Дзмітрый Міхайлавіч Мілюцін нарадзіўся ў Пскоўскай губерні (Расія). Адукацыю атрымаў у Пскоўскай духоўнай семінарыі, Імператарскім Санкт-Пецярбургскім універсітэце (1862). Да 1867 гг. выкладаў гісторыю ў Тарапецкім павятовым духоўным вучылішчы (Пскоўская губерня). У далейшым служыў у Царстве Польскім: быў выкладчыкам гісторыі ў сярэдніх навучальных установах у Хелме, Варшаве, Любліне, адначасова з’яўляўся інспектарам Варшаўскага рэальнага вучылішча. З 1904 г. жыццё Д.М. Мілюціна было звязана з Гродна, дзе ён працаваў настаўнікам Марыінскай жаночай гімназіі і гарадскога рэальнага вучылішча.
Педагагічную дзейнасць у Гродне Дзмітрый Міхайлавіч сумяшчаў з гістарычнымі даследаваннямі: вывучаў пытанні аб нацыянальным складзе і занятках старажытнага насельніцтва Гродзеншчыны, ваенную дзейнасць Стафана Баторыя, адміністрацыйную палітыку Кацярыны ІІ, гісторыю праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, школьную справу на Беларусі. Д.М. Мілюцін з’яўляўся аўтарам шэрагу публікацый, надрукаваных ў “Гродненских губернских ведомостях”, “Гродненских епархиальных ведомостях”, “Литовских епархиальных ведомостях” і іншых перыядычных выданнях. Сярод прац даследчыка: “О безбрачии (целибате) римско-католического духовенства в Польше” (1897), “Осада Великих Лук Стефаном Баторием в 1580 г. и ее последствия” (1903), “Гродно в 1794, 1795, 1796 гг.”(1905), “Древнейшее население Гродненской губернии” (1907) і інш.
Далучыўся гісторык таксама і да грамадскага жыцця горада: з’яўляўся членам Гродзенскага археалагічнага і статыстычнага камітэтаў, Гродзенскага педагагічнага таварыства, абіраўся ганаровым членам Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва, быў рэдактарам неафіцыйнай часткі “Гродненских губернских ведомостей”.
Пасля 1915 г. звестак аб Д.М. Мілюціне не захавалася.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.