Дата пачатку: снежань 1922 Мінск, г.
Кароткая даведка: штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс
Папярэднія назвы: "Полымя рэвалюцыі"
Першы нумар літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя» ўбачыў свет у снежні 1922 г. У стварэнні часопіса непасрэдны ўдзел прымалі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны. На працягу дзесяцігоддзяў «Полымя» друкавала празаічныя і паэтычныя творы беларускіх пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусветнай літаратуры – пісьменнікаў іншых краін, артыкулы па пытаннях беларускай літаратуры і мастацтва, гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на новыя кнігі. У розныя гады на старонках часопіса ўпершыню друкавалі свае творы А. Асіпенка, П. Галавач, Ц. Гартны, К. Чорны, народныя пісьменнікі і народныя паэты Беларусі І. Мележ, А. Куляшоў, М. Танк, К. Крапіва, П. Броўка, Р. Барадулін, Я. Брыль, В. Быкаў, І. Шамякін, І. Чыгрынаў, І. Навуменка, а таксама У. Караткевіч, В. Адамчык, Б. Сачанка і шэраг іншых творцаў. Часта друкаваліся пераклады з рускай класічнай і сучаснай савецкай літаратуры: творы Пушкіна, Гогаля, Чэхава, Маякоўскага, Твардоўскага, Ціханава, Пракоф'ева. Часопіс змяшчаў шмат перакладаў твораў украінскіх, грузінскіх, літоўскіх, латышскіх, узбекскіх і іншых пісьменнікаў. «Полымя» – гэта не толькі гісторыя беларускай літаратуры, але адначасова і жыццяпіс творчых узаемасувязей Беларусі з іншымі краінамі. З часопісам цесна супрацоўнічалі літаратары Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі. Літаратуразнаўцы і пісьменнікі лічылі за гонар друкавацца на старонках выдання, бо гэта лічылася прызнаннем іх таленту, сведчаннем майстэрства.
За доўгі час існавання «Полымя» рэдагавалі вядомыя творцы: Ц. Гартны, А. Сянкевіч, М. Зарэцкі, Я. Купала, М. Лынькоў, М. Танк, К. Кірэенка, С. Законнікаў. Спачатку часопіс выдаваўся Беларускім кааператыўным выдавецкім таварыствам «Савецкая Беларусь», з 1924 г. – Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі, з 1932 г. часопіс «Полымя» – орган Арганізацыйнага камітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, з 1934 г. – орган праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР. Сёння заснавальнікамі выдання з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і Мастацтва»; галоўным рэдактарам з’яўляецца М.М. Мятліцкі.
Жыццё часопіса можна смела падзяліць на некалькі перыядаў, кожны з якіх меў свае адметныя рысы і ва ўзаемаадносінах з літаратурным працэсам, і ва ўзаемадзеянні з пісьменнікамі. З 1922 па 1932 гг. часопісам кіравала рэдакцыйная калегія, у склад якой уваходзілі Ц. Гартны, З. Бядуля, У. Ігнатоўскі. У першай палове 1920-х гг. «Полымя» друкавала артыкулы З. Жылуновіча, А. Харэвіча, нацыянальна-асветніцкія нарысы У. Ігнатоўскага, С. Кацэнбогена, І. Цвікевіча і інш. У другой палове 1920-х гг. на старонках часопіса з'яўляюцца артыкулы па роднай гісторыі В. Дружчыца, С. Барысёнка, Д. Васілеўскага, А. Цвікевіча і інш. У перыяд з 1932 па 1941 гг. часопіс меў назву «Полымя рэвалюцыі». У 1933 г. пасаду галоўнага рэдактара выдання заняў М. Лынькоў. На час яго кіраўніцтва прыйшліся нялёгкія выпрабаванні: выданне не абмінулі рэпрэсіі 1930-х гг., калі на яго старонках разгарнулася вульгарна-сацыялагічная крытыка, якая, па сутнасці, і забрала жыццё многіх таленавітых і сумленных беларускіх пісьменнікаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны выданне часопіса было прыпынена на тры з паловай гады – і супрацоўнікі рэдакцыйнай калегіі, і аўтары паўсталі на барацьбу з ворагам. Пасля 1945 г. «Полымя» ўзначаліў вядомы паэт і грамадскі дзеяч П. Броўка. Беларуская літаратура, якая гартавалася ў полымі Вялікай Айчыннай, набывала свой адметны голас, папаўнялася новымі імёнамі творцаў – учарашніх франтавікоў і партызан. Выразна акрэсліліся ўсе літаратурныя жанры. Адзін за адным з’яўляліся ў свет раманы І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. На старонках часопіса вяліся сур’ёзныя дыскусіі аб форме, змесце і мастацкіх магчымасцях раманнага жанру.
У канцы 1950-х гг. галоўным рэдактарам часопіса стаў народны паэт Беларусі М. Танк. Менавіта ў гэты перыяд «Полымя» набыло сучаснае аблічча і на працягу дваццаці гадоў з'яўлялася аўтарытэтнай трыбунай беларускай літаратурнай і грамадскай думкі. У сярэдзіне 1970-х гг. у часопісе зменшылася колькасць артыкулаў, нарысаў і рэцэнзій на творы гістарычнай літаратуры і мастацкай культуры, перавага надавалася творам мастацкай літаратуры. З другой паловы 1980-х гг. «Полымя» друкуе матэрыялы рознай гістарычнай тэматыкі: творы В. Быкава, А. Лойкі, А. Петрашкевіча і інш. Чытачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творамі Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, А. Гаруна, М. Гарэцкага, Л. Геніюш, П. Мядзёлкі, С. Пільштынавай (Русецкай), А. Смоліча, Я. Бяганскай і інш. Старонкам гісторыі прысвечаны працы літаратараў, навукоўцаў і даследчыкаў: Я. Юхо, У. Казберука, Г. Сагановіча і інш. У 1990-я гг. у часопісе былі надрукаваны «Магілёўская хроніка» Т. Сурты і Ю. Трубніцкага, «Хроніка Быхаўца», «Дыярыуш» П. Абуховіча, «Запіскі і дыярыуш Яна Пачобута-Адляніцкага», творы пісьменнікаў беларускага замежжа.
У розныя часы «Полымя» апявала свабоду і незалежнасць Беларусі, раздзімала полымя рэвалюцыі, заклікала да калектывізацыі, звярала сваю лінію з лініяй партыі, але адно заставалася нязменным: вернасць часопіса роднаму слову, матчынай мове, жаданне працаваць на карысць народу і краіны.
Сёння рэдакцыя часопіса застаецца вернай сваім лепшым традыцыям. Адметнымі рубрыкамі часопіса сталі «Постаці», «Старонкі лёсу», «Наш край», «Са спадчыны», «Навуковыя публікацыі», «Культура мовы», «Наша гісторыя», дзе падаюцца матэрыялы пра жыццё Бацькаўшчыны, сучасныя праблемы культуры, гісторыі, мовазнаўства і літаратуразнаўства. Аўтарамі выдання з’яўляюцца прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. На яго старонках дэбютуюць і маладыя аўтары – паэты, празаікі, драматургі, крытыкі і літаратуразнаўцы. Старэйшае нацыянальнае літаратурна-мастацкае выданне – флагман беларускай літаратуры, узор грамадска-палітычнай, навуковай, крытычнай і літаратуразнаўчай думкі, літаратурнай мовы. У часопісе арганічна спалучаюцца інфарматыўнасць, публіцыстычнасць з грунтоўным, прафесійным аналізам не толькі літаратурнага, але і палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага жыцця Беларусі ў рэтраспекцыі і перспектыве, у суадносінах да еўрапейскага і сусветнага вопыту.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.