У гісторыю айчыннай кінематаграфіі Юрый Аляксандравіч Ялхоў увайшоў не толькі як рэжысёр, але і як кінааператар, сцэнарыст, які ствараў стужкі аб мінулым і сучасным, імкнуўся адлюстраваць рысы і прыкметы свайго часу.
Нарадзіўся ён у Маскве. У 1970 г. скончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Працаваў на кінастудыі «Казахфільм», з 1971 г. – на кінастудыі «Беларусьфільм», адначасова з 1990 г. – у «Белвідэацэнтры». Ён з’яўляецца членам Саюза кінематаграфістаў Беларусі, Саюза кінематаграфістаў Расіі, гільдыі кінааператараў Расіі, гільдыі кінарэжысёраў Расіі.
Творчую дзейнасць Ю. Ялхоў пачаў як аператар. Вялікае значэнне ў кіно ён надаваў колеравай драматургіі. Для кожнай сваёй карціны распрацоўваў колеравую эксплікацыю адпаведна з жанрам твора. Супрацоўніцтва з рэжысёрам Л. Нячаевым прынесла вялікі поспех тэлевізійным мюзіклам «Прыгоды Бураціна» (1975, дыплом за лепшую аператарскую работу на Мінскім кінафестывалі, 1976 г.) і «Пра Чырвоную Шапачку» (1977, дыплом за лепшую аператарскую работу і спецыяльны дыплом «За ўкараненне новых кінематаграфічных сродкаў» на Мінскім кінафестывалі, 1978 г.), што сталі класікай сусветнага дзіцячага кіно. Для Ю. Ялхова быў важны жанр казкі. У «Прыгодах Бураціна» не было падкрэсленых, кантрасных ценяў – абавязкова прысутнічала святло, якое абвівала акцёраў, дэкарацыі. Карціна атрымалася сонечная, яркая, бліскучая. Выканаўцы роляў ігралі ў тэатральных касцюмах, што выяўлялі характар персанажаў. Насычаны прыгодамі і музыкай фільм зняты Ю. Ялховым натхнёна, па-майстэрску. У стужцы «Пра Чырвоную Шапачку» аператар выкарыстаў засветку плёнкі, каб не было празмерна інтэнсіўных адкрытых колераў. Ён імкнуўся адысці ад так званай зялёнай вуалі, што панавала на тагачаснай савецкай кінаплёнцы, і ад лакальных яркіх колераў. У выніку Ю. Ялхоў зняў карціну-казку згодна са сваёй творчай задумай у сцішана-высакародных пастэльных тонах, камфортных для зрокавага ўспрымання. Сярод іншых аператарскіх работ вылучаюцца поўнаметражныя мастацкія фільмы – «Браты Рыка» (1980), «Раскіданае гняздо» (1982), «Культпаход у тэатр» (1983), «Двое на востраве слёз» (1986, прыз на XIII Усесаюзным конкурсе лепшых аператарскіх работ, Украіна, 1988), «Адступнік» (1987, дыплом за высокую выяўленчую культуру на XXI УКФ, Баку, 1988; прыз за лепшую аператарскую работу на МКФ, Іспанія, 1988), «Наш бронецягнік» (1988), «Сын за бацьку» (1995), «Зорка Венера» (2000), «Адэль» (2008) і іншыя; дакументальныя стужкі «Хлеб на кляновым лісце» (1971), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978, Залаты медаль МКФ спартыўных фільмаў, Ленінград, 1978; прыз за лепшую аператарскую работу на УКФ, Мінск, 1979), «У вайны не жаночы твар» (1980–1984, паводле твораў С. Алексіевіч) і «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (1984; абодва з С. Пятроўскім) і інш. Працуючы аператарам, пачаў займацца рэжысурай. Гэты шлях заняў амаль 15 гадоў. Вучыўся і пераймаў вопыт у вядомых майстроў В. Рубінчыка, М. Пташука, з якімі часта супрацоўнічаў. У 1988 г. з’явіўся яго першы мастацкі фільм «Кошкадаў Сільвер», да якога сам напісаў сцэнарый. У 1989 г. гэта кінастужка атрымала прыз на Міжнародным кінафестывалі ў Англіі, а таксама дыплом за лепшую аператарскую работу на Мінскім кінафестывалі. Пазней былі пастаўлены кінастужкі «Прабач нас, мачыха-Расія» (1990), «Анамалія» (1992), «Анастасія Слуцкая» (2003; прыз за лепшы фільм на VI кінафестывалі Беларусі, Расіі, Украіны «Брыганціна», Бердзянск, Украіна, 2003; дыплом журы і прыз «Вера» на кінафестывалі гістарычных фільмаў «Веча», Вялікі Ноўгарад, Расія, 2003; бронзавая ўзнагарода на Х МКФ «Лістапад», Мінск, Беларусь, 2003; Плацінавы прыз і дыплом у катэгорыі «Прыгодніцкі фільм», Залаты прыз за касцюмы на XXXVII МКФ, Х’юстан, ЗША, 2004). Як рэжысёр, аператар і сцэнарыст Ю. Ялхоў выступіў у стужках «Дабравест. Драўлянае дойлідства. Мінская вобласць» (1998), «Дабравест. Драўлянае дойлідства. Брэсцкая вобласць» (1999), «Іван Ярыгін. Успаміны» (2001), «Малы тэатр – фронту» (2010), «Містыфікацыя. Неіснуючае тысячагоддзе» (2012) і інш. Таксама Ю. Ялхоў займаецца літаратурнай дзейнасцю, акрамя сцэнарыяў піша апавяданні, успаміны, вершы.
Рэжысёрская і аператарская работа заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ю. Ялхова стала значным мастацкім здабыткам кінематаграфіі краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.