Геральд Баляслававіч Асвяцінскі нарадзіўся ў рабочым пасёлку Ялізава Асіповіцкага раёна. У 1955 г. ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (юрыдычны факультэт), а ў 1965 г. – Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага ў Маскве. З 1955 г. працаваў у Маладзечанскім, затым – у Глыбоцкім райкаме камсамола, дзе ў 1957–1959 гг. займаў пасаду першага сакратара. У 1960 г. быў прызначаны намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, а праз кароткі час – начальнікам аддзела культасветустаноў і мастацтва. З 1963 г. працаваў начальнікам Гродзенскага абласнога ўпраўлення культуры.
У 1965–1994 гг. і 2001–2006 гг. Г. Асвяцінскі быў дырэктарам, намеснікам дырэктара Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Кіраўнік арганізоўваў гастролі па самых буйных цэнтрах Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Тэатр не раз выязджаў на гастролі ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Харкаў, Львоў, Каўнас, Талін, дзе з поспехам прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва.
Геральд Асвяцінскі з'яўляўся рознабакова адоранай асобай. З ім заўсёды была запісная кніжка, дзе занатоўваліся вершаваныя радкі пра Радзіму, каханне, мову, сяброў, якія сабраны потым у асобны сшытак. У 1981 г. ён напісаў аповесць «Дзеці таямнічага хутара Рудня» пра сваё партызанскае дзяцінства. Вясной 1943 г. уся сям'я Г. Асвяцінскага пайшла ў партызанскі атрад. У адзінаццаць гадоў Геральд стаў сынам палка. Успаміны тых часоў хвалявалі яго ўсё жыццё.
Геральд Асвяцінскі займаўся таксама краязнаўчай працай. З 1974 г. ён пачаў вывучаць гісторыю возера Коставічы, вёскі Курына, шляху з Гарадка на Вымна. Матэрыялы даследаванняў знаходзяцца ў рэдакцыі гістарычнага навукова-папулярнага часопіса «Віцебскі сшытак», у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ў Інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
У 1985 г. пад дахам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа нарадзіўся тэатр «Лялька». Тагачасны галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра В. Мазынскі і дырэктар Г. Асвяцінскі задумалі зрабіць музей свайго тэатра, а ў двары – дзіцячы тэатр, які разыгрываў бы розныя гісторыі для дзяцей. Потым узнікла ідэя стварэння лялечнай трупы, якую ўзначаліў запрошаны з Роўна рэжысёр В. Клімчук. У 1994–2001 гг. пасаду дырэктара тэатра лялек займаў Г. Асвяцінскі. Так віцебскім дзецям падарылі цудоўны тэатр, які сёння мае і свой будынак, і свайго гледача, і сусветную вядомасць.
На пасадзе дырэктара Беларускага тэатра «Лялька» Г. Асвяцінскі садзейнічаў стварэнню рэпертуару, які складаўся са спектакляў для дзяцей на аснове лепшых твораў беларускай і замежнай літаратуры, многа намаганняў прыклаў для наладжвання трывалых творчых сувязей з шэрагам лялечных калектываў Беларусі і замежжа.
Вопытны кіраўнік і адміністратар Г. Асвяцінскі зрабіў важкі ўклад у развіццё і арганізацыю творчага працэсу ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа, спрыяў росту прафесійнай актыўнасці акцёраў розных пакаленняў, стабільнасці мастакоўскіх прыхільнасцей рэжысёраў, што выявілася перш за ўсё ў фарміраванні рэпертуару, які ў сваёй большасці складаўся са значных у ідэйных і мастацкіх адносінах твораў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.