Дата нараджэння:
1866 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерці:
13.03.1920
Кароткая даведка:
археограф, археолаг, краязнавец, этнограф, музеязнавец, адзін з арганізатараў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта і Мінскага царкоўна-археалагічнага музея
Імёны на іншых мовах:
Снитко Андрей Константинович (руская);
2631 сімвал
Даведка
Звестак пра жыццё А. К. Сніткі захавалася няшмат. Вядома, што нарадзіўся ён у Вільні ў шляхецкай сям’і. Рана застаўся без бацькоў і разам з сястрой знаходзіўся пад апекай пісьменніка, гісторыка і вядомага віленскага цэнзара П. В. Кукальніка, які гадаваў дзяцей як сваіх. Атрымаўшы добрае свецкае выхаванне, А. К. Снітка ў 1888 г. скончыў сельскагаспадарчы факультэт Рыжскага політэхнічнага інстытута. Быў даволі буйным землеўладальнікам, якому належаў маёнтак Кальзберг і некалькі фальваркаў пад Радашковічамі (Мінская вобл.).
Галоўнымі яго заняткамі былі археалогія і гісторыя. Гэтым ён моцна захапляўся і аддаваў шмат часу. У лютым 1908 г. А. К. Снітка стаў адным з арганізатараў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта пры Мінскай епархіі, у задачу якога ўваходзіла збіранне і вывучэнне старажытнасцей на тэрыторыі Мінскай губерні. Супрацоўнікі камітэта даследвалі гістарычныя помнікі, фальклор, апісвалі помнікі старажытнасці, царкоўныя і манастырскія архівы, збіралі і зберагалі старадаўнія рэчы. А. К. Снітка спачатку з’яўляўся сакратаром камітэта, а з 1909 г. стаў яго старшынёй. Ён жа стаў ініцыятарам стварэння і кіраўніком Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1908), які не толькі калекцыяніраваў царкоўныя прадметы, але і праводзіў археалагічныя, археаграфічныя, фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі. Даследчык удзельнічаў у раскопках ў Мінскім, Барысаўскім і Ігуменскім паветах, абследаваў манастыры Слуцка, Пінска і Турава. Апісаў Нікольскую царкву ў Смалявічах, Мінск XVII ст., склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў. Удзельнічаў у выданні «Мінскай даўніны» – зборніка дакументаў, артыкулаў і дакладаў па гісторыі, этнаграфіі і археалогіі Беларусі (1909–1913). У 4-ым выпуску апісаў дакументы Слуцкага Свята-Троіцкага (Трайчанскага) манастыра, вынікі даследаванняў у Тураве. Ён з’яўляецца аўтарам артыкулаў па гісторыі Беларусі і працы па гісторыі Слуцка, рукапіс якой захоўваецца ў архіве Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнічаў з вядомымі вучонымі і даследчыкамі ў галіне гісторыі, археалогіі, археаграфіі, этнаграфіі і фалькларыстыкі А. М. Пановым, Л. М. Савелавым, І. А. Сербавым, Д. В. Скрынчанкам, У. І. Сразнеўскім і інш.
Займаўся дабрачыннасцю, любіў музыку і тэатр, дапамагаў ладзіць грамадскае і духоўнае жыццё ў Радашковічах і Кальзбергу. Ахвяраваў пад вучэльню дом у Радашковічах, а пад час Першай сусветнай вайны – палову свайго дома ў Мінску пад шпіталь.
У 1915 г. А. К. Снітка выехаў у Глухаў (Сумская вобл., Украіна), дзе працаваў настаўнікам гімназіі. Памёр і пахаваны там жа.