Кароткая даведка:
заснавальнік і першы вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага
Варыянты імя:
Мендог
Імёны на іншых мовах:
Миндовг (руская);
3571 сімвал
Даведка
З імем Міндоўга цесна звязаны найважнейшыя падзеі беларускай і літоўскай гісторыі. Ад эпохі, у якой жыў і дзейнічаў князь, да нашага часу захавалася вельмі мала пісьмовых крыніц, але гэты незвычайны чалавек, галоўнай справай жыцця якога стаў удзел у стварэнні адной з найбуйнейшых еўрапейскіх дзяржаў, пакінуў у іх выразны адбітак.
Фрагментарнасць звестак, адсутнасць багатага фактычнага матэрыялу прывялі да таго, што з’явілася шмат версій адносна асобы Міндоўга. Крыніцамі інфармацыі пра князя, яго месца і ролю ў гісторыі Беларусі з’яўляюцца летапісы і хронікі – Галіцка-Валынскі летапіс другой паловы ХІІІ ст., Іпацьеўскі летапіс пачатку XV ст., Густынскі летапіс канца XVI – пачатку XVII ст., “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” польскага гісторыка XVI ст. М. Стрыйкоўскага і інш. Паводле крыжацкіх крыніц Міндоўг быў сынам аднаго з вярхоўных уладароў Літвы пачатку ХІІІ ст. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 г. разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод “старшых князёў” Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х гг. Міндоўг дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў Літве або значнай яе частцы. У 1236 г. “Литва Мендога” знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам, які выкарыстоўваў яе ваенную моц супраць князя Конрада Мазавецкага. У 1245 г. Міндоўг зноў дапамагаў Данілу ў барацьбе з прэтэндэнтамі на Галіцка-Валынскае княства. Неўзабаве ён далучыў да ўладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Пасля гэтага адносіны Міндоўга з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (XVII ст.) паведамляецца пра хрышчэнне князя ў праваслаўе ў 1246 г., аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 г. Міндоўг захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эдзівіда, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі князь Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, Міндоўг пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 г. або пачатку 1251 г. прыняў каталіцтва. Гэта дазволіла яму не толькі быць у саюзе з ордэнам, але і ўстанавіць, пашырыць і замацаваць надзвычай трывалыя і надзейныя кантакты з многімі рэлігійнымі дзеячамі. У выніку ў 1252 г. (паводле іншых звестак у 1253 г.) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую даслаў Папа Рымскі Інакенцій IV. Менавіта пасля каранацыі беларуска-літоўская дзяржава пачала называцца ВКЛ, а сам Міндоўг – вялікім князем. Але ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы – Раману – Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці). Каля 1257 г. супраць Літвы быў арганізаваны сумесны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак Міндоўг здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 г. ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцкай веры. Князь карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў – жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку ў 1263 г. Міндоўг быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.
Пасля смерці князя яго галоўнай справе было наканавана доўгае жыццё. Створаная дзяржава не загінула, вытрымала ўнутраныя смуты і змаганні са знешнімі ворагамі і праіснавала яшчэ больш за пяць стагоддзяў. У 1993 г. у Навагрудку ўстаноўлены памятны знак у гонар каранацыі Міндоўга.