Дата нараджэння:
01.06.1937 Стары Дзедзін, в., Клімавіцкі раён, Магілёўская вобласць
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне ветэрынарыі, адзін з заснавальнікаў ветэрынарнай вірусалогіі ў Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Ковалёв Николай Андреевич (руская);
3615 сімвалаў
Даведка
Вядомы беларускі вучоны Мікалай Андрэевіч Кавалёў нарадзіўся ў в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сямігадовай школы ў 1950 г. паступіў у Клімавіцкі ветэрынарна-заатэхнічны тэхнікум. З 1954 па 1959 г. вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. Працоўную дзейнасць пачаў у Клімавіцкай раённай ветэрынарнай лячэбніцы. У 1961 г. паступіў у аспірантуру пры Беларускім навукова-даследчым ветэрынарным інстытуце (з 2007 г. Рэспубліканскае навукова-даследчае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага»). Пасля заканчэння (1964) працаваў малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела гэтага інстытута. У 1965 г. М.А. Кавалёў абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Эпизоотоология бешенства в Белоруссии и вопросы специфической профилактики», у 1977 г. доктарскую дысертацыю на тэму «Вопросы патогенеза и пути усовершенствования лабораторной диагностики и специфической профилактики бешенства». У 1979 г. вучонаму было прысвоена званне прафесара. У 1988 г. М.А. Кавалёва прызначылі дырэктарам Беларускага НДІ эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага. У 1992 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам, у 1994 г. акадэмікам Акадэміі аграрных навук Беларусі. З 1992 г. з'яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення жывёлагадоўлі і ветэрынарнай медыцыны акадэміі, з 1997 г. намеснікам. У 1999 г. загадваў лабараторыяй, у 2002 г. стаў галоўным навуковым супрацоўнікам. У 2003 г. М.А. Кавалёў абраны правадзейным членам Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь і ганаровым прафесарам Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Навуковая дзейнасць М.А. Кавалёва прысвечана даследаванню эпізааталогіі прыродна-ачаговых хвароб свойскай і дзікай жывёлы на Беларусі, распрацоўцы экспрэс-метадаў дыягностыкі, спосабаў прафілактыкі і лячэння інфекцыйнай паталогіі жывёл. Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій і кніг. У суаўтарстве напісаны работы «Профилактика инфекционных болезней животных» (1988), «Бешенство животных» (1990), «Классическая и современная иммунология» (2006), «Молекулярно-генетические механизмы эволюции органического мира. «Генетическая и клеточная инженерия» (2010), «Вирусы и прионы в потологии животных и человека» (2012), «Мир микроорганизмов в биосфере» (2014) і інш. Акадэмік М.А. Кавалёў вядомы ў нашай краіне і за мяжой спецыяліст у галіне ветэрынарнай медыцыны, вопытны арганізатар і кіраўнік навуковых даследаванняў. Ён з'яўляецца адным з заснавальнікаў ветэрынарнай вірусалогіі ў Рэспубліцы Беларусь, стваральнікам навуковай школы ветэрынарных вірусолагаў, эпізаатолагаў, імунолагаў, пачатак якой быў пакладзены ў 1972 г. Аўтарытэт М.А. Кавалёва ў сусветнай навуцы пацверджаны яго ўдзелам у рабоце міжнародных ветэрынарных кангрэсаў у Мексіцы, Аўстраліі, Расіі, сесіях Міжнароднага эпізаатычнага бюро ў Парыжы (1991, 1993, 1995), Міжнародных нарад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Празе, Парыжы, Жэневе (1971, 1990, 1992). Доўгі час (1975–1991) вучоны з'яўляўся членам Усесаюзнай камісіі па біяпрэпаратам Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР, членам доктарскага Навуковага савета пры Маскоўскай ветэрынарнай акадэміі, навуковым кіраўніком шэрагу заданняў Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Агракомплекс», «Імпартазамяшчэнне», «Інавацыйныя біятэхналогіі».
Па выніках працы М.А. Кавалёў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны» (1971), некалькімі медалямі ВДНГ СССР, юбілейным медалём НАН Беларусі, шматлікімі граматамі і дыпломамі.