Барыс Аляксеевіч Крэпак – знакавая асоба ў панараме сучаснага выяўленчага мастацтва. Яго характэрная асаблівасць – надзвычай шматгранная і плённая творчасць як мастацкага крытыка і журналіста.
Нарадзіўся 10 красавіка 1940 г. у в. Падгорная Расашанскага раёна Варонежскай вобласці (Расія). У 1957 г. скончыў сярэднюю школу ў Гродна, дзе жыў з маці (бацька яго, чырвонаармеец А.В. Крэпак, загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны), у 1965 г. – гістарычны факультэт (аддзяленне гісторыі мастацтва) Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працоўную дзейнасць пачынаў навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, з 1965 г. па 1970 г. працаваў у Міністэрстве культуры БССР рэдактарам мастацка-экспертнай калегіі і інспектарам па ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і археалогіі. З 1970 г. па 1993 г. – у Беларускім саюзе мастакоў кансультантам, загадчыкам творчых секцый, двойчы выбіраўся сакратаром праўлення гэтай арганізацыі. З 1992 г. – член Рады Беларускага саюза мастакоў. З 1994 г. – рэдактар аддзела і член рэдкалегіі газеты “Культура”.
Першая мастацтвазнаўчая публікацыя Б. Крэпака з'явіліся ў 1958 г. на старонках газеты “Гродненская правда”. На сённяшні дзень ён аўтар паўсотні кніг, альбомаў, манаграфій, каталогаў, надрукаваных у Мінску, Маскве, Кіеве. Ім напісана каля 3000 артыкулаў, рэцэнзій, творчых партрэтаў, нарысаў, публіцыстычных і навуковых даследаванняў па праблемах нацыянальнага і сусветнага выяўленчага і іншых відаў мастацтва.
Найбольшую колькасць з падрыхтаваных Б. Крэпакам выданняў па выяўленчым мастацтве складаюць альбомы і каталогі: “Леанід Шчамялёў” (1978, 1981, 1989, 1997), “Віталь Цвірка” (1985), “Май Данцыг” (1976), “Андрэй Бэмбель” (1988), “Заір Азгур” (1989), “Анатоль Анікейчык” (1980), “Аляксандр Кішчанка. Чалавек. Зямля. Сусвет” (1988), “Мікалай Кандрацьеў” (1990), “Пётр Данелія” (1994), “Георгій Лойка. Мастак і яго пластычны свет” (1994), “А. Семілетаў” (1978), “І. Пушкоў” (1983), “В. Вярсоцкі” (1981), “М. Таранда” (1997), “Л. Марчанка” (1997), “Б. Аракчэеў” (1978), “М. Кірэеў” (1993).
Б. Крэпак – адзін з аўтараў-складальнікаў і галоўны рэдактар унікальнага энцыклапедычнага даведніка “Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998” (1998), аўтар альбома “Сучасны габелен беларускіх мастакоў” і альбома-каталога “Художники Брестчины” (1997, 2002; у суаўтарстве). Аўтар кніг “Мастакі Беларусі: 10 творчых партрэтаў” (Кіеў, 1976; на ўкраінскай мове), “Мастацкі летапіс рэспублікі” (1974), “Никто не забыт, ничто не забыто: памятники жертвам фашизма на территории Белоруссии” (1976), суаўтар даведніка “Историко-революционные памятники СССР” (Масква, 1972), выдавецкага праекта БЕЛТА – літаратурна-мастацкага выдання “Лауреаты премии Союзного государства” (2007), ажыццёўленага па заказе Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
Шырокі грамадскі рэзананс атрымалі заснаваныя на архіўных дакументах і новых фактах культуралагічныя даследаванні Б. Крэпака творчых і чалавечых лёсаў мастакоў, жыццё якіх у той ці іншай ступені было звязана з Беларуссю, але скончылася ў далечыні ад яе, – В. Бялыніцкага-Бірулі, С. Жукоўскага, М. Шагала, С. Суціна, К. Малевіча, Я. Майсеенкі, Н. Хадасевіч-Лежэ, А. Грубэ, Р. Фалька, М. Дабужынскага, Л. Лісіцкага, В. Цадкіна і інш.
Інтарэсы Б. Крэпака не замыкаюцца толькі на пытаннях выяўленчага мастацтва. У яго творчым актыве – дакументальная аповесць “У паядынках на вышыні” пра жыццё і подзвіг беларускага лётчыка-знішчальніка А. Гараўца (1989; у суаўтарстве з Л. Крушынскай); працы, у якіх на аснове раней невядомых фактаў і архіўных дакументаў выказваецца новае, аўтарскае “прачытанне” драматычных лёсаў С. Ясеніна, У. Маякоўскага, С. Даўлатава, Мікалая і Льва Гумілёвых, П. Крапоткіна, Нестара Махно і інш. Ён прымаў самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выданні кнігі “Владимир Мулявин. Нота судьбы” (2004). Аўтар прадмовы і рэдактар кнігі Я. Чамадурава “Мой двадцатый век: из записок оперного художника”.
У 2004 г. у суаўтарстве з іншымі спецыялістамі падрыхтаваны фотаальбом “Брэсцкая крэпасць. Злучае нас часінаў ніць...”. Барыс Аляксеевіч браў удзел у падрыхтоўцы аднаго з выпускаў альманаха “Мир Высоцкого” (Масква, 1997).
У 2005 г. у серыі “Жизнь знаменитых людей Беларуси” выйшла ў свет манаграфія – альбом Б. Крэпака “Леонид Щемелев. Краски и ритмы времени”.
У 2006 г. у серыі “Беларусь мастацкая” выйшла ў свет шыкоўнае выданне “Елена Аладова. Музей – ее судьба”, у падрыхтоўцы якога таксама самы непасрэдны ўдзел браў Б. Крэпак (рэдактар выдання, суаўтар канцэпцыі і складальнік (сумесна з У. Пракапцовым і Н. Усавай).
У 2008 г. у серыі “Мастакі Беларусі” – манаграфія-альбом “Владимир Товстик. Ладья Времени: серебро и золото палитры на холсте размышлений”.
Б.А. Крэпак – рэдактар унікальнага выдання, падрыхтаванага старшынёй Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА У.Р. Шчасным, – “Художники Парижской школы из Беларуси” (2010). Аўтар шматлікіх публікацый аб паўсядзённых мастацкіх працэсах – выстаўках, пленэрах, прэзентацыях. Культавай з'явай стала яго рубрыка “Мастыхін” у газеце “Культура”, дзе знаходзяць сваё адлюстраванне самыя свежыя, самыя новыя звесткі аб здабытках сучаснага мастацтва.
Барыс Аляксеевіч Крэпак – член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза журналістаў, Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, Асацыяцыі мастацтвазнаўцаў Міжнароднага расійскага творчага саюза гісторыкаў мастацтва і мастацкіх крытыкаў.
Ён узнагароджаны ганаровымі дыпломамі Саюза мастакоў СССР за лепшую кнігу года (1979, 1984). З'яўляецца лаўрэатам прэміі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Б.А. Крэпак – адзіны ў нашай рэспубліцы мастацкі крытык, які мае ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1990), і адзіны, хто двойчы ўдастоены нацыянальнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1998, 1999).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.