Нарымонт (Нарымунт, Нарымант; у праваслаўі Глеб), сын Гедзіміна
Дата нараджэння:
каля 1294
Дата смерці:
02.02.1348
Кароткая даведка:
князь полацкі і пінскі, сын вялікага князя літоўскага Гедзіміна
Варыянты імя:
Нарымант; Нарымунт
Імёны на іншых мовах:
Gleb (англійская); Hleb (англійская); Narymunt (англійская); Глеб (руская); Наримунт (руская);
1738 сімвалаў
Даведка
Другі сын вялікага князя літоўскага Гедзіміна Нарымонт, па меркаванні даследчыкаў, нарадзіўся каля 1294 г. Упершыню яго імя з’явілася ў гістарычных крыніцах у 1331 г. Прычынай гэтаму стала затрыманне на Валыні наўгародскага архіепіскапа Васіля, у абмен на свабоду якога, была дасягнута дамоўленнасць на абранне Нарымонта князем Ноўгарада (зараз г. Вялікі Ноўгарад, Расія). У карыстанне яму былі перададзены таксама і прылягаючыя землі (Ладага, Арэшак, Карэла і палова Капор’я). Прыблізна ў гэты ж перыяд Нарымонт быў ахрышчаны і ў праваслаўі атрымаў імя Глеб.
Новаабраны князь прыбыў у Наўгародскае княства ў кастрычніку 1333 г. Аднак панаваў там нядоўга. Верагодна для таго, каб заняць полацкі пасад, праз два гады з’ехаў з Ноўгарада, пакінуўшы замест сябе сына Аляксандра. Некалькі гадоў Нарымонт княжыў у Полацку. У гэты перыяд ён з’яўляўся адным з самых уплывовых князёў і буйнейшым землеўладальнікам Вялікага Княства Літоўскага (з 1341 г. па завяшчанні бацькі валодаў Пінскім княствам). У 1338 г. разам з полацкім епіскапам Рыгорам ён падпісаў дагаварную грамату з лівонскім магістрам і горадам Рыгай, у дадатку да якой былі абумоўлены ўмовы вольнага гандлю. Адбітак на гэтым дакуменце асабовай пячаткі князя з выявай вершніка лічыцца першым вядомым прататыпам герба “Пагоня”.
Пасля прыходу на вялікакняжацкі пасад брата Альгерда (1345) Нарымонт, які падтрымліваў папярэдняга вялікага князя Яўнута, быў вымушаны пакінуць Полацкае княства і шукаць абароны ў хана Залатой Арды Джанібека. Аднак у хуткім часе вярнуўся і з 1347 г. прыняў удзел у паходзе Вялікага Княства Літоўскага супраць Тэўтонскага ордэна. Загінуў князь 2 лютага 1348 г. у бітве на р. Стрэва каля Крэва (сучасны г. Каўнас, Літва).