Кароткая даведка:
гравёр, картограф, друкар, мастак, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Літвы і Польшчы
Псеўданімы:
Міковіус
Імёны на іншых мовах:
Маковский Тамаш (руская);
Крыптанімы:
Т.М.
4348 сімвалаў
Даведка
У першай палове XVII ст. быў шырока вядомы таленавіты беларускі мастак-гравёр і картограф Тамаш Макоўскі, які зрабіў шмат для развіцця мастацтва гравюры на тэрыторыі Беларусі.
Аб яго жыцці і творчай дзейнасці дайшло зусім мала звестак. Вядома, што нарадзіўся Т. Макоўскі ў Гданьску. У 1600–1611 гг. быў на службе пры двары Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (напэўна, на пасадзе каморніка), дзе выконваў і работы мастацкага характару. Некаторы час кіраваў друкарняй.
Асабліва вялікай папулярнасцю карыстаўся Т. Макоўскі як афарміцель кніг. Таленавіты нясвіжскі мастак ілюстраваў многія выданні, што выйшлі ў Нясвіжы і іншых гарадах Беларусі, Літвы і Заходняй Еўропы. У 1601 г. у Брунсбергу была надрукавана на лацінскай мове кніга “Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю” М. Радзівіла, дзе змешчаны партрэт вандроўніка, выгравіраваны Т. Макоўскім. Тытульны ліст адбіты з гравюры на медзі, на ім – рамка з іерусалімскім крыжам. У 1604 г. мастак праілюстраваў кнігу вучняў Нясвіжскага калегіума “Панегірыка братоў Скарульскіх – Яна, Захара і Мікалая”. Гравюры, выкананыя для гэтай кнігі, сведчаць пра высокае майстэрства Т. Макоўскага, багатую фантазію і ўменне перадаваць у даволі складаных кампазіцыях міфалагічны і гістарычны змест. У цэнтры аднаго з лістоў паказана арка з гербам князёў Радзівілаў. Па баках герба – дзве фігуры. Адна з іх – барадаты мужчына ў адзенні ўсходніх народаў XIV–XVI стст., які трымае ў руцэ карону з надпісам на лацінскай мове. Другая – чалавек у рымскім адзенні, таксама з каронай у руцэ. Па баках аркі размешчаны чатыры медальёны, на якіх цытуецца ўказ Жыгімонта III аб прысваенні М. Радзівілу ў 1604 г. тытула віленскага ваяводы. Асаблівай увагі заслугоўваюць ніжнія медальёны. На адным размешчана лаўровае дрэва на фоне езуіцкага і бернардзінскага касцёлаў Нясвіжа, на другім – калона з палаючым факелам на фоне двух замкаў Вільні і часткі горада. У сваіх творах мастак адлюстраваў віды і замкі Нясвіжа, Клецка, Вільні, Трокаў, Гродна і многіх іншых гарадоў. Увагі заслугоўвае серыя гравюр “Асада Смаленска” (1611) пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй, дзе паказана, як пад кіраўніцтвам ваяводы М. Шэіна рускія войскі і насельніцтва Смаленска на працягу 20 месяцаў гераічна абаранялі горад. Пазней гэтыя гравюры былі падораны Пятру I. Талент Т. Макоўскага як гравёра належным чынам раскрыўся і пры выкананні медзярытаў да кнігі пра конегадоўлю К. Дарагастайскага “Гіпіка” (1603, Кракаў; 1620, Познань). Мастак не проста зрабіў ілюстрацыі да тэксту, а стварыў сюжэтна завершаныя кампазіцыі. Коні адлюстраваны ці на ўлонні прыроды, ці на фоне гарадоў і замкаў. Да гэтай кнігі майстар выканаў 50 гравюр.
Тамаш Макоўскі – аўтар (сумесна з картографам М. Струбічам) першай дакладнай карты Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), да якой склаў тлумачальны тэкст з характарыстыкай і апісаннем беларускіх зямель. Яна ўпершыню была надрукавана на чатырох аркушах каля 1603 г. у Амстэрдаме, мае незвычайны выгляд: намаляваны віды замкаў і храмаў. На карце дэталёва паказаны план мясцовасці з рэкамі і гарадамі, даецца апісанне на лацінскай мове прыродных багаццяў краю, пералічваюцца рэкі, прыводзяцца звесткі пра гандлёвае суднаходства паміж гарадамі, буйныя гарады, іх навучальныя і іншыя ўстановы. Расказваецца аб народных звычаях, сялянскіх курных хатах, раскошы магнацкіх палацаў. Злева выгравіраваны тэкст, які сведчыць, што выданне здзейснена пры дапамозе і на сродкі М. Радзівіла. Сама карта была аформлена па-мастацку, упрыгожана рамкай, віньеткамі, малюнкамі караблёў, якія плывуць па марскіх прасторах. Яна мела і навуковую, і мастацкую каштоўнасць. Шырокую папулярнасць атрымала карта ў падарожнікаў, палкаводцаў, географаў Еўропы, таму неаднаразова перавыдавалася ў XVII ст. Захавалася толькі другое выданне 1613 г., якое знаходзіцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта.
Свае работы нясвіжскі гравёр падпісваў па-рознаму: Маковіус, Макоўскі, манаграмай Т. М. Вядомы таксама подпіс 1611 г.: “Макаў выразаў у Нясвіжы”.
Тамаш Макоўскі зрабіў значны ўклад у развіццё графічнага мастацтва ВКЛ, беларускае выяўленчае мастацтва, картаграфію, друкарскую справу. Пра апошні перыяд жыцця таленавітага майстра звестак не засталося, таму сёння беларускія вучоныя і краязнаўцы знаходзяцца ў пошуках новых фактаў яго жыцця і дзейнасці.