Валянціна Васільеўна Пражэева нарадзілася ў Екацярынбургу (Расія). У 1962 г. скончыла Рэспубліканскія курсы пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «рэжысура народных тэатраў». З 1963 г. працуе артысткай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. На фарміраванне творчай асобы В. Пражэевай значна паўплываў тагачасны галоўны рэжысёр Ан. Ляляўскі, які надаваў вялікую ўвагу пошуку новых форм у вырашэнні лялечных спектакляў. З цягам часу В. Пражэева ўвайшла ў склад найбольш вопытных і высокапрафесійных артыстаў тэатра. Яна добра разумела, што галоўным для артыста-лялечніка з'яўляюцца не проста тэхнічныя маніпуляцыі з лялькай, а ўжыванне ў вобраз. Жэстамі перадаецца вялікая колькасць эмоцый, кожны рух павінен быць вывераны да міліметра, бо нават невялікая недакладнасць мяняе змест дзеяння. У спектаклі В. Пражэева ўсё падпарадкоўвала агульнай ідэі, якую ўвасабляла лялька. На сцэне артыстка перадавала ўвесь спектр адценняў праяўленняў чалавечай псіхалогіі праз рух.
Сярод роляў В. Пражэевай у дзіцячых спектаклях вылучаюцца Мачаха («Папялушка» Т. Габэ), тыграня Петрык («Тыграня Петрык» Х. Янушэўскай), Кібальчыш («Ваенная тайна» паводле А. Гайдара), шчаня Мікі («Блакітнае шчаня» Д. Урбана), Баба-Яга («Васіліса Прыгожая» К. Чарняк), Фімушка («Званы-лебедзі» Л. Браўсевіча і І. Карнавухавай). У спектаклях для дарослых артыстка сыграла такія ролі, як прынцэса Дысперанда («Чортаў млын» І. Штока), Галатэя («Цудоўная Галатэя» Б. Гадар і С. Дарваша), Ева («Боская камедыя» І. Штока), дачка Бабы-Ягі («Да трэціх пеўняў» В. Шукшына), дзяўчына Машка («Ляўша» У. Канстанцінава і Б. Рацэра паводле М. Ляскова), Эльвіра Рэнесанс («Клоп» У. Маякоўскага), фрау Босенгейм («Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я. Гашака), Шарлота («З Парыжам скончана!..» паводле п'есы А. Чэхава «Вішнёвы сад») і інш.
Валянціна Пражэева – разнапланавая артыстка. Прафесійнае валоданне лялькамі розных сістэм, праца ў драматычным плане, выразная моўная характарнасць дазваляюць актрысе ствараць яркія запамінальныя вобразы. За вялікі ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва, высокае прафесійнае майстэрства яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1998). 27 сакавіка 2006 г. у Міжнародны дзень тэатра артыстка атрымала ўзнагароду Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі «Крыштальны Анёлак».
Валянціна Пражэева з'яўляецца лаўрэатам фестываляў тэатраў лялек Прыбалтыкі і Беларусі (Каўнас, Літва, 1971 і Мінск, 1974), дыпламантам міжнародных фестываляў тэатраў лялек. За значны ўклад у развіццё мастацтва тэатра лялек, эстэтычнае і маральнае выхаванне падрастаючага пакалення, умацаванне дружбы паміж народамі і актыўны ўдзел у II Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым рашэннем Прэзідыума Вярхоўнай Рады В. Пражэевай было прысвоена ганаровае званне заслужанай артысткі Аўтаномнай Рэспублікі Крым (2001).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.