Кароткая даведка:
адзін з буйнейшых батанічных садоў Еўропы, дзяржаўная навуковая ўстанова
Варыянты назвы:
Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Назвы на іншых мовах:
Центральный ботанический сад НАН Беларуси (руская); Центральный ботанический сад Национальной академии наук Беларуси (руская);
Папярэднія назвы:
Цэнтральны батанічны сад АН БССР
4421 сімвал
Даведка
Адной са старэйшых устаноў батанічнага профілю нашай краіны з’яўляецца Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго гісторыя пачалася ў 1932 г., калі Саветам Народных Камісараў БССР была прынята пастанова аб выдзяленні тэрыторыі і зацвярджэнні праекта будаўніцтва. Вялікая роля ў стварэнні сада належыць яго першаму дырэктару – выдатнаму лесаводу і дэндролагу С.П. Мельніку, які ў 1933–1938 гг. займаўся арганізацыяй асваення тэрыторыі, распрацоўкай прынцыпаў і кірункаў дзейнасці, фарміраваннем калектыву. У Мінск былі запрошаны вядучыя батанікі СССР – І.Г. Васількоў, М.П. Тамін, Я.І. Праскуракоў, Б.А. Федчанка і іншыя, якія наладзілі рознабаковую навуковую працу па вывучэнні флоры краіны, выяўленні, гібрыдызацыі і інтрадукцыі карысных для народнай гаспадаркі раслін, даследаванні фотаперыядызму. У гэты ж перыяд пачата работа над шматтомным выданнем «Флора БССР» (т. 1–5, 1949–1959) і фарміраваннем цэнтральнага гербарыя. У выніку актыўнай працы супрацоўнікаў у даваенны перыяд выдадзена некалькі грунтоўных навуковых публікацый, высаджана больш за 190 тыс. раслін, пабудаваны аранжарэі для субтрапічных і трапічных раслін, створаны батанічны музей.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Цэнтральны батанічны сад быў разбураны і спустошаны. Аднаўленне дзейнасці ўстановы адбылося толькі пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 г. Прыводзілася ў парадак тэрыторыя, высаджваліся расліны, быў сфарміраваны новы склад калектыву. У сярэдзіне 1950-х гг. дырэктарам стаў вучоны-батанік М.У. Смольскі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам на працягу наступных 20 гадоў праводзілася шырокамаштабная рэканструкцыя і адбудова сада, аднаўлялася структура навуковых падраздзяленняў, фарміраваліся асноўныя калекцыйныя фонды раслін, развіваўся шэраг навуковых кірункаў. У гэты час вяліся комплексныя даследаванні па праблемах Палесся і рэінтрадукцыі раслін, вывучалася флора рэгіёнаў Беларусі з мэтай стварэння адпаведных заказнікаў і запаведнікаў. У 1957 г. Цэнтральны батанічны сад быў адкрыты для наведвальнікаў.
Наступныя гады сталі перыядам далейшага развіцця ўстановы. Калектыў сада быў значна пашыраны і ўзмоцнены навуковымі кадрамі. У розныя часы свае даследаванні па праблемах інтрадукцыі, аховы біяразнастайнасці і рацыянальнага выкарыстання раслінных рэсурсаў праводзілі тут выдатныя беларускія вучоныя – Ц.М. Годнеў, М.Д. Несцяровіч, Я.А. Сідаровіч, І.Н. Рахцеенка, М.А. Кудзінаў, А.Т. Федарук, У.М. Рашэтнікаў і інш. З 1986 г. Цэнтральны батанічны сад далучыўся да дзяржаўнай праграмы па мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З’явіліся і такія новыя напрамкі дзейнасці, як малекулярная біялогія, індустрыяльная экалогія, фітамеліярацыя, ахова навакольнага асяроддзя, дэкаратыўнае садаводства, ландшафтная архітэктура і інш. У выніку праведзенай работы па рэканструкцыі сад аформлены па батаніка-геаграфічным прынцыпе ў традыцыйным французскім класічным стылі. Алеі, якія разышліся ад цэнтральнага партэра, падзялілі дэндрарый на сектары, прысвечаныя флоры Паўночнай Амерыкі, Сярэдняй Азіі, Далёкага Усходу і Усходняй Азіі, Еўропы і Сібіры, Крыма і Каўказа. Былі створаны ландшафтны парк, сад бесперапыннага цвіцення, альпінарый, экспазіцыя рэдкіх і знікаючых відаў, сірынгарый. Сярод найбольш каштоўных фондаў – калекцыі ліян, дрэвавых, кустовых і кветкава-дэкаратыўных раслін. Шырока прадстаўлена флора Беларусі – ельнікі, дубравы, бярэзнікі, саснякі. У аранжарэях сада знаходзяцца каля 2 тыс. прадстаўнікоў тропікаў і субтропікаў – магноліі, кіпарысы, бананавыя і кававыя дрэвы, пальмы і інш. У 1999 г. рашэннем Урада Рэспублікі Беларусь калекцыям жывых раслін і гербарыю інтрадукаваных раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі нададзены статус навуковага аб’екта, які з’яўляецца нацыянальным здабыткам. Сад аб’яўлены помнікам прыроды рэспубліканскага значэння і помнікам ландшафтнай архітэктуры другой паловы XX ст.
На сучасным этапе Цэнтральны батанічны сад – галоўная ўстанова біялагічнага аддзялення НАН Беларусі, шматпрофільны навуковы, адукацыйны, прыродазберагальны і рэкрэацыйны цэнтр краіны. Ён з’яўляецца адным з буйнейшых батанічных садоў Еўропы (па сваёй плошчы – 153 га, а таксама па складзе сваёй калекцыі – больш за 15 тыс. найменняў). Яго калекцыйныя фонды шырока выкарыстоўваюцца ў вучэбных працэсах пры падрыхтоўцы спецыялістаў біялагічнага і экалагічнага профіляў, садзейнічаюць вывучэнню і зберажэнню генафонду сусветнай флоры.