Псеўданімы:
Гаротная Алеся; Звястун; Зніч А.; Зніч Ал.; Казальнік; Этнограф
Імёны на іншых мовах:
Шлюбский Александр Онуфриевич (руская);
Крыптанімы:
А.; А.Г.; А.Ш.; Ал.Ш-скі; Ал.Ш.
2660 сімвалаў
Даведка
Значны ўклад у захаванне культурнай спадчыны беларускага народа ў першай трэці ХХ ст. унёс выдатны этнограф, архівіст і літаратуразнавец Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі.
Нарадзіўся ён у в. Межава Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Расонскі раён Віцебскай вобласці). Скончыў Віцебскае духоўнае вучылішча, пасля – Віцебскую духоўную семінарыю (1917). У далейшым вучыўся на археаграфічным факультэце Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. Працаваў памочнікам справавода ў Веліжскім павятовым ваенным камісарыяце, быў навуковым супрацоўнікам, архіварыусам і архівістам Віцебскага губернскага архіва.
Яшчэ ў 1918 г. А.А. Шлюбскі разам з іншымі энтузіястамі заняўся аднаўленнем разрабаваных архіваў Віцебшчыны, якія ў міжваенны перыяд апынуліся на мяжы знішчэння. Удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Оршы, Полацку, Віцебску. Актыўна збіраў этнаграфічны матэрыял, дзеля чаго нават распрацаваў разгорнутую інструкцыю «Сведения по собиранию устного народного творчества в Белоруссии» (1919). У 1923 г. даследчык стаў сакратаром фальклорна-дыялектычнай камісіі і камісіі гісторыі мастацтваў Інстытута беларускай культуры. Вывучаў старажытныя вераванні, матэрыяльную культуру, гісторыю літаратуры і перыядычнага друку, падзеі грамадзянскай вайны ў Беларусі і інш. Розным пытанням беларусазнаўства А.А. Шлюбскі прысвяціў шэраг артыкулаў, надрукаваных у перыядычных выданнях «Наш край», «Полымя», «Маладняк», «Савецкая Беларусь»: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Паны і сяляне ў першай палове ХІХ стагоддзя» (1924), «Да гісторыі канфіскацыі “Нашай нівы”» і «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага княства Літоўскага» (1925), «Крашаніна (набіванка)» і «“Мужыцкая праўда” К. Каліноўскага» (1926) і інш. Стварыў таксама асобныя нарысы-партрэты Е.Р. Раманава, М.Я. Нікіфароўскага, З. Бядулі, У.М. Дабравольскага. Вынікі амаль дзесяцігадовай збіральніцкай і даследчыцкай працы А.А. Шлюбскі апублікаваў у фундаментальным выданні «Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі» (1927), у якім сабраў і сістэматызаваў звесткі пра ўсе выяўленыя ім публікацыі ў зборніках, перыядычных выданнях і архівах. Фальклору, сямейна-бытавым абрадам і звычаям Падзвіння прысвяціў грунтоўную працу «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1–2, 1927–1928).
У 1929 г. А.А. Шлюбскі стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Праз год па беспадстаўным абвінавачванні арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў ссылкі ў Ніжні Ноўгарад. У 1935 г. прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі. Па некаторых звестках загінуў у першыя гады вайны.