Дата пачатку: 26.02.1932 Мінск, г.
Кароткая даведка: газета творчай інтэлігенцыі Беларусі, уладальнік ордэна Дружбы народаў (1982)
Скарочаныя назвы: ЛіМ
26 лютага 1932 г. убачыў свет першы нумар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” (“ЛіМ”) – спецыялізаванага выдання, на старонках якога асвятляюцца літаратурнае, культурнае і грамадска-палітычнае жыццё Беларусі, друкуюцца ўрыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы і апавяданні класікаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў. На працягу 80 гадоў штотыднёвік рэгулярна публікуе матэрыялы па гісторыі літаратуры, тэтра, кіно, знаёміць з важнейшымі падзеямі культурнага жыцця Беларусі і свету, вядзе гутарку па праблемных пытаннях галіны.
“ЛіМ” заўсёды сябраваў з пісьменнікамі: спачатку з’яўляўся органам Федэрацыі аб’яднанняў савецкіх пісьменнікаў БССР, быў органам Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР і Галоўмастацтва БССР, пазней належаў праўленню Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР і Міністэрства культуры БССР. Сёння заснавальнікамі выдання з’яўляюцца: Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Розныя этапы гісторыі краіны знаходзілі сваё адлюстраванне на старонках газеты. У 1930-я – пачатку 1950-х гг. на старонках “Літаратуры і мастацтва” друкаваліся матэрыялы, якія асвятлялі падзеі культурнага жыцця таго часу. Значнае месца займалі артыкулы, прысвечаныя праблемам дараматургіі, прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва, з абмеркаваннем прафесійных задач на старонках газеты выступалі беларускія пісьменнікі, літаратуразнаўцы, філосафы, драматургі, артысты і рэжысёры, друкаваліся фотапартрэты тэатральных дзеячаў і драматургаў, нарысы аб іх творчасці. У той час у ацэнцы і аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход: барацьба за бальшавіцкую партыйнасць і сацыялістычны рэалізм лічыліся важнейшымі за мастацкую каштоўнасць твора. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х гг.
З канца 1950-х і да пачатку 1980-х гг. у “ЛіМе” публікаваліся матэрыялы, прысвечаныя тэарэтычнай і мастацка-практычнай фалькларыстыцы: нарысы аб жыцці і дзейнасці даследчыкаў вусна-паэтычнай народнай творчасці І. Сербава, Г. Цітовіча, А. Сержпутоўскага, Я. Карловіча, М. Нікіфароўскага, артыкулы “Невычэрпная спадчына” У. Дубоўкі, “Батлейка” С. Міско і інш. Тэатральныя крытыкі таго часу А. Сабалеўскі, У. Стальмашонак, Ю. Сохар шмат увагі надавалі эстэтычнаму аналізу жыцця тэатра, са старонак газеты гаварылі аб прапагандзе яго традыцый і планах на будучыню.
З сярэдзіны 1980-х да пачатку 1990-х гг. “Літаратура і мастацтва” заставалася трыбунай аператыўнай крытыкі і публіцыстыкі, асвятлення культурнага жыцця краіны, прапаганды творчасці беларускіх творцаў. Пашырыўся жанравы дыяпазон крытыкі: поруч з рэцэнзіяй, нататкам, інфармацыяй друкаваліся інтэрв’ю і гутаркі з тэатральнымі дзеячамі, фотарэпартажы, партрэты. У гэты час газета змяшчала матэрыялы, якія арыентавалі на захаванне нацыянальнай і рэгіянальнай самабытнасці, адлюстроўвала развіццё розных плыней і метадаў беларускай фалькларыстыкі. У 1982 г. газета “Літаратура і мастацтва” была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў.
З атрыманнем незалежнасці “Літаратура і мастацтва” стала трыбунай зацікаўленай гаворкі крытыкаў і дзеячаў мастацтва пра перспектывы развіцця тэатра, яго сацыяльна-эканамічныя праблемы і творчую перабудову ў сугучнасці з новым жыццёвымі рэаліямі. Даследаванню сучаснага беларускага драматычнага, опернага, балетнага і музычнага тэатра былі прысвечаны аналітычныя артыкулы, эсэ і нататкі Г. Гарэлавй, Л. Турбіной, Д. Меражкоўскага, Т. Гаробчанкі і інш. Упершыню на старонках газеты былі апублікаваны матэрыялы пра рэпрэсіі 1930-х гг., адбылося абмеркаванне стану і лёсу нацыянальнай мовы. Выданне вярнула з небыцця імёны А. Гаруна, Н. Арсенневай, М. Сяднёва, Ю. Віцьбіча, У. Глыбіннага і інш., адбылося асэнсаванне жыццёвага і творчага шляху беларускіх нацыянальных дзеячаў В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, М. Доўнар-Запольскага, І. Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А. Бурбіса, П. Бадуновай, Ф. Аляхновіча, шмат увагі надавалася вывучэнню гісторыі выяўленчага мастацтва і музыкі, друкаваліся матэрыялы даследаванняў, прысвечаныя жыццю і творчасці М. Шагала, У. Стрэмінскага, Н. Орды, А. Абрамовіча, Ф. Міладоўскага, В. Казлоўскага.
“ЛіМ” – своеасаблівая творчая лабараторыя, праз якую прайшлі амаль усе беларускія празаікі, паэты, крытыкі. За гады свайго існавання газета выправіла ў літаратуру многіх таленавітых паэтаў і пісьменнікаў, на яе старонках упершыню былі апублікаваны многія творы Я. Купалы, Я. Коласа, К.Чорнага, К. Крапівы, П. Броўкі, А. Куляшова, М. Танка, І. Мележа, В. Быкава, П. Панчанкі, І. Шамякіна, Я. Брыля, А. Макаёнка, І. Чыгрынава, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, Б. Сачанкі, І. Пташнікава, Я. Сіпакова, Я. Янішчыц, А. Пісьмянкова і многіх іншых.
Сёння штотыднёвік з’яўляецца летапісам творчасці і культурнага жыцця Беларусі, аўтарытэтнай школай айчыннага прыгожага пісьменства. Над стварэннем “Літаратуры і мастацтва” працуюць аддзелы публіцыстыкі, крытыкі і бібліяграфіі, прозы і паэзіі, мастацтва, навін. З ліпеня 2010 г. пачалася рэалізацыя сумеснага праекта штотыднёвіка “ЛіМ” і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі – “Кніжны свет”, мэтай якога стала асвятленне пытанняў айчыннага і замежнага кнігавыдання і кнігагандлю, знаёмства з новымі кнігамі.
За 80 гадоў у “ЛіМе” змянілася не адно пакаленне таленавітых журналістаў, у склад рэдакцыйнай калегіі ўваходзілі вядомыя пісьменнікі, мастакі, архітэктары, дзеячы тэатральнага і музычнага мастацтва. Галоўнымі рэдактарамі выдання ў розныя гады з’яўляліся: Х. Дунец (1932–1935), І. Гурскі (1935–1941), А. Куляшоў (1945–1946), М. Горцаў (1947–1949), П. Кавалёў (1949–1950), В. Вітка (1951–1957), М. Ткачоў (1957–1959), Я. Шарахоўскі (1959–1961), Н. Пашкевіч (1961–1969), Л. Прокша (1969–1972), Х. Жычка (1972–1976), А. Асіпенка (1976–1980), А. Жук (1980–1986), А. Вярцінскі (1986–1990), М. Гіль (1990–1997), У. Някляеў (1997–1999), А. Пісьмянкоў (1999–2002), В. Шніп (2002–2003), А. Казлоў (2003–2009), А. Карлюкевіч (2009–2011). З 2011 г. газету творчай інтэлігенцыі Беларусі ўзначальвае журналістка і паэтэса Таццяна Сівец.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г., актуалізаваны ў 2013 г.