Сярод калег па творчасці Валянцін Рабкевіч заслужыў вялікую павагу менавіта за сваю самаадданую любоў да роднай мовы, якую ён нястомна вывучаў, імкнуўся пранікнуць у яе таямніцы, захаваць у першароднай чысціні і харастве, абараніць ад засмечвання, займаўся пошукам скарбаў народнага слова. У гэтым ён заставаўся паслядоўным і настойлівым да бескампраміснасці. За сваё вельмі плённае творчае жыццё ён пісаў вершы, навуковыя і публіцыстычныя артыкулы, рабіў пераклады, збіраў фальклор. Чулы і шчыры чалавек, адданы сябар, дбайны працаўнік – менавіта такім застаўся ў памяці сваіх родных і сяброў выдатны перакладчык і мовазнавец.
В. Рабкевіч нарадзіўся 15 лютага 1937 г. у в. Аксаміты на Капыльшчыне ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Грозаўскай сярэдняй школе, потым – на гісторыка-філалагічным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Пасля заканчэння вучобы (1959) працаваў настаўнікам, загадчыкам навучальнай часткі ў сярэдніх школах Браслаўскага і Валожынскага раёнаў. У 1965–1968 гг. праходзіў навучанне ў аспірантуры на кафедры беларускай мовы пры Мінскім педагагічным інстытуце. З 1967 г. працаваў у выдавецтве “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”: старшы рэдактар, намеснік загадчыка рэдакцыі, загадчык рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі. З’яўляўся членам тэрміналагічнай камісіі Акадэміі навук БССР. У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Параўнальныя канструкцыі ў мове беларускай мастацкай літаратуры: (структурна-граматычны аналіз)”.
З 1975 г. В. Рабкевіч – у выдавецтве “Мастацкая літаратура”: працаваў рэдактарам, старшым рэдактарам выдавецтва, займаўся падрыхтоўкай да друку штогадовікаў “Далягляды” і “Братэрства”. Падчас працы ў выдавецтве Валянцін Іванавіч звярнуўся да мастацкага перакладу: выступаў у зборніках “Літоўская савецкая паэзія”, “Сучасная венгерская паэзія”, перакладаў М. Гогаля (“Тарас Бульба”, “Рэвізор”, “Мёртвыя душы”). Сярод іншых яго перакладаў: “Птушкі на цернях” К. Маккалаў (сумесна з С. Дорскім), “Жанчына ў пяску” і “Чужы твар” Коба Абэ, “Мама выходзіць замуж” М. Марцінсана, “Мары не паміраюць” Л. Метсара, зборнік “Апавяданні” М. Чарамшыны і інш. Перакладаў творы С. Ясеніна, Э. Селялёніса, К. Івобаця, Р. Траццякова, Д. Салодкага, У. Мірнага. З асаблівым захапленнем перакладаў Г. Ахматаву. Усе яго перакладчыцкія працы сведчаць пра вышэйшую ступень майстэрства перакладчыка, яго здольнасць пранікнуць у творчую манеру іншамоўнага пісьменніка, пра ашчаднае стаўленне да арыгінала, пра дакладную перадачу аўтарскага стылю і індывідуальных рыс мастацкіх характараў.
Акрамя перакладаў вершаў Валянцін Іванавіч пісаў і свае, аднак надрукавана было няшмат. Першы верш “Спаць не хочацца” выйшаў яшчэ ў 1957 г. у часопісе “Работніца і сялянка”. У 1982 г. ён выдаў зборнік вершаў для дзяцей дашкольнага ўзросту “Ад зімы да зімы”, яшчэ чатыры творы надрукаваў у зборніку “Дзень паэзіі–83”. У творчай спадчыне В. Рабкевіча маюцца таксама артыкулы пра родную мову і культуру мовы, якія ён друкаваў у “Літаратуры і мастацтве”, “Беларускім мовазнаўстве”, “Народнай асвеце” і іншых выданнях. Збіраў Валянцін Іванавіч і беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, народныя прыкметы, жарты, загадкі. Пачаў запісваць іх яшчэ ў родных Аксамітах ад маці Анастасіі Іванаўны. Першыя публікацыі здзейсніў у калектыўным зборніку “Матэрыялы са слоўніка”, а ў 1985 г. усё сабранае багацце надрукаваў у кнізе “Паслухай, што людзі кажуць”.
Памёр выдатны паэт, перакладчык і даследчык мовы 6 лютага 1995 г.
Матэрыял падрыхтаваны Мінскай абласной бібліятэкай ім. А.С. Пушкіна ў 2012 г.