Дата нараджэння:
24.12.1906 Дзяржынск, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
22.05.1977 Расія
Кароткая даведка:
ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант танкавых войск, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Кутузава І ст., двума ордэнамі Суворава ІІ ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Фоминых Евгений Иванович (руская);
3592 сімвалы
Даведка
Пры фарсіраванні Одэра ў час Берлінскай аперацыі 1945 г. вызначыўся 25-ты танкавы корпус, якім камандаваў генерал-маёр Яўген Іванавіч Фаміных.
Ён нарадзіўся 24 снежня 1906 г. у мястэчку Койданава Мінскага павета (цяпер Дзяржынск Мінскай вобласці) у сям’і рабочага. У 1914 г. бацькі пераехалі ў г. Златауст Чэлябінскай вобласці. У 1922 г. Я. І. Фаміных скончыў шэсць класаў чыгуначнай школы і паступіў вучнем слесара ў дэпо. Праз год працаваў памочнікам машыніста паравоза. Далучыўся да грамадска-палітычнай работы і быў абраны ў 1926 г. сакратаром райкама камсамола. У лістападзе 1928 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Службу праходзіў у 11-м чыгуначным палку (спачатку быў курсантам палкавой школы, потым малодшым камандзірам). У верасні 1930 г. Я. І. Фаміных звольнены ў запас. У маі 1931 г. накіраваны ў Саратаўскую бранятанкавую школу, дзе пасля вучобы камандаваў узводам. У лістападзе 1935 г. ён стаў слухачом інжынернага факультэта Ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА імя І. В. Сталіна. У маі 1941 г. прыбыў на службу ў Прыбалтыйскую асобую ваенную акругу, дзе быў прызначаны камандзірам батальёна цяжкіх танкаў 45-га танкавага палка 23-й танкавай дывізіі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у прыгранічных баях у Прыбалтыцы, са жніўня 1941 г. ваяваў на наўгародскім напрамку. Потым некаторы час выкладаў тактыку ў 2-м Харкаўскім танкавым вучылішчы. У красавіку 1942 г. Я. І. Фаміных быў накіраваны на Заходні фронт старшым памочнікам начальніка аператыўнага аддзела 8-га танкавага корпуса. У жніўні атрымаў цяжкае раненне і пасля лячэння ўзначаліў штаб 25-й танкавай брыгады. З лістапада 1942 г. прыняў камандаванне 12-м асобым гвардзейскім танкавым палком прарыву. У сакавіку 1943 г. стаў начальнікам штаба, а з ліпеня 1944 г. камандзірам 29-га танкавага корпуса, часці якога ў складзе 5-й гвардзейскай танкавай арміі Стэпавага фронту (з кастрычніка 1943 г. – 2-гі Украінскі) удзельнічалі ў бітве пад Прохараўкай, у Белгародска-Харкаўскай, Кіраваградскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Вільнюскай, Мінскай, Каўнаскай і іншых наступальных аперацыях, у баях за вызваленне Беларусі і Польшчы. Са снежня 1944 г. Я. І. Фаміных камандаваў 25-м танкавым корпусам у складзе 3-й гвардзейскай арміі 1-га Беларускага фронту. З самага пачатку Берлінскай аперацыі 1945 г. танкісты корпуса разам з пяхотай прарывалі абарону праціўніка, вялі цяжкія баі за многія нямецкія гарады, удзельнічалі ў разгроме котбускай і франкфурцка-губенскай груповак ворага. За ўмелае кіраўніцтва пры фарсіраванні Одэра і ў наступленні на берлінскім напрамку Я. І. Фаміных у 1945 г. атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Ён узнагароджаны таксама двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Кутузава І ступені, двума ордэнамі Суворава ІІ ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.
Пасля вайны Я. І. Фаміных з ліпеня 1945 г. камандаваў 25-й танкавай дывізіяй у Цэнтральнай групе войск. Са студзеня 1947 г. вучыўся ў Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава, якую скончыў у 1948 г. У пачатку 1949 г. Я. І. Фаміных з’яўляўся камандуючым бранятанкавымі і механізаванымі войскамі Закаўказскай ваеннай акругі. У 1953–1958 гг. быў першым намеснікам начальніка Ваеннай акадэміі бранятанкавых войск імя І. В. Сталіна. З лютага 1958 г. камандаваў 6-й гвардзейскай танкавай арміяй. З верасня 1960 г. у запасе. Памёр 22 мая 1977 г. Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. Імем Я. І. Фаміных названа адна з вуліц у Дзяржынску. У сярэдняй школе Златауста створаны музей воінскай славы, дзе захоўваюцца матэрыялы аб ім.