час знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Значны капітал у грошах і каштоўнасцях дазволіў графу набываць палацы, выдатныя творы мастацтва, вялізныя калекцыі рэдкіх рэчаў. У сваім фальварку Азёры Гродзенскага павета (цяпер – аграгарадок у Гродзенскім раёне), граф стварыў узорную гаспадарку, заснаваў суконную і папяровую мануфактуры, запрасіў на працу іншаземных спецыялістаў. Аднак вядомасць яму ў вышэйшым свеце прынеслі не толькі вялізныя багацці і шыкоўныя прыёмы. Высока адукаваны чалавек з дасканалымі манерамі М. Валіцкі шмат сродкаў аддаваў на дабрачыннасць. Вялікія сумы грошаў ахвяраваў на карысць навучальных устаноў Рэчы Паспалітай, матэрыяльна падтрымліваў вучоных і студэнтаў, маладых мастакоў і паэтаў. Віленскаму ўніверсітэту перадаў у дар значную частку сваёй калекцыі мінералаў, каштоўных камянёў, ракавін, манет, медалёў і інш. Для малазабяспечаных студэнтаў заснаваў спецыяльную стыпендыю. Шырокая дабрачынная дзейнасць М. Валіцкага была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэчы Паспалітай – ордэнам Святога Станіслава І ступені (1789) і ордэнам Белага Арла (1790).
Граф Міхал Валіцкі памёр і быў пахаваны ў Вільні ў 1828 г.