Кароткая даведка:
вучоны ў галіне лесазнаўства, глебазнаўства і радыеэкалогіі лесу, акадэмік НАН Беларусі, замежны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, дзяржаўны дзеяч
Імёны на іншых мовах:
Ipatyev Victor Alexandrovich (не вызначана); Ипатьев Виктор Александрович (руская);
3180 сімвалаў
Даведка
Іпацьеў Віктар Аляксандравіч нарадзіўся ў Омску (Расія) у сям’і вучонага. У дзяцінстве разам з бацькамі пераязджаў у Мічурынск (Тамбоўская вобласць, Расія), Мінск, Горкі. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на гідрамеліярацыйны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, затым быў пераведзены на лесагаспадарчы факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава (зараз Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт імя С.М. Кірава), які скончыў у 1965 г. З 1967 па 1970 г. вучыўся ў аспірантуры. У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Влияние лесоосушения на изменение свойств торфяно-болотных почв переходного типа и продуктивность сосновых насаждений в Минской области БССР», у 1986 г. – доктарскую дысертацыю на тэму «Повышение продуктивности лесов на осушенных землях».
З 1966 па 1989 гг. В.А. Іпацьеў працаваў у Беларускім тэхналагічным інстытуце інжынерам-глебазнаўцам, затым асістэнтам, дацэнтам, загадчыкам кафедры глебазнаўства і геалогіі, прафесарам. У 1989–2006 гг. быў дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі (зараз Інстытут лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). За гады кіраўніцтва В.А. Іпацьева інстытут стаў значнай навуковай установай, у ім развіваліся перспектыўныя кірункі па лесазнаўстве, праводзіліся фундаментальныя даследаванні па маніторынгу і прагназаванні радыяцыйных забруджванняў у лясах, іх рэабілітацыі. Была адноўлена матэрыяльная база, арганізаваны Савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС В.А. Іпацьеў прымаў удзел у рабоце па мінімізацыі наступстваў радыяцыйнага забруджвання лясных біягеацэнозаў. Ён з’яўляецца стваральнікам навуковай школы па вывучэнні паводзін радыенуклідаў у лясных экасістэмах і метадах рэабілітацыйнага ўздзеяння на забруджаныя радыенуклідамі лясныя тэрыторыі. Дзякуючы В.А. Іпацьеву сфарміраваўся такі новы навуковы кірунак як радыеэкалагічнае лесазнаўства.
Віктар Аляксандравіч – аўтар каля 290 навуковых прац, прысвечаных лесазнаўству, лясной гідралогіі, радыеэкалогіі лесу, пытанням аптымізацыі воднага рэжыму і жыўлення лясных насаджэнняў ва ўмовах залішняй увільготненасці глеб, паскарэння рэабілітацыі лясных экасістэм пасля радыенукліднага забруджвання. Сярод іх – «Опыт повышения продуктивности болотных лесов в Финляндии и использование его в БССР» (1976), «Современные приемы повышения продуктивности мелиорируемых лесов» (1982, у суаўтарстве), «Водный режим и потребление элементов питания в мелиорированных сосновых фитоценозах» (1990), «Лес и Чернобыль. Лесные экосистемы после аварии на Чернобыльской АЭС, 1986–1994» (1994, у суаўтарстве), «Лес и человек в условиях глобального радиоактивного загрязнения» (2002), «Радиоэкологический феномен лесных экосистем» (2004, у суаўтарстве), «О реабилитации мелиорированных техногенно загрязненных лесных экосистем» (2007) і інш.
У 1996 г. В.А. Іпацьеў быў выбраны акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, у 1998 г. – замежным членам Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук. У 1997–2001 гг. уваходзіў у Прэзыдыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, са студзеня па май 2001 г. выконваў абавязкі яе прэзідэнта.