Віталь Мікалаевіч Бутрымовіч нарадзіўся ў Мінску. Скончыў Беларускае харэаграфічнае вучылішча (1964), Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве па спецыяльнасці «рэжысёр-балетмайстар» (1973). У 1973 г. стаў дыпламантам Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў у Маскве.
У 1964–1968 гг. працаваў артыстам балета Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. У 1969 г. ён пераехаў у Маскву, дзе ўзначаліў харэаграфічны калектыў Дома культуры аўтамабілістаў. У 1973 г. вярнуўся ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР у якасці балетмайстра.
У перыяд з 1975 г. па 1993 г. працаваў галоўным балетмайстрам, а з 1991 г. – мастацкім кіраўніком Чэлябінскага тэатра оперы і балета. Паставіў там балет «Тыль Уленшпігель» беларускага кампазітара Я. Глебава. Працаваў у Дзяржаўным ансамблі танца БССР, балетмайстрам цыркавой студыі «Спартак» пад кіраўніцтвам народнага артыста РСФСР М. Запашнага.
У 1980–1983 гг. і 1985–1990 гг. В. Бутрымовіч займаў пасаду галоўнага балетмайстра Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР.
Вялікай падзеяй у гэты час з'явілася асваенне новага для беларускай музычнай сцэны жанру – мюзікла. Выбар прэм'ернай пастаноўкі быў вызначаны дакладна: «Мая цудоўная ледзі» – адзін з лепшых сусветных узораў мюзікла, створаны кампазітарам Ф. Лоу па матывах славутай камедыі Б. Шоу «Пігмаліён» (1982). Дакладнасць работы і тонкі густ пастановачнай групы (балетмайстар В. Бутрымовіч), высокае майстэрства выканаўцаў забяспечылі спектаклю працяглае сцэнічнае жыццё. Звыш дзесяці гадоў ён з'яўляўся адным з найбольш рэпертуарных у тэатры, доўгі час заставаўся адзіным прыкладам звароту да сучаснага замежнага музычна-камедыйнага твора. Гэта адна з лепшых, найбольш маштабных, маляўнічых і арганічных работ тэатра.
Спроба сучаснага ўвасаблення літаратурнай класікі – мюзікл В. Лебедзева «О, мілы друг!» па матывах рамана Гі дэ Мапасана (1983) – сведчанне новага, упэўненага кроку наперад у засваенні жанру. Адзначаліся арыгінальныя танцы і падтанцоўкі ў пастаноўцы балетмайстраў В. Бутрымовіча і К. Каўфмана, запрошанага з Ленінградскага мюзік-хола. Спектакль быў пастаўлены ў жанры, блізкім да шоу-мюзікла. Такая трактоўка здолела зрабіць арганічнымі кідкія і адначасова функцыянальныя дэкарацыі, арыгінальныя харэаграфічныя нумары, дазволіла ўнесці «французскі шарм» і каларытныя тыпажныя рысы ў вобразы персанажаў.
Балетмайстар паставіў танцы ў операх «Русалка» А. Даргамыжскага і «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага (1974), «Галька» С. Манюшкі (1975). В. Бутрымовіч з'яўляецца балетмайстрам спектакляў «Лятучая мыш» (1981) і «Ноч у Венецыі» (1983) І. Штрауса, «Клоп» У. Дашкевіча (1988), «Сільва» і «Прынцэса цырка» (1989) І. Кальмана і інш.
Сярод пастановак сучасных твораў асобае месца належыць спектаклю «Клоп» на музыку У. Дашкевіча – своеасаблівай творчай вяршыні не толькі ў савецкім музычна-камедыйным жанры, але і ва ўсёй рэпертуарнай дзейнасці тэатра гэтага часу. Спектакль паводле твораў У. Маякоўскага быў падкрэслена нетрадыцыйны: абраны жанр фолк-оперы сам як бы складаецца з парадоксаў. Спектакль не «ўціскаўся» ў рамкі традыцыйных жанраў – аперэты, оперы, музычнай камедыі, ён утварыў свой уласны жанр. Свет, дзе спяваюць і танцуюць, як у мюзікле (харэограф В. Бутрымовіч), дзе свабодна абыходзяцца з асяроддзем пражывання і лунаюць у паветры, амаль як на карцінах М. Шагала. Фантасмагарычныя эфекты часам не менш відовішчныя, чым у сучасным кіно, а ўзроўню камедыйнасці можа пазайздросціць лепшая клоўнская рэпрыза.
У 1993 г. В. Бутрымовіч быў запрошаны на пасаду галоўнага балетмайстра Ніжагародскага тэатра оперы і балета, дзе працаваў да 2006 г. У 2001 г. атрымаў ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі”. З 2003 г. сумяшчаў пасады галоўнага балетмайстра і мастацкага кіраўніка тэатра. У 2006 г. прыняты на пасаду мастацкага кіраўніка Краснаярскага дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Сібіры.
За гады творчай дзейнасці В. Бутрымовіч ажыццявіў вялікую колькасць балетных пастановак у Беларусі, Расіі і іншых краінах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.