Дата нараджэння:
01.01.1941 Загор'е, в., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне эксперыментальнай батанікі, акадэмік НАН Беларусі, краязнавец
Імёны на іншых мовах:
Ламан Николай Афанасьевич (руская);
4177 сімвалаў
Даведка
Мікалай Афанасьевіч Ламан нарадзіўся ў в. Загор’е (Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, які скончыў у 1963 г. Некаторы час працаваў аграномам у вучэбна-вопытнай гаспадарцы пры інстытуце. У 1968 г. перайшоў у Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі), спачатку як аспірант, потым як малодшы навуковы супрацоўнік. Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «Фенольные соединения желтого люпина и изменение их содержания под влиянием некоторых гербицидов» малады вучоны ў 1974 г. быў прызначаны на пасаду вучонага сакратара Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі. У далейшым навуковая дзейнасць М. А. Ламана была звязана з Інстытутам эксперыментальнай батанікі: у 1979 г. ён узначаліў лабараторыю фізіялогіі харчавання раслін, у 1997 г. быў прызначаны намеснікам дырэктара па навуковай працы, у 2000–2010 гг. выконваў абавязкі дырэктара.
Вучоны займаўся праблемамі фізіялогіі прадукцыйнасці і ўстойлівасці хлебных злакаў, сфармуліраваў экалагічныя прынцыпы фарміравання іх высокапрадукцыйных аграцэнозаў, абгрунтаваў напрамкі селекцыі і інш. Вынікі сваіх даследаванняў абагульніў у манаграфіях «Биологический потенциал ячменя: Устойчивость к полеганию и продуктивность» (у суаўтарстве, 1984), «Формирование высокопродуктивных посевов зерновых культур» (1985), «Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технологические аспекты реализации» (у суаўтарстве, 1987) і паспяхова ўкараніў іх у практыку сельскай гаспадаркі. У комплексных даследаваннях сумесна з НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі і Беларускім НДІ земляробства і селекцыі М. А. Ламанам была абгрунтавана арыгінальная канструкцыя сошніка катковага тыпу, якая дазваляла найбольш поўна рэалізаваць патэнцыял прадукцыйнасці сартоў збожжавых культур. Ён з'яўляецца таксама аўтарам шматлікіх метадычных і практычных дапаможнікаў і публікацый, сярод іх – «Производство и современные технологии возделывания зерновых за рубежом» (1988), «Биологические основы интенсивных технологий возделывания зерновых культур» (1991), «Методическое руководство по исследованию смешанных агрофитоценозов» (1996) і інш.
Вучоным была абгрунтавана і паспяхова развіта арыгінальная гіпотэза аб светавых крызісах у гісторыі біёты планеты Зямля. За працу «Периодические изменения режима солнечной радиации у поверхности планеты Земля как фактор прерывистости в эволюции ее биоты» ён стаў лаўрэатам прэміі «Золотой диплом 98» Міжнароднага форума па праблемах навукі, тэхнікі і адукацыі (Масква, 1998). У 1992 г. М. А. Ламан абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Морфофизиологические особенности структурно-функциональной организации растений хлебных злаков в связи с потенциалом их продуктивности». У 2003 г. ён быў абраны акадэмікам НАН Беларусі, а ў 2008 г. вучонаму прысвоілі званне «Ганаровы доктар» Установы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт». У цяперашні час пад кіраўніцтвам М. А. Ламана вядуцца комплексныя даследаванні па стварэнні навуковых асноў сучаснага ўстойлівага і экалагічна бяспечнага раслінаводства. Вынікі гэтай працы былі апублікаваны у манаграфіі «Физиолого-экологические основы оптимизации продукционного процесса грофитоценозов : поликультура в растениеводстве» (2005). Даследчык таксама з’яўляецца аўтарам больш за 350 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, 5 кніг, 19 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў. Пад яго кіраўніцтвам паспяхова абаронены доктарская і некалькі кандыдацкіх дысертацый.
На працягу ўсёй працы вучоны паспяхова сумяшчаў даследаванні з навукова-арганізацыйнай і грамадскай дзейнасцю. Ён узначальваў экспертны савет ВАК па біялагічным навукам, быў членам Дзяржаўнага экспертнага савета па вытворчасці і перапрацоўке сельскагаспадарчай прадукцыі і інш. Адначасова з навуковай дзейнасцю М. А. аман з захапленнем збіраў матэрыялы па гісторыі сваіх родных мясцін. У 2007 г. выйшла з друку яго кніга «Родники разумного, доброго, вечного: к 145-летию школы селения Турец Кореличского района».