Дата нараджэння:
19.03.1874 Мсціслаў, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
25.07.1934
Кароткая даведка:
беларускі і расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі, мікрабіялогіі і эпідэміялогіі, адзін з арганізатараў барацьбы з малярыяй у СССР, заслужаны дзеяч навукі Расіі, арганізатар і дырэктар Інстытута медыцынскай паразіталогіі і трапічнай медыцыны (цяпер носіць імя вучонага)
Імёны на іншых мовах:
Марциновский Евгений Иванович (руская);
3202 сімвалы
Даведка
Медыкам добра вядома імя выдатнага мікрабіёлага і інфекцыяніста Яўгена Іванавіча Марціноўскага, аднаго з буйнейшых арганізатараў аховы здароўя ў СССР.
Нарадзіўся ён у г. Мсціслаўлі Магілёўскай губерні ў сям’і чыноўніка. Вучыўся ў духоўным вучылішчы, у прагімназіі ў Рослаўлі, затым у гімназіі ў Смаленску. У 1894 г. паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння працаваў лабарантам пры Патолага-анатамічным інстытуце, урачом-бактэрыёлагам Паўлаўскай бальніцы (зараз Маскоўская клінічная бальніца), з 1902 г. – празектар і малодшы ардынатар пры заразных бараках той жа бальніцы, затым старшы ўрач. У 1904 г. працаваў у Вятцы, дзе вывучаў сібірскую язву, удзельнічаў у навуковых паездках па Закаўказзі, дзе даследаваў усходнюю язву і малярыю. У 1908-1909 гг. з’яўляўся асістэнтам кафедры бактэрыялогіі медыцынскага факультэта на Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсах, чытаў лекцыі па бактэрыялогіі ў прыватнай зубалячэбнай школе. У сакавіку 1909 г. Я.І. Марціноўскі абараніў у Маскоўскім ўніверсітэце дысертацыю на тэму “Этиология восточной язвы и краткие сведения об этой болезни” і атрымаў званне доктара медыцыны. З лютага 1910 г. быў прыват-дацэнтам кафедры агульнай паталогіі, дзе чытаў курс “Патогенные протозои и их роль в патологии человека и животных”. У 1911 г. падаў у адстаўку і пакінуў універсітэт. З гэтага часу пачалася актыўная навуковая дзейнасць Я.І. Марціноўскага. Ён быў абраны старшынёй малярыйнай камісіі Таварыства рускіх урачоў у памяць М.І. Пірагова, якая займалася вывучэннем малярыі і распрацоўкай метадаў барацьбы з ёй. Вучоны арганізоўваў экспедыцыі на Каўказ, дзе было найбольш распаўсюджана гэта захворванне, выступаў з дакладамі на з’ездах урачоў, удзельнічаў у стварэнні шырокай сеткі малярыйных станцый.
У гады Першай сусветнай вайны Я.І. Марціноўскі займаўся арганізацыяй для фронту медыцынскіх атрадаў па барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі. З 1915 па 1917 г. з’яўляўся старшынёй Каўказскага ваенна-санітарнага савета. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі кіраваў Цэнтральным бактэрыялагічным інстытутам (да 1919 г.). У 1920 г. арганізаваў і узначаліў Трапічны інстытут Наркамата аховы здароўя РСФСР (зараз Інстытут медыцынскай паразіталогіі і трапічнай медыцыны імя Я.І. Марціноўскага) і першую самастойную кафедру інфекцыйных хвароб 2-га Маскоўскага медыцынскага інстытута. На працягу многіх гадоў ён уваходзіў у медыцынскі Савет Наркамата аховы здароўя РСФСР, а з 1932 г. стаў яго старшынёй. Вучоны напісаў звыш за 200 навуковых прац па даследаванні лейшманіёзаў, малярыі, спірахітозаў і вывучэнні членістаногіх – пераносчыкаў узбуджальнікаў хвароб. Шматлікія артыкулы Я.І. Марціноўскага былі апублікаваны ў перыядычным друку, у тым ліку ў часопісах “Русский журнал тропической медицыны”, “Медицинская паразитология и паразитарные болезни”, “Гигиена и эпидемиология”, заснавальнікам і рэдактарам якіх ён быў. Вучоны з’яўляўся таксама членам шматлікіх навуковых таварыстваў (айчынных і замежных), дэпутатам Маскоўскага савета некалькіх сазываў. У 1934 г. Я.І. Марціноўскі атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навук РСФСР”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна".