Кароткая даведка:
актрыса, рэжысёр, заснавальнік, дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч", уладальніца знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі" (2007), медаля "За працоўныя заслугі" (2012)
Імёны на іншых мовах:
Андреева Галина Алексеевна (руская); Дягилева Галина Алексеевна (руская);
2037 сімвалаў
Даведка
Галіна Аляксееўна Дзягілева нарадзілася ў ваенным гарадку Баравая пад Мінскам. Яе дзіцячыя гады прайшлі на Чукотцы, куды ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў ХХ ст. пераехала сям’я. У пачатку шасцідзясятых гадоў Галіна вярнулася ў Мінск, а ў 1964 г. паступіла на вучобу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Пасля яго заканчэння атрымала накіраванне ў тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, дзе і развівалася яе акцёрская кар’ера. За сямнаццаць гадоў працы ў тэатры актрыса сыграла больш за 50 роляў, стварыла цэлую галерэю яркіх характараў і вобразаў. Сярод іх Лада (“Снежныя зімы” І. Шамякіна), Караліна (“Кастусь Каліноўскі” У. Караткевіча), Святлана (“Таблетку пад язык” А. Макаёнка) і інш.
У 1985 г. Галіна Дзягілева пераехала ў Мінск. Некаторы час працавала ў канцэртна-лекцыйным аддзеле Белдзяржфілармоніі, была аўтарам і выканаўцай літаратурных кампазіцый. У 1989 г. разам з рэжысёрам В. Тарнаўскайте падрыхтавала монаспектакль “Выгнанне ў рай” па п’есе Н. Рапы. Пастаноўкай гэтага спектакля ў Сафійскім саборы Полацка ў 1990 г. адкрыўся Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”, заснавальнікам, дырэктарам, мастацкім кіраўніком і актрысай якого з’яўляецца Г.А. Дзягілева. Асноўная мэта тэатра – папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў. З тэатрам супрацоўнічаюць вядомыя майстры беларускай сцэны, рэжысёры, сцэнографы, кампазітары. У яго рэпертуары больш за 20 спектакляў класічнага і сучаснага напрамкаў. Сама Галіна Аляксееўна – аўтар, пастаноўшчык і выканаўца спектакляў “Мне сняцца сны аб Беларусі”, “Белы сон”, “Пачакай, сонца!”, “Абранніца”, “Пяюць начлежнікі”, “Дарожны рэквіем” і многіх іншых.
Творчая дзейнасць Галіны Дзягілевай адзначана Ганаровай граматай і знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2007), медалём “За працоўныя заслугі” (2012). Тэатр “Зніч”, якім яна кіруе, заслужана карыстаецца любоўю і павагай гледачоў, паспяхова выступае на беларускіх і замежных фестывалях тэатральнага і музычнага мастацтва.