Кароткая даведка:
вучоны-фтызіятр, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, адзін са стваральнікаў супрацьтуберкулёзнай службы Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі
Імёны на іншых мовах:
Маршак Ефим Львович (руская); Маршак Хаим Лейбович (руская);
3231 сімвал
Даведка
Хаім Лейбавіч Маршак, вучоны ў галіне фтызіятрыі, адзін са стваральнікаў супрацьтуберкулёзнай службы Беларусі, нарадзіўся ў Мінску ў сям'і служачага. Скончыў прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта (1911) і медыцынскі факультэт (1914) Маскоўскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у Першай сусветнай і грамадзянскай войнах. У 1914–1918 гг. быў старшым урачом палка расійскай арміі, з сакавіка 1918 г. па чэрвень 1921 г. начальнікам ваенна-санітарнага цягніка. У 1921 г. вярнуўся ў Мінск, дзе прызначаны галоўным урачом першага ў Беларусі супрацьтуберкулёзнага дыспансера, якім кіраваў да 1928 г. Хаім Лейбавіч Маршак – адзін з арганізатараў Беларускага дзяржаўнага сухотнага інстытута (у 1928–1941 гг. дырэктар гэтай установы). Адначасова ў 1930–1941 гг. прафесар (1931), загадчык курса туберкулёзу кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута. У гэты перыяд падрыхтавана доктарская дысертацыя на тэму «Рентгенокимография дыхания в применении к теории и практике лечебного пневмоторакса», вучоная ступень доктара медыцынскіх навук прысуджана ў 1940 г. У 1944–1948 гг. Х. Л. Маршак з'яўляўся прафесарам кафедры шпітальнай тэрапіі, загадчыкам курса туберкулёзу Мінскага медыцынскага інстытута. У 1948–1957 гг. ён дырэктар Беларускага НДІ туберкулёзу Міністэрства аховы здароўя БССР.
Усё сваё жыццё Х. Л. Маршак прысвяціў барацьбе з туберкулёзам. Вывучаць праблемы хваробы пачаў яшчэ ў студэнцкія гады. Па даручэнні Усерасійскай лігі барацьбы з туберкулёзам выязджаў у Мінск для чытання лекцый. Вучоны правёў вялікую работу па арганізацыі супрацьтуберкулёзных устаноў і правядзенні мерапрыемстваў па барацьбе і прафілактыцы туберкулезу ў рэспубліцы. Вучонаму належыць больш за 30 навуковых прац. У 1929 г. былі выдадзены работы «Роль диспансера и вспомогательных учреждений в борьбе с туберкулезом» і «Ранняя диагностика легочного туберкулеза и методы борьбы с ним в условиях участка». Шэраг даследаванняў Х. Л. Маршак прысвяціў пытанням рэнтгеналагічнай дыягностыкі і клінікі («Сучасныя праблемы клiнiкi сухот» (1928), «Клинико-рентгенологические типы легочного туберкулеза и значение их в практике борьбы с туберкулезом» (1935), «Разреженный пневмоторакс, его методика и клиническое значение» (1936), «Клiнiчная ацэнка iнфiльтратыўных працэсаў лёгачнага туберкулёзу» (1937)). Пра новы метад дыягностыкі туберкулёзу лёгкіх напісана работа «Применение томофлюорографического метода в комплексе рентгенодиагностики туберкулеза легких» (1957). Ён таксама з'яўляецца аўтарам шэрагу абагульняючых прац па арганізацыі барацьбы з туберкулёзам у Беларусі («Борьба с туберкулезом в БССР» (1938), «Об изучении заболеваемости туберкулезом сельского населения БССР» (1957), «Санаторное лечение на уровне задач борьбы с туберкулезом» (1960)).
Хаім Лейбавіч Маршак акрамя навуковай актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў старшынёй бюро ўрачэбнай секцыі пры рэспубліканскім камітэце прафсаюза «Медсантруд», дэпутатам Мінскага гарадскога Савета, старшынёй рэспубліканскага навуковага таварыства фтызіятраў. Дзейнасць Х. Л. Маршака адзначана ганаровым званнем заслужанага дзеяча навукі БССР (1940), а таксама ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.