Дата нараджэння: 28.02.1937 Расія
Кароткая даведка: гісторык-медыявіст, кнігазнавец, гісторык культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994)
Імёны на іншых мовах: Голенченко Георгий Яковлевич (руская);
Сярод вядомых дзеячаў беларускай гістарыяграфічнай навукі вылучаецца неардынарны вучоны, гісторык-медыявіст, кнігазнавец Георгій Якаўлевіч Галенчанка. Нарадзіўся ён 28 лютага 1937 г. у Петразаводску (Карэлія) у сям'і настаўніка. Пасля вайны бацьку прызначылі на пасаду выкладчыка Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. З 1945 г. жыццё Г. Я. Галенчанкі звязана з Беларуссю. Цяга да гуманітарных навук прывяла яго на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў у 1960 г. Дыпломная праца, прысвечаная беларускаму кірылічнаму кнігадрукаванню, прадстаўленая на Усесаюзным закрытым аглядзе-конкурсе студэнцкіх навуковых прац за 1959–1960 гг., атрымала залаты медаль Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі СССР. Гэта дало магчымасць далей вывучаць кірылічныя старадрукі ў фондах Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі) – Г.Я. Галенчанка стаў супрацоўнікам аддзела рэдкай кнігі бібліятэкі.
Кнігазнаўчая тэматыка адна з вядучых у даследаваннях гісторыка. У 1961 г. выйшла яго першая публікацыя “Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI–XVIII вв”. Пасля вучобы ў аспірантуры Маскоўскага дзяржаўнага гісторыка-архіўнага інстытута (цяпер Расійскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт) Георгій Якаўлевіч паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю “История белорусского книгопечатания XVI–XVIII вв. (кирилловского)” (1965). Пасля трох гадоў выкладчыцкай працы ў БДУ далейшы навуковы лёс Г. Я. Галенчанкі звязаны з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН Беларусі), дзе з 1968 г. ён працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, з 1991 па 2005 г. – загадчыкам аддзела спецыяльных гістарычных навук, з 2005 г. – галоўным супрацоўнікам аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу.
Георгій Якаўлевіч займаецца навукова-даследчай працай. Тэматыка яго даследаванняў надзвычай багатая і разнастайная: крыніцазнаўства, гістарыяграфія эпохі феадалізму, гісторыка-культурныя працэсы, гісторыя царкоўна-рэлігійных і этнічных адносін, кнігадрукавання ў Беларусі XVI–XVIII стст., гістарыяграфія скарыназнаўства. Для зводнага каталога “Кніга Беларусі 1517–1917” (1986) даследчык падрыхтаваў раздзел “Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII стст.”. Гісторык першым даў падрабязнае апісанне, зрабіў аналіз зместу кірылічных выданняў, што былі надрукаваны на беларускіх землях. У 2005 г. гэты каталог быў выдадзены Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ўжо ў электронным выглядзе.
Большую частку жыцця Г.Я. Галенчанка прысвяціў вывучэнню гістарычнай спадчыны Ф. Скарыны і яго асяроддзя. Знайшоў і ўвёў у навуковы ўжытак шэраг новых дакументаў пра першадрукара. Пра гэта сведчыць непасрэдны ўдзел даследчыка ў падрыхтоўцы навукова-папулярнай кнігі “Францыск Скарына” (з В.А. Чамярыцкім і В.Ф. Шматавым). Яна атрымала прэмію ЮНЕСКА і была выдадзена ў Парыжы на французскай і англійскай мовах (1979 і 1980). Кніга паспрыяла пашырэнню ў свеце звестак пра першадрукара і Беларусь. У 1990 г. выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” вырашыла факсімільна аднавіць усе скарынаўскія выданні. Перавыданне было прысвечана 500-годдзю з дня нараджэння першадрукара. Для гэтага неабходна было сабраць поўны ўзорны экзэмпляр, дапоўнены аркушамі з розных выданняў. Г.Я. Галенчанка стаў не толькі ініцыятарам, але і складальнікам, навуковым кансультантам, аўтарам археаграфічнага каментарыя да трохтомнага факсімільнага выдання “Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517–1519 гадах” (1990–1991). Даследчык наведаў буйныя бібліятэкі Усходняй Еўропы для таго, каб выбраць найбольш поўныя рарытэты. Кніга аздоблена партрэтам першадрукара і яго гравюрамі. Гэта было першае нецаркоўнае выданне Бібліі Ф. Скарыны ва ўсім свеце. За цыкл прац, прысвечаных першадрукару, Г.Я. Галенчанка разам з іншымі калегамі атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (1994). Вынікам грунтоўных шматгадовых даследаванняў з'явілася манаграфія “Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар” (1993), што стала падставай для доктарскай дысертацыі, абароненай у 1999 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Адзін з важных напрамкаў навуковай дзейнасці Г.Я. Галенчанкі – вывучэнне пытанняў сацыяльна-палітычнай, канфесіянальнай і этнічнай гісторыі Беларусі XIII–XVI стст., што знайшло адлюстраванне ў выданнях “Идейные и культурные связи восточно-славянских народов в XVI – середине XVII в.” (1989), “Еўрапейскiя сувязi Беларусi ў этна-канфесiйным i духоўным кантэксце (XIII – сярэдзiна XVII ст.)” (1998), “Невядомыя і малавядомыя помнікі духоўнай спадчыны і культурных сувязей Беларусі XV – cярэдзіны XVII ст.” (2008) і іншыя, якія дазваляюць не толькі навукоўцам, але і шырокаму колу чытачоў узбагаціць свае веды пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі.
Вядомасць даследчыку як аўтару, рэцэнзенту, навуковаму кансультанту, члену рэдкалегіі прынёс удзел у падрыхтоўцы і напісанні артыкулаў для энцыклапедычных даведнікаў “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” (у 12 т.), “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (у 5 т.), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (у 6 т.), “Беларуская энцыклапедыя” (у 18 т.), “Скарына і яго час”, “Статут ВКЛ 1588 года”, “Вялікае Княства Літоўскае” (у 3 т.) і інш. Г.Я. Галенчанка прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы праекта, які ажыццяўляўся беларускім фондам культуры “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, і падрыхтаваў грунтоўныя артыкулы для першай і другой кніг гэтага выдання (2000, 2003). У суаўтарстве з Г.В. Штыхавым і П.А. Лойкам былі падрыхтаваны падручнікі для ВНУ, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі для сярэдніх школ: вучэбны дапаможнік для 10-га класа ў дзвюх кнігах “Гісторыя Беларусі: другая палова XIII – XVIII ст.” (1997), дапаможнік для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання “Гісторыя Беларусі” для школ з рускай і беларускай мовамі навучання, рэдактарам якога быў Г. Я. Галенчанка разам з М. С. Сташкевічам, І. І. Багдановічам, вытрымаў шэсць перавыданняў і дапаўненняў з 2005 па 2011 г. Пад рэдакцыяй Г.Я. Галенчанкі створаны вучэбны дапаможнік для 7-га класа агульнаадукацыйных школ з беларускай і рускай мовамі навучання “Гiсторыя Беларусi, XVI–XVIII стст.” П. А. Лойкі (1998, перавыдадзены ў 2000 г.).
Акрамя няспыннай навуковай працы жыццё даследчыка напоўнена актыўнай навукова-арганізацыйнай і педагагічнай дзейнасцю. Ён чытаў спецыяльныя курсы на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і інш. Доўгі час Г. Я. Галенчанка быў членам Навуковай рады Навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. Шмат гадоў з'яўляўся членам навуковага спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Зараз ён галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прафесар кафедры культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Навуковыя працы вучонага публікуюцца за межамі Беларусі, у тым ліку і ў краінах далёкага замежжа на рускай, французскай, польскай, украінскай, нямецкай і італьянскай мовах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.