Дата нараджэння: 15.08.1947 Падлессе, в., Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка: мастак, які працуе пераважна ў станковым жывапісе, графіцы
Імёны на іншых мовах: Taranda Mikalai Ivanavitch (не вызначана); Таранда Николай Иванович (руская);
Мікалай Іванавіч Таранда нарадзіўся на Брэстчыне, у вёсцы Вялікае Падлессе (цяпер Падлессе) Ляхавіцкага раёна. У вялікай сялянскай сям’і ён быў трынаццатым дзіцём, таму рана пачаў працаваць, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. Пасля васьмігодкі закончыў Баранавіцкае прафтэхвучылішча будаўнікоў і вячэрнюю школу. У 1965 г. паступіў на мастацка-графічнае аддзяленне Віцебскага педагагічнага інстытута. Падчас вучобы шмат часу аддаваў засваенню не толькі базавых акадэмічных ведаў, але і знаёмству з рознымі тэхнікамі і тэхналогіямі выяўленчага мастацтва, асвойваў і адшліфоўваў тэхніку пейзажа, партрэта, нацюрморта, малюнка і лінагравюры, наведваў мастацкія музеі Масквы, Ленінграда, Феадосіі, актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выставах.
Пасля заканчэння інстытута Мікалай Таранда ўзначальваў бюро прамысловай эстэтыкі завода “Чырвоны Кастрычнік” у гарадскім пасёлку Барань. Займаўся эстэтычным афармленнем рабочых месцаў, распрацоўкай інтэр’ераў у цэхах прадпрыемства. Намаганнямі Мікалая Іванавіча быў створаны заводскі музей, праект мемарыяльнага комплекса ў памяць аб воінах-земляках, загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны. Больш за дваццаць гадоў М. Таранда кіраваў дзіцячай студыяй выяўленчага мастацтва, дзе падрыхтаваў для далейшага навучання шмат таленавітых дзяцей з Барані. Больш за шэсць дзясяткаў яго вучняў паступілі ў мастацкія навучальныя ўстановы краіны.
У вольны час мастак не пакідаў заняткаў маляваннем, удасканальваючы сваё майстэрства, і менш чым праз тры гады пасля заканчэння інстытута арганізаваў сваю першую персанальную выставу. 1970-я гады для Мікалая Таранды сталі часам захаплення графікай. У літаграфіях, афортах, лінагравюрах малады мастак адлюстроўваў свой горад, яго ваколіцы, маляўнічыя куткі роднага краю. У гэты перяд з’яўляецца цыкл яго графічных работ “Аршаншчына” (1973–1979), “Сенежскае возера” (1977), “Мантажнікі” (1977–1978). Пазней, у канцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў ХХ ст. ён зноў звяртаецца да графікі і сведчанне таму – графічныя серыі “Сёстры” (1983), “Крым” (1987–1989).
Нягледзячы на добрае валоданне мастацтвам графікі Мікалай Таранда больш вядомы як жывапісец. Сярод яго палотнаў пераважаюць пейзажныя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Магутнай крыніцай натхнення для мастака стаў навакольны свет, прырода, родная зямля. Ён стварае мноства шматпланавых краявідаў з узгоркамі і раўнінамі, азёрамі і рэкамі, старажытнымі храмамі і вясковымі хатамі. У жывапісных палотнах імкнецца абвастрыць і ўзмацніць перажытыя эмоцыі, перадаць захапленне непаўторнай прыгажосцю роднага краю. Шчырасцю ў перадачы пачуццяў вызначаюцца карціны “Ранак на Вадохрышча” (2004), “Натхненне” (2006), “Былая веліч” (2010), “Белы горад” (2013) і інш.
Нацюрморты мастака адметныя своеасаблівай пластычнасцю форм, колеравай рытмікай, вялікай унутранай сілай. Часцей за ўсё ён малюе кветкі, імкнучыся перадаць на палатне свае ўражанні ад іх вытанчанай прыгажосці: “Півоні”, “Бэз” (абедзве 1971), “Кветкі” (1982), “Язмін” (1986), “Сланечнікі” (2010).
Асобнае месца ў творчасці Мікалая Таранды займае адлюстраванне культавых збудаванняў. Помнікі старажытнай архітэктуры напісаны ім з вялікай любоўю і замілаваннем і абуджаюць у гледачоў пачуццё прыгожага. Сведчанне таму карціны “Асенні дзень”, “Сведкі гісторыі”, “Апошні прамень” з серыі “Полацк” (2010), “Ільінская царква”, “Траецкі сабор”, “Праз вякі” з серыі “Вязьма” (2009).
З 1994 г. Мікалай Таранда цалкам прысвяціў сябе творчасці. З 2010 г. мастак супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем “Традыцыя” Беларускага саюза мастакоў, прымае ўдзел у нацыянальных і міжнародных пленэрах, з’яўляецца адным з арганізатараў міжнароднага арт-праекта “Калегіум” Аршанскай гарадской мастацкай галерэі імя В.А. Грамыкі. З работамі мастака змаглі пазнаёміцца жыхары Мінска, Віцебска, Полацка, Оршы, Вязьмы і Смаленска. Жывапісныя творы Мікалая Таранды можна знайсці ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, прыватных калекцыях Беларусі і замежжа, а таксама ў яго мастацкай майстэрні ў вёсцы Зайцава на Аршаншчыне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.
