Рашэнне аб неабходнасці ўзвядзення ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасці электрашчытоў кіравання было прынята яшчэ ў 1950 г., будаўніцтва пачата ў 1953 г., а першыя трансфарматары новаствораным Мінскім дзяржаўным саюзным электратэхнічным заводам былі выпушчаны ў 1956 г. У далейшым завод пачаў распрацоўку ўласных камплектных трансфарматарных падстанцый і выпуск шматмэтавых трансфарматараў. Да 1964 г. выпусцілі 100 тыс. трансфарматараў. Прадукцыя пачала экспартавацца на Кубу, у Камбоджу, Судан, Бірму, Афганістан, Самалі, В’етнам. У 1967 г. па выніках працы прадпрыемству прысвоена імя дзяржаўнага дзеяча Беларусі В. І. Казлова, прадукцыя завода ў 1968 г. адзначана залатым медалём ВДНГ СССР.
У наступныя гады вытворчасць развівалася і ўдасканальвалася. Былі ўведзены ў эксплуатацыю аўтаматы для нарэзкі разьбы на дэталях, канвееры, грузапад’ёмныя прылады, прэсы, лініі раскрою трансфарматарнай сталі і інш. Прадукцыя пастаўлялася на атамныя, цеплавыя і гідраэлектрастанцыі, прадпрыемствы хімічнай, нафтагазавай, цэлюлознай прамысловасці, чорнай і каляровай металургіі. Яе заўважылі на рынках Заходняй Еўропы: на Міжнародным Лейпцыгскім кірмашы за трансфарматары малой магутнасці серыі ТБС-3 завод у 1973 г. атрымаў Вялікі залаты медаль. Па выніках працы прадпрыемства ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны” (1976).
На сучасным этапе развіцця адкрытае акцыянернае таварыства “Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова” – адзін з сусветных лідараў у галіне вытворчасці сілавых размеркавальных трансфарматараў і электрашчытавых прылад. На ім планамерна праводзіцца мадэрнізацыя абсталявання і ўкараненне новых тэхналогій. У 2021 г. тут быў выпушчаны 2-х мільённы трансфарматар. Завод з’яўляецца пераможцам конкурсаў “Лепшы экспарцёр”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, “Лепшае электраабсталяванне”, “Энергапартнёр”, лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2001, 2004, 2007, 2012, 2022). З 2014 г. ААТ Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова” – кіруючая кампанія аднайменнага холдынга, у склад якога таксама ўваходзяць Лідскі завод электравырабаў, Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання, Астравецкі завод “Радыёдэталь”, Завод сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), прадпрыемствы “Ратон” (Гомель), “Віцаўтаматыка” (Віцебск), “Спецаўтаматыка” (Брэст), “Спецпрамаўтаматыка” (Гомель), “Спецмантажаўтаматыка” (Мінск).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.