Давід Іосіфавіч Глікман нарадзіўся ў Слуцку ў 1874 г. у сям’і загадчыка казённага яўрэйскага вучылішча. Пасля заканчэння мужчынскай гімназіі ў Магілёве (1893) непрацяглы час вучыўся на фізіка-матэматычным і медыцынскім аддзяленнях Кіеўскага ўніверсітэта. У 1903 г. скончыў юрыдычны факультэт Новарасійскага ўніверсітэта (Адэса).
Літаратурнай творчасцю захапіўся яшчэ ў юнацтве. Перавагу аддаваў сюжэтам з простай жыццёвай філасофіяй і гумарам. Пісаў на рускай мове пад псеўданімамі Дух Банко, Гаеў, Дзяцел, Парламенцёр і інш. У студэнцкія гады пачаў друкаваць свае нататкі ў перыядычных выданнях «Южное обозрение», «Руль», «Утро», «Судьбы народа», «Биржевые ведомости». З 1904 г. працаваў загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Новости и биржевая газета», рэдагаваў часопіс «Еврейская жизнь». Як паэт-гумарыст Д. І. Глікман шмат гадоў супрацоўнічаў з сатырычнымі часопісамі «Благой мат», «Вампир», «Дятел», «Ревизор», «Мухомор» і інш. Яго вершы «Газетный опричник», «Казачья колыбельная песня», «Суд Миноса», «Русь», «Воспоминания» былі ўключаны ў зборнік «Стихотворная сатира первой русской революции (1905–1907)», выдадзены ў 1969 г. у Ленінградзе. Цікавіўся таксама мастацтвам тэатра. У выданнях «Жизнь искусства» і «Вестник театра и искусства» змяшчаў артыкулы і рэцэнзіі на тэатральныя пастаноўкі, пісаў камедыі і сатырычныя п’есы. У 1910-х гг. спектаклі па яго творах «Всё условно», «Белый чай», «Утопия», «Нравственное воспитание», «Кого из двух» з поспехам ішлі на сцэнах тэатраў «Крывое люстэрка» і «Інтымны тэатр» (Санкт-Пецярбург), тэатры Кручыніна (Кіеў). У 1924 г. па сцэнарыі сатырыка (у суаўтарстве) была знята кінастужка «Сэрцы і долары». У якасці рэдактара Д. І. Глікман удзельнічаў у выданні твораў яўрэйскага пісьменніка Шолам-Алейхема, зрабіў пераклад на рускую мову яго рамана «Кровавая шутка».
Пра апошнія гады жыцця літаратара вядома мала. Памёр ён у 1936 г., пахаваны ў Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.