Дата нараджэння:
15.05.1918 Віцебскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
17.07.1995 Гомель, г.
Кароткая даведка:
удзельнік партызанскага руху ў Гомельскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Котченко Федор Петрович (руская); Котченко Фёдор Петрович (руская);
2143 сімвалы
Даведка
Фёдар Пятровіч Котчанка нарадзіўся ў вёсцы Смакава (цяпер не існуе) Віцебскага раёна ў сям’і селяніна. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў шафёрам у Талачынскім леспрамгасе, быў шафёрам-выпрабавальнікам на Гомельскім аўтарамонтным заводзе.
У жніўні 1941 г. уступіў у Гомельскі партызанскі атрад «Бальшавік». 20 жніўня 1941 г. партызаны правялі першую баявую аперацыю – арганізавалі засаду на Чарнігаўскай шашы, у выніку якой была знішчана калона нямецкіх аўтамашын. Бутэлькамі з гаручай сумессю Фёдар Котчанка падпаліў 3 аўтамашыны, знішчыў да 20 нямецкіх салдат.
У партызанскім атрадзе Котчанка асвоіў прафесію мінёра-падрыўніка і ў пачатку 1942 г. увайшоў у групу падрыўнікоў. У канцы чэрвеня 1942 г. гэта група правяла сваю першую самастойную дыверсію: падарвала паравоз і 12 вагонаў на перагоне Гомель – Рэчыца. Праз дзень на ўчастку чыгункі Гомель – Жлобін партызанскія падрыўнікі пусцілі пад адхон паравоз і 9 вагонаў з фашыстамі.
У верасні 1942 г. пасля гібелі камандзіра групы падрыўнікоў Аляксандра Ісачанкі яе ўзначаліў Фёдар Котчанка. З часам падраздзяленне вырасла ў маладзёжна-камсамольскі дыверсійны атрад. У час «рэйкавай вайны» летам 1943 г. непадалёк ад Буда-Кашалёва падрыўнікі пусцілі пад адхон гітлераўскі браняпоезд. Усяго дыверсійны атрад пад камандаваннем Ф.П. Котчанкі пусціў пад адхон 11 паравозаў, 105 вагонаў, з іх 36 вагонаў з жывой сілай, 69 – з тэхнікай, боепрыпасамі і харчаваннем.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 студзеня 1944 г. за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле праціўніка і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм Фёдару Пятровічу Котчанку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Пасля вайны Фёдар Пятровіч скончыў Гомельскі кааператыўны тэхнікум, узначальваў калектыў прамкамбіната Гомельскага райспажыўсаюза.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, медалямі. У Гомелі на доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка, адна з вуліц гарадскога пасёлка Сураж носіць яго імя.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».