Дата нараджэння:
10.10.1957 Давыд-Гарадок, г., Столінскі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка:
паэт, шэраг вершаў якога пакладзены на музыку, празаік, публіцыст
Варыянты імя:
Дранько Леанід Васільевіч; Майсюк Леанід Васільевіч
Імёны на іншых мовах:
Dranko-Majsiuk Leanid (не вызначана); Дранько-Майсюк Леонид Васильевич (руская); Дранько-Мойсюк Леонид Васильевич (руская);
3087 сімвалаў
Даведка
Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк прыйшоў у беларускую літаратуру як пясняр хараства, тонкіх пачуццяў, вобразнасці. Прыйшоў, каб сказаць сваё слова пра непаўторнасць імгнення і непахісную красу вечнасці, пра прыгажосць і каханне.
Нарадзіўся паэт у Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы працаваў на заводзе слясарна-мантажных інструментаў. Друкаваць вершы пачаў у раённай газеце. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве, пасля службы ў арміі перавёўся на стацыянар. У 1982 г. пачаў працаваць у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў Мінску. Ужо першы зборнік паэта “Вандроўнік” (1984) адкрыў беларускай літаратуры неардынарнага аўтара са сваім адметным стылем і мастацкім почыркам, удумлівага, духоўна ўзвышанага мастака роднага краю. Другая кніга “Над пляцам” (1986) зместам звязана з родным Давыд-Гарадком, бацькоўскай хатай. Нямала вершаў гэтага зборніка звернута да жанчыны. Тэмы радзімы, узаемаадносін паэта і паэзіі з’яўляюцца вызначальнымі для зборніка “Тут” (1990). Акрамя лірычных вершаў і дзвюх невялікіх паэм – “Курасоўшчына” і “Адам Нядзелька” – ён уключае першыя празаічныя спробы аўтара: эсэ-падарожжы, напісаныя пасля наведвання Бельгіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Ізраіля, Германіі. Проза Л. Дранько-Майсюка ў значнай ступені рытмізаваная, падобная на вершы, эсэ падкупляюць пластычнасцю, страсным і натхнёным лірызмам. Ад эсэістыкі пісьменнік прыйшоў да мастацкай прозы і выдаў зборнікі “Проза радости” (1991, Масква), “Пра тое, як я…” (1992), “Анёлак і я: апавяданне” (2009).
У сярэдзіне 1990-х гг. пабачылі свет зборнікі паэта “Акропаль” і “Стомленасць Парыжам”, навеяныя падарожжам па Грэцыі і Францыі. Нізка вершаў “Маёй цудоўнай А” прынесла паэту славу тонкага прачулага лірыка. Яго верш “У Вашым голасе квітнеюць астры, якіх не бачыў я раней…” стаў амаль класічным. Названы цыкл увайшоў і ў зборнік “Места і Свет” (2000), у якім прадстаўлены творы за розныя гады. Лепшае з напісанага склала кнігі выбраных твораў “Гаспода” (1998), “Вершы. Каханне. Проза” (2003), “Кніга для спадарыні Эл” (2012).
Леанід Дранько-Майсюк – паэт адметнага стылю, адзін з нямногіх, хто ўдала спалучае традыцыйна беларускую сімволіку з класічнай формай. Ён надзвычай тонка адчувае музыку гукаў і ў сваіх творах выключна ўважліва ставіцца не толькі да зместу, але і да іх гучання, адсюль запатрабаванасць яго вершаў беларускімі кампазітарамі. Леанід Васільевіч – аўтар песень пра каханне “Прынц і ружа” (музыка М. Сацуры), “Ты – каралева” (музыка Л. Захлеўнага), “Дон Кіхот” і “Любы князь” (музыка Э. Зарыцкага), “З табою навечна”, “Ружа белая” і “Восень у Версалі” (музыка А. Ціхановіча); пра Радзіму: “Сон лілей” (музыка І. Начына), “Вязе мой, вязу” (музыка Я. Навуменкі), “Аксаміткі” і “Бульба” (музыка Л. Захлеўнага), “Еўфрасіння” (музыка Я. Паплаўскай). Значны ўклад зрабіў паэт у развіццё дзіцячай песеннай лірыкі. З’явай у беларускім песенным жанры стаў альбом З. Вайцюшкевіча “Цацачная крама” на вершы Л. Дранько-Майсюка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2007, актуалізаваны ў 2013 г.