Дата нараджэння:
25.03.1922 Кліны, в., Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
9 ці 10.01.2010
Кароткая даведка:
мовазнавец, заслужаны настаўнік Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), удзельнік партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, узнагароджаны ордэнам Айчыннав вайны ІІ ст.
Імёны на іншых мовах:
Евневич Михаил Станиславович (руская);
4014 сімвалы
Даведка
Значны ўклад у беларускае мовазнаўства і развіццё методыкі выкладання беларускай мовы ўнёс вучоны-лінгвіст, педагог Міхаіл Станіслававіч Яўневіч.
Нарадзіўся ён у в. Кліны Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 г. паступіў на літаратурны факультэт Магілёўскага настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада. Пасля вызвалення Беларусі працягваў вучобу, у 1945 г. скончыў настаўніцкі інстытут, а ў 1947 г. – філалагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (зараз Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова). Пасля атрымання дыплома выкладаў беларускую мову ў Радчыцкай школе Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, затым працаваў настаўнікам, завучам, дырэктарам у школах Валожына і Барысава. У 1952 –1955 гг. вучыўся ў аспірантуры Мінскага педагагічнага інстытута (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). З 1955 г. працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства. У 1956 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Функции и значения предлогов на, у, з, за в современном белорусском литературном языке», у 1982 г. – доктарскую на тэму «Синтаксическая синонимика в современном белорусском литературном языке: (предлож-но-падежные конструкции с пространственным значением)». У 1984 г. атрымаў вучонае званне прафесара. У 1982–1993 гг. загадваў кафедрай беларускага мовазнаўства. З 1994 па 2005 г. працаваў выкладчыкам.
Навуковыя працы М.С. Яўневіча прысвечаны сінтаксісу беларускай мовы, праблемам сінтаксічнай сінанімікі. Яго манаграфія «Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове» (1977) стала першым даследаваннем, у якім апісана сістэма сінанімічных сродкаў выражэння прасторавых адносін у межах асобнага словазлучэння. Грунтоўны аналіз фактычнага матэрыялу дазволіў вывучыць іх структуру і значэнні, прадуктыўнасць канструкцый, тэндэнцыі развіцця, ступень ужывання ў літаратурнай мове. Метадычны і навуковы талент вучонага, багаты выкладчыцкі вопыт паслужылі асновай для стварэння вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы. У суаўтарстве з У.К. Андрэенкам ён падрыхтаваў падручнікі па беларускай мове для 5–9 класаў, якія перавыдаваліся амаль на працягу 30 гадоў. Навуковая глыбіня, сістэматычнасць і даступнасць выкладання прадстаўленага ў іх матэрыялу дазволілі навучыць роднай мове шмат пакаленняў беларускіх школьнікаў. У мэтах арганізацыі самастойнай вучобы студэнтаў філалагічных факультэтаў М.С. Яўневіч напісаў дапаможнік «Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы» (1969, у суаўтарстве). Мовазнавец удзельнічаў у стварэнні выданняў «Сучасная беларуская літаратурная мова. Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія» (3-е выданне, дапрацаванае і дапоўненае, 1993), «Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія» (1997). Міхаіл Станіслававіч апублікаваў больш за 50 навуковых прац.
Вучоны ўнёс значны ўклад у падрыхтоўку навуковых кадраў па беларускай лінгвістыцы, настаўнікаў-філолагаў. Ён быў старшынёй Спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка, з’яўляўся членам вучонага савета ўніверсітэта і савета факультэта беларускай філалогіі і культуры, членам саветаў па абароне доктарскіх дысертацый у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1989–1990 гг. удзельнічаў у падрыхтоўцы Закона БССР «Аб мовах у Беларускай ССР» і «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР» (1990), а таксама ў рабоце Дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні беларускага правапісу (1993).
Педагагічная, навуковая і грамадская дзейнасць вучонага адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР за стварэнне школьных падручнікаў па беларускай мове (1990). Ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985), медалём Францыска Скарыны (1992). У 1972 г. М.С. Яўневічу прысвоена званне «Заслужаны настаўнік БССР».