Дата пачатку: 1947 Гродна, г.
Кароткая даведка: установа культуры, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя народнага артыста СССР Кірыла Лаўрова (Расія, 2012)
Назвы на іншых мовах: Гродненский областной драматический театр (руская);
Адной са значных тэатральна-відовішчных устаноў Беларусі з’яўляецца Гродзенскі абласны драматычны тэатр, творчыя дасягненні якога спрыяюць развіццю нацыянальнай культуры і сучаснага тэатральнага мастацтва.
Створаны ён у 1947 г. на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. Першы тэатральны сезон адкрыўся 20 кастрычніка 1947 г. спектаклем «Праўда добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага. У пачатку свайго існавання калектыў працаваў у былым памяшканні тэатра А. Тызенгаўза. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы савецкіх драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. Значны ўклад у развіццё тэатра зрабіў яго заснавальнік і першы мастацкі кіраўнік, рэжысёр, заслужаны артыст Беларусі М. Кавязін. Яго пастаноўкі спрыялі фарміраванню творчых традыцый і выканальніцкай культуры. Сярод іх – «Вялікая сіла» Б. Рамашова, «Жылі тры сябры» А. Успенскага, «На дне» М. Горкага і інш. З 1950-х гг. у рэпертуар увайшлі творы беларускіх драматургаў. Яркасцю і дасканаласцю акцёрскай працы, запамінальнасцю мастацкіх вобразаў, цікавасцю стылявых рашэнняў, гарманічнасцю характараў герояў вызначаліся спектаклі «Калі зацвітаюць сады» В. Палескага, «Пяюць жаваранкі» К. Крапівы, «Гэта было ў Мінску» А. Кучара. Сапраўдным дасягненнем сталі пастаноўкі па творах рускіх і замежных аўтараў: «Іспанцы» М. Лермантава, «Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана, «Дрэвы паміраюць стоячы» А. Касоны, «Апошні прыпынак» Э.М. Рэмарка, «Каменны валадар» Л. Украінкі, «Дачнікі» М. Горкага, «Тры сястры» А. Чэхава і інш. У 1960–1970-я гг. былі пастаўлены спектаклі «Порт-Артур» паводле А. Сцяпанава, «Дачка Расіі» П. Чараднічэнкі, «Паміж ліўнямі» і «Акіян» А. Штэйна, «Амністыя» М. Матукоўскага, «Адкуль грэх?» А. Петрашкевіча, «Трыбунал» А. Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П. Пестрака, «Сустрэнемся на барыкадах» і «Апошні шанц» В. Быкава і інш. Высокім мастацкім узроўнем і адметнай акцёрскай работай вызначаліся пастаноўкі класічных твораў: «Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра, «Варвары» М. Горкага, «Навальніца» А. Астроўскага і інш. Плённым перыядам у дзейнасці тэатра была другая палова 1970-х гг., калі яго ўзначаліў акцёр і рэжысёр У. Караткевіч. Дзякуючы яму павысілася пастановачная культура спектакляў, іх яркасць і святочнасць, выразнасць формы, дасканаласць стылявых асаблівасцей, эмацыянальнасць выканання, пашырыліся жанры і тэматыка рэпертуару. Сярод спектакляў – «Тэмп-1929» паводле п’ес М. Пагодзіна, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага, «Беспасажніца» А. Астроўскага, «Мілы чалавек» К. Крапівы, «Камуніст» паводле Я. Габрыловіча, «Францыск Скарына» («Напісанае застаецца») А. Петрашкевіча, «Зыкавы» М. Горкага. Мелі поспех «Правінцыяльныя анекдоты» А. Вампілава, «Паўлінка» Я. Купалы, «Несцерка» В. Вольскага і інш. У 1980-я гг. у рэпертуары пераважалі творы маральна-этычнай праблематыкі: «Стары» М. Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б. Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У. Набокава) Э. Олбі і інш. Вялікую цікавасць выклікалі спектаклі «Князь Навагрудскі» Л. Пракопчыка і Д. Кальчанкі, «Прарок» паводле паэзіі Я. Купалы, «Вечар» А. Дударава і інш. Пастаноўкам уласцівы псіхалагізм, ансамблевасць выканання, імправізацыя, эксперыментальнасць, пошук новых сцэнічных форм. У сакавіку 1984 г. трупа пераехала ў новы будынак і прадставіла спектакль «Вечна жывыя» па п’есе В. Розава. У 1990-я гг. у тэатры ставіліся творы замежных аўтараў, пераважна камедыі. Для спектакляў былі характэрны глыбокая філасафічнасць, эстэтыка, яркая пластычнасць форм, гумарыстычнасць, іронія, цікавасць да тэмы чалавечых каштоўнасцей. Сярод іх – «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І. Губача, «Дацкая гісторыя» А. Шапіры, «Дарагая Памэла» Дж. Патрыка, «Здурнелы Журдэн» М. Булгакава, «Салемскія ведзьмы» А. Мілера, «Нора» Г. Ібсена і інш.
У пачатку 2000-х гг. спектаклям былі ўласцівы дасканалая сцэнічная культура і творчая эстэтыка. Рэпертуар тэатра ўзбагаціўся такімі пастаноўкамі, як «Сымон-музыка» Я. Коласа, «Рок-канцэрт з Рыгорам Горыным» па матывах твораў Р. Горына, «Хлопчык і Маргарыта» І. Смірнова-Охціна, «Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Я. Купалы, «Тарас на Парнасе» С. Кавалёва, «Палёт над зязюліным гняздом» Д. Васэрмана, «Графіня Шардэн» па матывах твора К. Хігінса «Гарольд і Мод». Прываблівалі ўвагу гледачоў спектаклі сучасных беларускіх драматургаў: «Рагнеда і Уладзімір» і «Чорная панна» па п’есах А. Дударава, «Сабакі» А. Палешчанкавай, «Навука кахання» С. Кавалёва, «П’емонцкі звер» А. Курэйчыка. У сучасны рэпертуар увайшлі пастаноўкі «Грошы як дождж» С. Цьеры, «Час і сям’я» Дж. Б. Прыстлі, «451 па Фарэнгейту» Р. Брэдберы і інш. У 2011 г. за дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва і ўклад у развіццё нацыянальнай культуры тэатру было прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».
Гродзенскі абласны драматычны тэатр з’яўляецца высокапрафесійным культурным цэнтрам, карыстаецца вялікай павагай і любоўю гледачоў, прываблівае шмат талентаў, акцёрскае майстэрства якіх спрыяе паспяховаму вырашэнню складаных творчых задач, захаванню традыцый, пошуку новых сцэнічных форм. Калектыў тэатра знаёміць з творчымі дасягненнямі айчыннай і сусветнай тэатральнай культуры, разнастайнай драматургіяй. Значны ўклад у развіццё тэатра зрабілі народныя артысты Беларусі Г. Дубаў, Я. Кімберг, Ю. Сідараў, заслужаныя артысты Беларусі С. Аляксандраў, З. Асмалоўская, А. Бірычэўскі, Л. Дзяменцьева, У. Мішчанчук, Г. Панкрат, П. Філіпаў, заслужаныя артысты Расіі А. Лявонаў, Н. Меліхава, Л. Рудой і інш. Тэатр гастраліруе па рэспубліцы і за яе межамі, прымае ўдзел у міжнародных тэатральных фестывалях і конкурсах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.