Дата нараджэння:
05.01.1892 Арляняты, в., Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
29.11.1949
Кароткая даведка:
грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, дзеяч Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі
Псеўданімы:
Сакалінскі А.; Соколинский
Варыянты імя:
Станкевіч Адам Вінцэнтавіч
Імёны на іншых мовах:
Станкевич Адам Викентьевич (руская);
Крыптанімы:
А.С.; А.Ст.; Ад.С.; Ад.Ст-іч
3663 сімвалы
Даведка
Адам Вікенцьевіч Станкевіч нарадзіўся ў в. Арляняты Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Барунах і Гальшанах. Потым скончыў гарадское вучылішча ў Ашмянах, духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе. У снежні 1914 г. быў пасвячоны ў святары, у 1918 г. атрымаў ступень кандыдата кананічнага права. У час вучобы ў духоўнай акадэміі А. Станкевіч стаў членам беларускага гуртка, потым яго старшынёй, супрацоўнічаў з газетамі «Светач» і «Дзянніца». У 1917 г. з’яўляўся адным з заснавальнікаў і лідараў клерыкальнай дэмакратычнй беларускай нацыянальнай партыі «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (пазней стала называцца «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»). У маі гэтага ж года ўдзельнічаў у з’ездзе беларускага каталіцкага духавенства, які адбыўся ў Мінску, дзе выступіў з рэфератам пра беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух і яго адносіны да царквы.
З восені 1918 г. А. Станкевіч жыў у Вільні. Праводзіў богаслужэнні, выступаў з пропаведзямі на беларускай мове, прызываў да ўдзелу ў палітычным і культурным жыцці, за што быў высланы польскімі ўладамі ў Драгічын. Са жніўня 1919 г. ён зноў у Вільні. Удзельнічаў у дабрачынных арганізацыях, апекаваў дзіцячыя прытулкі, уваходзіў у камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, выкладаў рэлігію ў беларускай гімназіі. У 1922 г. быў выбраны дэпутатам у польскі сейм, дзе стварыў фракцыю Беларускі сялянскі саюз. Выступаючы з прамовамі на пасяджэннях і мітынгах, адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходнебеларускага насельніцтва. У 1924–1926 гг. А. Станкевіч з’яўляўся старшынёй Таварыства беларускай школы (ТБШ) і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. На працягу некалькіх гадоў рэдагаваў і выдаваў штомесячны часопіс для католікаў-беларусаў «Хрысціянская думка», супрацоўнічаў з газетай «Крыніца» і іншымі выданнямі («Калоссе», «Шлях моладзі», «Сялянская ніва»). У 1926 г. стаў адным з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф. Скарыны. З прадмовамі А. Станкевіча і пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі В. Адважнага, Я. Быліны, А. Зязюлі, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, К. Сваяка і інш. У 1925–1944 гг. ён апрацаваў і выдаў некалькі кніг і брашур, прысвечаных гісторыі беларускага нацыянальнага і каталіцкага руху, а таксама асобным пытанням літаратуры і культуры, пераклаў на беларускую мову Евангелле і літургічныя тэксты, выдаў малітоўнік для моладзі.
У лістападзе 1938 г. рашэннем польскіх адміністрацыйных улад А. Станкевіч быў высланы з Вільні ў Слонім на пяць гадоў. У кастрычніку 1939 г. вярнуўся. Удзельнічаў у аднаўленні беларускай дзяржаўнай прагімназіі (стаў яе дырэктарам) і пачатковай школы, з’яўляўся старшынёй Беларускага цэнтра ў Літве (1940), працаваў у «Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа». У гады нямецкай акупацыі займаўся пастарскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. А. Станкевіч быў арыштаваны органамі НКУС (у хуткім часе адпушчаны). У красавіку 1949 г. арыштаваны другі раз і асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (г. Тайшэт Іркуцкай вобласці), дзе і памёр.
Адаму Станкевічу прысвечаны шэраг кніг і публікацый. На падставе яго жыцця зняты фільм «Адам Станкевіч – чалавек, які перамог Мефістофеля». У 2003 г. выйшла кніга У. Конана «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі». У ёй даследуюцца жыццёвы шлях, пастарская, навуковая, літаратурна-публіцыстычная і грамадска-палітычная дзейнасць святара. Мемарыяльная дошка ў гонар А. Станкевіча ўстаноўлена на будынку Віленскай беларускай гімназіі.