Каятан Крашэўскі нарадзіўся ў в. Доўгае Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць) у шляхецкай сям’і. Музычную адукацыю атрымаў дома. Навукі спасцігаў у Свіслацкай гімназіі, падчас вучобы ў якой праявіў добрыя літаратурныя здольнасці. Астраном Я. Бараноўскі, у якога К. Крашэўскі вучыўся ў Варшаве, прывіў яму цікаўнасць да прыродазнаўчых навук, фізікі і астраноміі. У 1856 г. малады шляхціц у сваім спадчынным маёнтку ў в. Раманава на Падляшшы (цяпер Польшча) арганізаваў астранамічную і метэаралагічную абсерваторыю з сучасным абсталяваннем, дзе праводзіў навуковыя даследаванні, вынікі якіх апублікаваў у 1866 г. у французскім часопісе «Космас».
Акрамя заняткаў астраноміяй і метэаралогіяй пісаў гістарычныя аповесці, абразкі, камедыі, гавэнды і мемуары, падзеі ў якіх адбываліся пераважна на Беларусі: «Брэсцкі канюшыц» (1875), «3 паданняў і нататак» (1892), «Патурчэнцы» (1895), «3 успамінаў кашталяніца» (1896) і інш. У перыядычным друку («Slowo», «Klosy», «Tygodnik Illustrowany» і іншых) выступаў з ананімнымі анекдотамі і вершамі.
Каятан Крашэўскі быў таксама скульптарам, добра маляваў, іграў на фартэпіяна, сачыняў музыку. Большасць створаных ім музычных кампазіцый, сярод якіх пераважна мініяцюры, канцэрты, санаты, а таксама творы для голасу і фартэпіяна на словы Ю.І. Крашэўскага, А. Міцкевіча і іншых, была напісана ў 1849–1856 гг. Яны не набылі вялікай папулярнасці, аднак некаторыя з іх былі надрукаваны ў Варшаве і раз-пораз выконваліся.
У сваім маёнтку К. Крашэўскі меў вялікую бібліятэку з дзесяці тысяч тамоў, у якой была значная колькасць старадрукаў, матэрыялаў з архіва Сапегаў, кніг па прыродазнаўстве, фізіцы, гісторыі, твораў мастацкай літаратуры. Уладальнік маёнтка займаўся збіраннем гербаў, польскіх хронік, матэрыялаў часоў праўлення С.А. Панятоўскага і інш.
Памёр Каятан Крашэўскі 1 ліпеня 1896 г. у Старым Купліне Гродзенскай губерні (зараз Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць), пахаваны ў Вішневе пад г. Бяла (Польшча). Вялікія хатнія зборы працягнуў папаўняць яго сын Крыштоф. У далейшым частка фондаў бібліятэкі была ім ахвяравана бібліятэцы імя Г. Лапацінскага (Люблін), рукапісныя творы – Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў), астранамічныя прыборы – Варшаўскаму навуковаму таварыству.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.