Гісторыя беларускага неігравога кіно пачалася ў перыяд, калі дакументальны спосаб адлюстравання рэчаіснасці заваяваў права на асобую сістэму выразнасці, статус самастойнага віду мастацтва. Вялікая роля ў развіцці нацыянальнага дакументальнага кінематографа належала аператарам. Менавіта ад іх залежала стылістыка фільма, выразнасць і дынамізм кадра, раскрыццё рэжысёрскай задумы. Сапраўдным прафесіяналам з’яўляецца аператар Юрый Мікалаевіч Гарулёў, усё творчае жыццё якога звязана з дакументальным кіно.
Нарадзіўся ён у в. Сулак Ульмецкага раёна Тамбоўскай вобласці (Расія) у сям’і пісьменніка. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бацькі перасяліліся ў Магілёў, з 1949 г. жылі ў Мінску. Са школьных гадоў Ю. Гарулёў марыў пра кіно і адразу пасля атрымання атэстата паступіў у Ленінградскі інстытут кінаінжынераў, які скончыў у 1971 г. Некаторы час служыў у арміі, знаходзіўся на камсамольскай рабоце, завочна вучыўся на аператарскім факультэце Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве.
У 1975 г. на кінастудыі “Беларусьфільм” Ю. Гарулёў пачаў працаваць асістэнтам аператара на кінахроніцы. Здымаў спартыўныя рэпартажы, разам з рэжысёрам У. Цеслюком працаваў над фільмам пра будаўнікоў мінскага метро, удзельнічаў у асвятленні спаборніцтваў на Алімпіядзе-80 у Маскве. Першай самастойнай аператарскай работай стала кінастужка “Хай будзе вецер” (1982) – дыпломная работа Ю. Гарулёва. Некалькі фільмаў зняў з таленавітым рэжысёрам А. Рудэрманам. Знакамітай стала іх сумесная работа “Хто выправіць памылку Дэметры?” (1984), якая лічыцца адной з першых у беларускім кіно, дзе пастаўлены пытанні пра адносіны чалавека і прыроды, закрануты праблемы меліярацыі і экалогіі на Палессі. Разам быў створаны таксама фільм “Гуд бай, СССР!” (1990; прыз за лепшы кадр кінафестывалю “Кінакалядкі”, Мінск, 1990). Плённай стала праца з рэжысёрам-дакументалістам М. Жданоўскім. З ім быў зняты фільм “Цавэд танэм. Арменія. Фрагменты трагедыі” (1989) пра землетрасенне ў Спітаку і Ленінакане. Убачанае ў Арменіі стала для Ю. Гарулёва момантам філасофскага асэнсавання сутнасці абранай прафесіі, яе жорсткасці, часам трагічнасці, але і высакароднасці, нават адказнасці за тое, што нясе і дае фільм гледачам.
З 1990 г. пачаў сам здымаць фільмы. Прыход у рэжысуру быў невыпадковым і рыхтаваўся ўсёй папярэдняй творчасцю, жыццёвым вопытам. Сярод рэжысёрскіх работ вылучаюцца фільмы “Выпадак з практыкі” (1990; прыз кінафестывалю “Кінакалядкі”, Мінск, 1991 і Першы прыз кінафестывалю “Лятавец”, Полацк, 2001), “Дзеці кавалера Джамбатысты Піранезі” (1995), “Засталася душа яго тут” (1997), “Філасофскае аддзяленне” (2001), “Помнік” (2003; дыплом Міжнароднага кінафестывалю “Залаты Віцязь”, Іркуцк, Расія і дыплом І Міжнароднага кінафестывалю ваенна-патрыятычнага фільма імя С. Ф. Бандарчука “Валакаламскі рубеж”, Расія, 2004), “Выпуск напярэдадні вайны” (2004), “Маленькі остарбайтар” (2005), “Мелодыі бярозаўскай гуты” (2007), “Фатограф Ульяна” і “Глыбокае” (2009), “Летапіс у промнях святла” (2011).
Асобае месца ў творчасці Ю. Гарулёва займае тэма рэлігіі, духоўнасці і веры. Яна раскрываецца ў фільмах “Іконы Беларусі” (1993), “Усемагутны Божа” і “Арганы Беларусі” (1995), “Дотык” (1996). У 1997 г. рэжысёр заснаваў уласную кінастудыю “Стопкадр”, дзе пачаў здымаць толькі кінастужкі на рэлігійную тэматыку. Яго першы фільм, зроблены там, – “Mater Misericordiae” (“Маці Міласэрная”, 1997) – прысвечаны жыццю і дзейнасці кардынала Казіміра Свёнтка; наступны – “Малітва” (1998) – атрымаў Гран-пры фестывалю “Непакалянаў-98” у Польшчы. У апошнім з іх распавядаецца пра адраджэнне каталіцкага касцёла ў Тамбове. Кінастужка “Вяртанне” (1999) знаёміць гледачоў з гісторыяй Мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі (вернуты вернікам у 1993 г.). У студыі “Стопкадр” здымаліся таксама часопісы відэаальманаха “Вызнанне веры” пра лёсы многіх святароў і вернікаў.
Юрый Гарулёў не толькі рэжысёр-аператар дакументальных фільмаў. Ён з’яўляецца арганізатарам і нязменным старшынёй Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat” (у 2014 г. адзначыць сваё 10-годдзе), а таксама прэзідэнтам Беларускага філіяла Сусветнай каталіцкай Асацыяцыі для камунікацый “Signis”. За плённую рэжысёрскую, аператарскую і грамадскую дзейнасць узнагароджаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2005).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.