Нелегальная рэвалюцыйна-дэмакратычная, першая на беларускай мове газета друкавалася лацінкай. Выдавалася ў 1862–1863 гг. на Гродзеншчыне К. Каліноўскім, В. Урублеўскім, Ф. Ражанскім, С. Сангіным у выглядзе лісткоў, мела невялікі фармат і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1–6 (ліпень – снежань 1862 г.), №7, як мяркуюць даследчыкі, надрукаваны ў Вільні (чэрвень 1863 г.). Кожны нумар пачынаўся зваротам “Дзецюкі” і заканчваўся подпісам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Нарадзіўшыся на Гродзеншчыне, газета ў кароткі час абышла амаль усю Беларусь, пранікла ў Літву, Латвію, Польшчу. Яе заўважыў А. Герцэн. У выглядзе перадруку яна з’явілася ў Лондане.
Усе нумары прасякнуты важнейшым пытаннем эпохі – пытаннем зямлі і волі, пафасам барацьбы за свабоду. У пачатку ліпеня 1862 г. выйшаў у свет першы нумар газеты. У ім – вострая крытыка маніфеста 19 лютага 1861 г., паказ сувязі цара з панамі, заклік да аб’яднання сялян у барацьбе за зямлю і волю: “…мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!”. У другім нумары даводзіцца, “што мужыкі панскія і казённыя не павінны плаціць ані чыншу паном ані аброку ў казну за зямлю”, але павінны падтрымаць вызваленчую вайну супраць царызму. У трэцім нумары, выкрываючы грабежніцкі характар cялянскай рэформы 1861 г., адзначалася: “…нам не маніхвестаў, а вольнасці патрэба – і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо”. У чацвёртым нумары давалася паняцце аб дзяржаве і яе механізме, крытыкаваліся царскія суды і школа, зроблены вывад, “што глум, здзерства і несправядлівасць выходзіць ад самога цара”. У пятым нумары дадзена крытыка царскай рэкрутчыны. У шостым нумары выкрывалася палітыка царызму па рэлігійных праблемах: закраналіся пытанні існавання розных канфесій. Больш прыхільна ставілася газета да ўніяцтва, з асуджэннем – да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад. Каля 11 чэрвеня 1863 г. выйшаў у свет сёмы нумар “Мужыцкай праўды”. У ім выкрываўся царскі ўказ ад 1 сакавіка 1863 г., царская рэкрутчына, даводзілася перавага паўстанцкіх дэкрэтаў. Выказвалася думка: “Трэба нашым хлопцам спяшыць з віламі ды з косамі там, дзе дабіваюцца волі і праўды…”.
Сваім зместам, вострай сацыяльнасцю газета прыкметна пераклікаецца з творамі тагачаснай рускай агітацыйнай літаратуры рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Мова “Мужыцкай праўды” глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фальклорнай сімволікай, з трапнымі параўнаннямі. Даследчык гісторыі Беларусі ХІХ ст. Г. Кісялёў у адной з сваіх публікацый па тэме рэвалюцыйнага руху другой паловы ХІХ ст. адзначае, што К. Каліноўскі, як аўтар палымяных пракламацый, “з’яўляецца адным са стваральнікаў беларускай дэмакратычнай публіцыстыкі новага часу. Вялікі знаўца народных гаворак, які тонка адчуваў слова, Каліноўскі ўнёс буйны ўклад у справу стварэння беларускай літаратурнай мовы. Непарушнымі сувязямі змацаваўшы сваё жыццё з жыццём і барацьбой народа, ён здолеў знайсці для сваіх рэвалюцыйных думак даходлівую форму разумнай вольнай размовы з сялянамі – “дзецюкамі”, як ён любоўна называў іх. Гэта была размова роўнага з роўнымі…”.* Ён ахарактарызаваў “Мужыцкую праўду” як “вольнае беларускае слова”, якое “спрыяла пашырэнню кругагляду беларускіх сялян, адкрывала ім вочы на ўвесь шырокі свет і ў папулярнай форме прапагандавала ўлюбёную ідэю Каліноўскага – ідэю беларуска-руска-польскага рэвалюцыйнага саюзу”.**
Газета “Мужыцкая праўда” стаяла каля вытокаў публіцыстычнага жанру новай беларускай літаратуры і па праву лічыцца гістарычным правобразам і прадвесніцай беларускага дэмакратычнага перыядычнага друку ХХ ст.
*Кісялёў, Г. Сейбіты вечнага / Генадзь Кісялёў. – Мінск, 1963. – С. 66.
**Там жа, с. 67.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.