Народая артыстка Беларусі Таццяна Міхайлаўна Яршова нарадзілася ў сталіцы Латвіі – г. Рыга. Музыка і танец з маленства ўвайшлі ў яе жыццё: у пяцігадовым узросце дзяўчынка ўпершыню ўбачыла балетны спектакль Рыжскага тэатра оперы і балета, пасля чаго вырашыла стаць сапраўднай балерынай. Пасля заканчэння Рыжскага харэаграфічнага вучылішча Таццяна Яршова была прынята ў трупу Латвійскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета.
У 1976 г. у Мінску праходзіў І Усесаюзны фестываль творчай моладзі тэатраў оперы і балета. І журы, і гледачоў уразіла бездакорная чысціня і элегантнасць выканаўчай манеры, упэўненасць і свабода, з якой трымалася на сцэне маладая салістка Латвійскага тэатра оперы і балета Таццяна Яршова. У той час балерына ўжо была лаўрэатам Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974). У 1976 г. галоўны балетмайстар Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР В. Елізар’еў прапанаваў маладой балерыне пераехаць у Мінск.
З 1976 па 1995 г. Таццяна Яршова з’яўлялася галоўнай салісткай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. За доўгі час творчай працы балерынай зроблена нямала: Адэта – Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж. Бізэ – Р. Шчадрына), Раймонда («Раймонда» А. Глазунова), Нэле («Тыль Уленшпігель» Я. Глебава), Жызэль («Жызэль» А. Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х. Левенскольда), Фрыгія («Спартак» А. Хачатурана), Кітры («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Ліза («Ліза і Кален» Л. Герольда), Распусніца («Карміна Бурана» К. Орфа), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І. Стравінскага), Джульета («Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева) і інш. Тонкае адчуванне музыкі, вытанчаны густ, акадэмізм і дакладнасць стылю, выразнасць эмоцый – вось асноўныя рысы творчай індывідуальнасці Таццяны Яршова, якой былі цікавы не толькі асобныя пластычныя знаходкі, але дакладнасць і чысціня танца ўвогуле. Яе гераіні, лірычныя і пяшчотныя, поўныя непахіснай веры ў перамогу светлых пачаткаў жыцця, размаўлялі на рознай харэаграфічнай мове, але ўсім ім было ўласціва жыццярадаснае, аптымістычнае светаадчуванне, высакароднасць, гарманічнасць, суразмернасць. З Таццянай Яршовай ахвотна супрацоўнічалі знакамітыя балетмайстры Пётр Гусеў, Асаф Месерэр, Ірына Калпакова. Пластыка сучасных балетаў дапамагала Таццяне Яршовай больш натуральна адчуць сябе ў пластычных маналогах, развівала акцёрскія здольнасці, уменне напоўніць рух псіхалагічна апраўданым зместам. Побач з артысткай заўсёды быў яе нязменны партнёр Аляксандр Мартынаў.
Разам з трупай тэатра таленавітая балерына гастралявала ў Венгрыі, Манголіі, Егіпце, Італіі, Іспаніі, Кувейце, Мексіцы, Партугаліі, Сірыі, Тайландзе, Францыі, Германіі, ёй прапаноўвалі кантракты за мяжой, але Т.М. Яршова не здрадзіла беларускаму балету.
Пасля завяршэння балетнай кар’еры Таццяна Міхайлаўна засталася ў тэатры балетмайстрам-рэпетытарам – працуе з маладымі артыстамі. У 1992 г. двое маладых салістаў тэатра – Кацярына Фурман і Веніямін Захараў былі адзначаны дыпломамі І Міжнароднага незалежнага конкурсу маладых артыстаў балета імя С. Дзягілева ў Маскве, а Таццяна Міхайлаўна, як лепшы педагог-рэпетытар таксама атрымала дыплом гэтага конкурсу; у гэтым жа годзе за вялікі ўклад у развіццё і прапаганду беларускага балетнага мастацтва ёй было прысуджана званне народнай артысткі Беларусі.
У сярэдзіне 1990-х гг. адбыўся дэбют Таццяны Яршовай на драматычнай сцэне, дзе яна выканала ролю балерыны Сары ў спектаклі «Кантрабас» (п’еса П. Зюскінда, пастаноўка Р. Таліпава). У 2003 г. прадстаўніца зорнай пляяды беларускіх артыстаў балета Таццяна Міхайлаўна Яршова стала лаўрэатам прэміі “Філіп Морыс” у намінацыі “Жыццё ў мастацтве”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.