Дата нараджэння:
23.03.1941 Капцэвічы, в., Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
18.05.2005
Кароткая даведка:
работнік лёгкай прамысловасці, дзяржаўны дзеяч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1975), Герой Сацыялістычнай Працы (1984), узнагароджаная ордэнамі Леніна (1977, 1984), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974)
Імёны на іншых мовах:
Булова Валентина Павловна (руская);
3184 сімвалы
Даведка
Валянціна Паўлаўна Булава нарадзілася ў пасёлку Капцэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. З 1959 г. працавала на мясцовым гароднінасушыльным заводзе. У 1963 г. пераехала ў Баранавічы, дзе пачаў дзейнічаць баваўняны камбінат. Атрымала накіраванне на вучобу ў г. Іванава (Расія), дзе вывучылася на прадзільшчыцу. З 1964 г. Валянціна Булава – прадзільшчыца на Баранавіцкім баваўняным камбінаце (з 1980 г. Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне). У 1970 г. яна выступіла з прапановай аб выканані планавых паказчыкаў дзвюх пяцігодак за адну і паспяхова справілася з павышанымі абавязацельствамі. За поспехі ў выкананні і перавыкананні планаў 1973 г. і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў Валянціна Паўлаўна Булава была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яе працоўны вопыт стаў прыкладам маштабнага руху многастаночніц.
Адначасова з напружанай працай Валянціна Булава завочна вучылася ў эканамічным тэхнікуме, які скончыла ў 1974 г. У маі 1976 г. вырашыла адна абслугоўваць дзве з паловай тысячы верацён. Яе прапанову падтрымалі амаль тры тысячы работніц прадпрыемства. За павелічэнне зон абслугоўвання, сумяшчэнне прафесій і ініцыятыву Валянціна Булава была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй СССР.
У сярэдзіне 1970-х гг. Валянціна Булава перамагла ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і стала лепшай прадзільшчыцай СССР. За поспехі, дасягнутыя ў выкананні плана 1976 г. і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і якасці працы была ўзнагароджана ордэнам Леніна. У 1978 г. за выкананне асабістага плана дзясятай пяцігодкі за два гады і тры месяцы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Валянціна Паўлаўна перадавала свой вопыт рабочай моладзі, прымала ўдзел у грамадскім жыцці краіны. За выдатныя заслугі ў навучанні маладых тэкстыльшчыкаў прафесійнаму майстэрству і выхаванне ў іх высокіх ідэйных і маральных якасцяў В.П. Булава была ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік працоўнай моладзі Беларускай ССР”.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 ліпеня 1984 г. за дасягненне выдатных поспехаў у павышэнні прадукцыйнасці працы, датэрміновае выкананне заданняў адзінаццатай пяцігодкі і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў, вялікі творчы ўклад у вытворчасць тавараў народнага спажывання і паляпшэнне іх якасці Валянціне Паўлаўне Булавай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.
Валянціна Булава прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны: была дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1974–1979), Вярхоўнага Савета БССР (1980–1985); выбіралася дэлегатам XXIV (1971) і XXV (1976) з'ездаў КПСС; доўгі час з’яўлялася дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў працоўных. Узнагароджана ордэнамі Леніна (1977; 1984), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1974), медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1975), заслужаны настаўнік працоўнай моладзі БССР (1978). Імя Валянціны Паўлаўны Булавай носіць вуліца ў горадзе Баранавічы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.