Кароткая даведка:
вышэйшая навучальная ўстанова, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2021)
Скарочаныя назвы:
ГДАУ
Назвы на іншых мовах:
Grodno State Agrarian University (англійская); Grodnonyň döwlet agrar uniwersiteti (туркменская); Universidad Estatal Agraria de Grodno (іспанская); Гродненский государственный аграрный университет (руская);
Папярэднія назвы:
Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут
3531 сімвал
Даведка
Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт з’яўляецца галоўным адукацыйным цэнтрам у галіне падрыхтоўкі прафесійных кадраў для аграпрамысловага комплексу краіны. Ён быў заснаваны згодна з Пастановай Савета Міністраў СССР ад 17 студзеня 1951 г. як сельскагаспадарчы інстытут. Першым рэктарам быў прызначаны вучоны-эканаміст Іван Міхайлавіч Качура. Першапачаткова ў структуры навучальнай установы функцыянавалі агранамічны і заатэхнічны факультэты, на якіх працавалі 24 выкладчыкі. У якасці вучэбна-доследнай гаспадаркі інстытута выкарыстоўваўся саўгас «Станіславава». У 1962 г. быў адкрыты факультэт аховы раслін, у 1992 г. пачала дзейнічаць аспірантура. У 2000 г. інстытут атрымаў сучасную назву і стаў універсітэтам. У 2005 г. пачалася падрыхтоўка навуковых кадраў у дактарантуры.
Цяпер адукацыйны працэс у Гродзенскім дзяржаўным аграрным ўніверсітэце ажыццяўляецца на факультэтах: агранамічным, ветэрынарнай медыцыны, біятэхналагічным, інжынерна-тэхналагічным, эканамічным, бухгалтарскага ўліку, даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы. Ва ўніверсітэце працуюць навукова-даследчыя лабараторыі, ветэрынарная клініка UniВетЭксперт, Вышэйшая школа кіравання, доследнае поле, цэнтр навуковага пчалярства, стадыён, база адпачынку, спартыўны клуб, музей гісторыі ўніверсітэта. Ва ўстанове створаны навуковыя школы па кармленні сельскагаспадарчых жывёл і тэхналогіі кармоў, паталогіі, анкалогіі і марфалогіі жывёл, біятэхналогіі і ўзнаўленні сельскагаспадарчых жывёл, развядзенні і генетыцы сельскагаспадарчых жывёл, селекцыі і насенняводству, біяхіміі. Асноўныя кірункі навуковых даследаванняў: развіццё экалагічна бяспечных тэхналогій раслінаводства і жывёлагадоўлі; селекцыя новых гатункаў раслін і парод сельскагаспадарчых жывёл; распрацоўка тэхналогій вырошчвання лекавых раслін; вывучэнне фізіялагічных і біяхімічных працэсаў жыццядзейнасці раслін і жывёл; стварэнне новых відаў мінеральных угнаенняў і абгрунтаванне спосабаў іх выкарыстання; распрацоўка тэхналогіі стымуляцыі росту раслін; стварэнне сродкаў для кансервавання кармоў і кармавых дабавак; распрацоўка метадаў паскарэння пародаўтваральнага працэсу і рэпрадукцыі жывёл; стварэнне новых ветэрынарных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў; распрацоўка сістэмы маніторынгу жывёлагадоўлі; укараненне мадэлі рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў; павышэнне эфектыўнасці вучэбнага працэсу.
З 2003 г. Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам выдаецца зборнік навуковых прац «Сельское хозяйство – проблемы и перспективы». Развіваюцца навуковыя сувязі з замежнымі партнёрамі ‒ акадэмічны абмен супрацоўнікамі і студэнтамі, удзел у рэалізацыі міжнародных адукацыйных і навуковых праектаў, навучанне замежных студэнтаў. Будучыя спецыялісты праходзяць вытворчую практыку ў лепшых гаспадарках рэспублікі.
У вольны ад заняткаў час студэнтаў запрашаюць аматарскія творчыя калектывы і аб’яднанні па інтарэсах: студыя эстраднай песні «Art-sound», студыя «Вядучы праграм», студыя сучаснага танца «A-life», харэаграфічная група «Concept», тэатр моды «Мілада», літаратурна-музычная гасціная «Святліца», валанцёрскі клуб «Крыніцы дабрыні» і інш.
Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта паспяхова працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у навукова-даследчых інстытутах Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, органах дзяржаўнага кіравання.
З 2023 г. рэктарам універсітэта з’яўляецца вучоны ў галіне генетыкі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Валянцін Валянцінавіч Пяшко.